Галоўная / Аб раёне / Гісторыя

Гісторыя

Гісторыя Зэльвенскага раёна пачынаецца з XIII стагоддзя

Іпацьеўскі летапіс сведчыць, што на месцы сённяшняга пасёлка Зэльва паселішча ўжо існавала ў 1258 годзе. Месцам для паселішча паслужыла гара, якая ўзвышаецца над мясцовасцю на ўзроўні 20-25 метраў. Першыя пісьмовыя звесткі аб Зэльве адносяцца да 1470 г., калі Міхаіл Начовіч заклаў у сяле Вялікая Зэльва касцёл.

У перыяд феадальнай раздробненасці Русі Зэльва належала Галіцка-Валынскаму княству, у канцы ХШ стагоддзя маёнтак быў у валоданні Вялікага княства Літоўскага. Зэльва часта пераходзіла ад аднаго магната да другога.

У першай палове XVII стагоддзя яе ўладальнікамі сталі Сапегі. Менавіта з дзейнасцю гэтых князёў звязаны росквіт Зэльвы. У 1720 г. атрымана права на таргі і кірмашы. З другой паловы XVIII стагоддзя Зэльвенскікірмаш стаў адным з найбуйнейшых у Вялікім княстве Літоўскім, дзе гандлявалі пераважна коньмі. З цягам часу асартымент тавараў пашыраўся. Купцы прыязджалі з далёкіх краін: Украіны, расійскіх губерняў, Польскага царства, Швецыі, Даніі, Італіі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі і іншых дзяржаў. У апошнія гады традыцыі правядзення Ганненскага кірмашу адноўлены.

 Акрамя Ганненскіх кірмашоў развіццю Зэльвы таксама спрыяла яе ўдалае геаграфічнае месцазнаходжанне. Яна знаходзілася на важным гандлёвым шляху МінскСлонім – ВаўкавыскГроднаБеласток. Акрамя таго, рака Зальвянка была ў свой час суднаходным прытокам Нёмана і пераўтварыла мястэчка ў вядомы рачны порт.

Зэльвенская зямля неаднойчы станавілася арэнай сутыкнення варожых  бакоў, полем дзеяння паўстанцаў.

         У 1794 годзе зэльвенцы з'яўляліся ўдзельнікамі і сведкамі паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі. У 1812 годзе землі Зэльвеншчыны сталі арэнай Айчыннай вайны. У вёсцы Дзярэчын на могілках захаваўся помнік Герою Айчыннай вайны 1812 г. генералу Ермалаю Ермалаевічу Гамперу.

У 1886 годзе адкрыта станцыя Зэльва на ўчастку чыгункі Баранавічы – Беласток. Працавала пошта.

ПачатакXX стагоддзя адзначаны рэвалюцыйнымі дзеяннямі. Працоўныя Зэльвеншчыны прымалі ўдзел у сацыял-дэмакратычным руху 1905 – 1907 гг. У гады Першай сусветнай вайны з 1915 па 1918 гг. тэрыторыя Зэльвы знаходзілася пад акупацыяй Германіі. У канцы 1918 года была вызвалена Чырвонай Арміяй.

Па Рыжскай дамове з 18 сакавіка 1921 года па 17 верасня 1939 года Зэльвеншчына ўваходзіла ў склад Польшчы.

У 1940 годзе быў створаны Зэльвенскі раён, а гарадскі пасёлак Зэльва стаў раённым цэнтрам.

Вялікая Айчынная вайна, якая пачалася ў 1941 годзе, перапыніла стваральную працу жыхароў раёна. З першых дзён вайны на тэрыторыі Зэльвеншчыны ішлі  баі з фашыстамі. Жыхары аказалі супраціўленне ворагу. Першая партызанская група з'явілася ў сакавіку 1942 года. У Ліпічанскай пушчы дзейнічаў атрад Перамога, а з снежня 1943 г. па 12 ліпеня 1944 года – брыгада Перамога пад кіраўніцтвам Булака Паўла Іванавіча, жыхара вёскі Вострава. На яго магіле ўстаноўлены гранітны бюст.

На алтар Перамогі былі пакладзены жыцці каля чатырох тысяч мірных жыхароў. Не вярнуліся дадому з франтоў Вялікай Айчыннай вайны звыш дзевяцісот ураджэнцаў раёна.

Святыняй пасёлка з'яўляецца мемарыял загінуўшым воінам Чырвонай арміі і партызанам. У брацкай магіле пахавана 504 воіна, якія загінулі ў час вызвалення раёна ў ліпені 1944 года.

У г. п. Зэльва на доме, дзе жыў Герой Савецкага Саюза Жданаў Павел Ільіч, устаноўлена мемарыяльная дошка. У 2010 годзе было выяўлена, што ў брацкай магілев. Дзярэчын пахаваны Герой Савецкага Саюза, ураджэнец Казахстана НуржанаўКазбек Бейсенавіч.

Закранула жыхароў Зэльвы і вайна ў Афганістане. На мясцовых могілках у в. Рудзевічы знаходзіцца магіла загінуўшага воіна-інтэрнацыяналіста Ляха Уладзіміра Міхайлавіча, імя якога прысвоена Міжэрыцкай сярэдняй школе. Прапаў без вестак камандзір мотастралковага ўзводу лейтэнант Міхаіл Іванавіч Бабіла, выпускнік Галынкаўскай сярэдняй школы.

Аб багатай гісторыі Зэльвенскай зямлі распавядаюць 54 помніка гісторыі, 12 помнікаў архітэктуры і 11 помнікаў археалогіі, якія захаваліся для нашчадкаў.