Афіцыйны сайт
11 красавіка 2017

У музеі-сядзібе Агінскага ў Залессі распачалася выстава мастака Аляксандра Грышкевіча

У аранжарэі музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага распачалася выстава слыннага беларускага мастака Аляксандра Грышкевіча. Наведаць выставу і пабачыць выдатныя творы можна да канца красавіка. 

Ураджэнец Маладзечна Аляксандр Грышкевіч у свой час закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, аддзяленне станковай графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-матацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Ён – удзельнік шматлікіх выстаў, з 1996 года - сябра Беларускага саюза мастакоў. 

Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Рэспублікі Беларусь, фондах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у карцінных галерэях Беларусі, Расіі, Польшчы і прыватных калекцыях. Майстар узнагароджаны Дыпломам І ступені рэспубліканскага конкурсу на лепшую мастацкую паштоўку і конкурса “Мастацтва кнігі”, прызам глядацкіх сімпатый ІІІ Беларускага біенале жывапісу, графікі і скульптуры.

Вернісаж у галерэі палаца М. К. Агінскага налічвае 30 карцін, якія мастак ствараў на працягу многіх гадоў. Для выставы майстар выбраў камерныя работы, яны сугучны з першым вядомым пейзажам Залесся (Альбрэхта Адама 1812 г.) і працягваюць лінію ад рукі Леанарда Ходзькі. Мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская так выказалася пра творчасць А. Грышкевіча: “Космас яго жывапісу паміж эцюдамі і карцінамі. І ён выбірае ў гэтых карцінах самае лепшае. Карціна выключае момант выпадку, а эцюд захоўвае свежасць успрымання краявіду”. 

be086244e58ddaf6c9272c57f8ec8fce.jpg
Смаргонская раённая газета "Светлы шлях"