Афіцыйны сайт
Адрас райвыканкама:
231940, г.п. Зэльва,
вул. 17 Верасня, 29
Электронная пошта:
z-yprd@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(015-64) -24135
Факс: 8-(015-64)-23024

5 лютага 2019

28 удзельнікаў ваенных падзей у Афганістане пражывае на Зэльвеншчыне

 15 лютага спаўняецца 30 гадоў з таго дня, як апошняя калона савецкіх войскаў пакінула тэрыторыю Афганістана. Гэтая памятная дата сімвалічна ўстаноўлена ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія дастойна выканалі свой воінскі абавязак за межамі роднай краіны. У гэты дзень ветэраны баявых дзеянняў збяруцца разам, каб паціснуць руку таварышам і схіліцца перад подзвігам тых, хто не вярнуўся. Аб тым, як на Зэльвеншчыне адсвяткуюць юбілейную дату, расказаў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Руды.

– Зараз у нашым раёне 30 воінаў-інтэрнацыяналістаў: 28 удзельнікаў ваенных падзей у Афганістане і 2 ўдзельніка ўзброенага канфлікту ў Егіпце.

У час адной з баявых аперацый прапаў без вестак лейтэнант Міхаіл Бабіла, які рашэннем суду Зэльвенскага раёна быў абвешчаны памерлым пры выкананні службовых абавязкаў. На працягу трох дзесяцігоддзяў раённая дэлегацыя, у склад якой уваходзяць і былыя афганцы, наведвае дом, дзе рос і выхоўваўся Міша, сустракаецца з яго маці Аляксандрай Андрэеўнай. І гэты люты не стане выключэннем.

Не вярнуўся з вайны і сяржант Уладзімір Лях. Ён загінуў у баі, ратуючы свайго параненага таварыша. Імя земляка прысвоена Міжэрыцкаму дзіцячамусаду-базавай школе. Збярэмся ва ўстанове адукацыі, каб ушанаваць памяць героя, затым наведаем магілу і ўскладзем кветкі да помніка. У гэтым годзе вучні рыхтуюць гадзіну памяці і некалькі экспазіцый, адна з якіх прысвечана выпускнікам школы, якія прайшлі дарогамі Афгана.

Лічым сваім абавязкам хвілінай маўчання ўшанаваць усіх загінулых падчас афганскай кампаніі. З гэтай мэтай 15 лютага традыцыйна збярэмся ля памятнага знака, усталяванага ля падножжа брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан.

Нам, салдатам Афганскай вайны, многае давялося перажыць, многае вынесці. Але мы жывыя, працуем, маем сем'і, выхавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. На раённым мерапрыемстве, якое адбудзецца 15 лютага, будзе двайная нагода для радасці. Па-першае, падзелімся навінамі за апошні год, па-другое, нас чакае ўрачыстае ўзнагароджанне юбілейным медалём «30 гадоў вываду савецкі войскаў з Афганістана». Многія зельвенцы маюць баявыя ўзнагароды. Да прыкладу, Аляксандр Жук і Уладзімір Пракаповіч ўзнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, Мікалай Якута – медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі», Сяргей Шопік, Барыс Чурыла, Ігар Крукоўскі, Уладзімір Ляута, Віктар Макарэвіч і я, ваш рэспандэнт, – медалём «За баявыя заслугі».

– Аляксандр Аляксандравіч, члены раённай арганізацыі прымаюць удзел у патрыятычным выхаванні моладзі. Якія мерапрыемствы гэтага плана намечаны ў рамках юбілейнай даты?

– Галоўнай мэтай і нашых сустрэч са школьнікамі з'яўляецца выхаванне ў маладога пакалення пачуцця патрыятызму, любові да радзімы, павагі да герояў ваенных падзей. Нішто не можа так уразіць, так пераканаць шанаваць мір і свабоду, любіць сваю малую радзіму, як апавяданні відавочцаў баявых канфліктаў. Таму заўсёды адказваем на прапановы школ і ўстаноў культуры. Напрыклад, Аляксандр Жук прыме ўдзел у круглым стале, які будзе арганізаваны ў СШ №3, затым разам з хлопцамі наведае выставу «Героі Афганістана». Аляксандр Жабанос і Алег Тарасіксустрэнуцца з дзярэчынскімі школьнікамі, Міхаіл Захарка і Ігар Крукоўскі раскажуць аб афганскім шляху цяглевіцкім вучням.

Думаю, карыснымі для старшакласнікаў будуць анлайн-віктарына, арганізаваная цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, а таксама вечар памяці «Афганістан... дні пайшлі ў вечнасць», запланаваная ў раённай бібліятэцы. Нам жа цікава будзе пазнаёміцца з малюнкамі хлопцаў пад назвай «Афганістан вачыма дзяцей».

Вядома, кожны з нас, які прайшоў афганскую вайну, з радасцю прыме віншаванні ад калектываў, у якіх працаваў і працуе, ад грамадскіх арганізацый. Памяць аб выкананым нашымі землякамі інтэрнацыянальным абавязку будзе жыць, пакуль мы будзем памятаць аб кожным героі той вайны.