Афіцыйны сайт

Славутыя жыхары раёна

Знакамітыя жыхары раёна

 
ЖДАНАЎ Павел Ільіч, Герой Савецкага Саюза, нарадзіўся ў 1903 годзе ў г. Слонім у сям’і сялян. П.І. Жданаў быў старшынёй калгаса імя Я.Коласа Зэльвенскага раёна (былы СВК “Залацеева”), адкуль пайшоў на заслужаны адпачынак. 2 ліпеня 2004 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме № 10 па вуліцы Перамогі, дзе ён жыў з 1980 па 1986 гады. 

ЖАМОЙЦІН Аляксандр Адольфавіч, Герой Сацыялістычнай Працы,  былы старшыня калгаса “Маладая гвардыя”. Аляксандр Адольфавіч Жамойцін нарадзіўся ў вёсцы Самаравічы Зэльвенскага раёна 8 мая 1935 года. Сваю працоўную дзейнасць пачаў паляводам мясцовага калгаса. Да гэтага часу ён скончыў Самаравіцкую сямігодку і вучыўся ў Крамяніцкай вячэрняй школе, потым паступіў у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Аляксандр Жамойцін – адзіны ў Зэльвенскім раёне, хто меў ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы.

ЖАБРАК Антон Раманавіч (27.12.1901 – 20.05.1965) беларускі генетык, селекцыянер, грамадскі дзеяч, акадэмік АН БССР, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР. Нарадзіўся ў в. Збляны Зэльвенскага раёна.

СЦЯЦКО Павел Уладзіміравіч (05.03.1930), нарадзіўся ў в. Грабава, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедрай беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ён уваходзіць у склад Міжнароднага камітэта славістаў (камісія па словаўтварэнню), Міжнароднага камітэта беларусістаў.

СЦЯЦКО Уладзімір Уладзіміравіч (24.05.1924 – 1994гг.), нарадзіўся ў в. Грабава Зэльвенскага раёна. Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт кафедры глебазнаўства і геалогіі геаграфічнага факультэта, былы намеснік дэкана завочнага факультэта Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У навуковым плане інтарэсы У.У. Сцяцко звязаны з вывучэннем прыродных рэсурсаў тэрыторыі Беларускага Палесся, пытаннямі іх рацыянальнага выкарыстання і аховы. 

МУЗЫЧКА Іван Мікалаевіч, 1936 года нараджэння, в. Вострава Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Узнагароджаны  значком “Выдатнік аховы здароўя”. У 1994 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь было прысвоена званне “Заслужаны работнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.

МАЛОЧКА Мікалай Пятровіч. Дзяржаўны дзеяч БССР, нарадзіўся 12 снежня 1919 года ў вёсцы Чырвонае Сяло (былая вёска Пляцянічы) Зэльвенскага раёна. Мікалай быў выбраны першым сакратаром Казлоўшчынскага райкама партыі. У 1961 годзе М.П.Малочка быў выбраны Старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Да канца 1972 года быў главой Гродзенскага аблвыканкама, пад кіраўніцтвам якога вобласць была выведзена ў перадавікі па ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур і вытворчасці жывёлагадоўлі.
16 жніўня 1967 года Гродзенская вобласць за гераічную барацьбу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Такой жа ўзнагароды была ўдастоена і работа Мікалая Малочка. Працоўная дзейнасць Мікалая Пятровіча Малочка была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і шматлікімі медалямі. У канцы 1972 яго назначаюць на пасаду міністра гандлю Рэспублікі Беларусь, дзе працаваў да 1984 года.        

РАДЗЕВІЧ МАРЫЯ (02.02.1863 – 1944), польская пісьменніца, нарадзілася ў маёнтку Пянюга (Зэльвенскі раён).

ФЕДЗЯНЯ Валянцін Міхайлавіч (08.04.1952 ) беларускі географ, геолаг, эколаг – нарадзіўся ў в. Старое Сяло Зэльвенскага раёна. Кандыдат геолага-мінеральных навук (1987 г.). З сялянскай сям’і. У 1978 годзе закончыў геаграфічны факультэт БДУ. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута геахіміі і геафізікі Акадэміі навук Беларусі (1978-81). З 1992 – загадчык сектара, потым заг. аддзела Беларускага навукова-даследчага Цэнтра “Экалогія” пры Дзяржаўным камітэце па экалогіі Беларусі.

ІОСЬКА Міхаіл Іванавіч (05.03.1929 – 02.02.1986) беларускі філосаф, культуролаг, педагог, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт – нарадзіўся ў в. Бародзічы Зэльвенскага раёна. 
 
СІДАР Сяргей Іванавіч (1937 - 1988), беларускі географ, доктар педагагічных навук, прафесар.

СЕЎКА Баляслаў Іванавіч (15.05.1940 – 02.05.2002) заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (1976г.), акцёр тэатра імя Я.Коласа, мастацкі кіраўнік народнага тэатра пантамімы “МІМ”. Быў прадстаўлены да прысвойвання  ганаровага звання “Народны артыст Беларусі” 11.04.2001 года.

ФЕДАСЕВІЧ_БАРУХІНА Святлана Сяргееўна – ураджэнка г.п. Зэльва, былая артыстка Вялікага тэатра оперы і балета РБ. Пасля заканчэння Гродзенскага музвучылішча ў 1975 годзе працавала артысткай Вялікага тэатра оперы і балета РБ.

ІНЬКОЎ Міхаіл Міхайлавіч (21.03.1954), беларускі скульптар, архітэктар. Нарадзіўся ў мястэчку Зэльва. Сярод  манументальных твораў – помнік-бюст Ларысы Геніюш у Зэльве (2003), помнік К. Тураўскаму ў Тураве (1993), помнік лётчыку А. Гараўцу ў Віцебску (1995, у суаўтарстве), помнік княгіні Слуцкай для г. Слуцка (2000), мемарыяльная дошка М. Танку на вуліцы М. Танка ў Мінску (1999).

КРАМНІК Аляксандр Мікалаевіч (5.08.1933), нарадзіўся ў в. Лаўрыновічы Зэльвенскага раёна – беларускі прававед, педагог. Кандыдат юрыдычных навук (1968), дацэнт (1970).
 
ЧУМАК Людміла Мікалаеўна (дзявоцкая – Кандратава) (15.05.1950), беларускі мовазнаўца, педагог, доктар філалагічных навук (1998).
 
ЗІМНІЦКАЯ Рэгіна Эдуардаўна (дзявоцкая – Бартош) (12.06.1967), беларускі спартыўны педагог, кандыдат педагагічных навук (1993).

ШЫШКО Аляксей Сцяпанавіч (20.08.1972, г.п.Зэльва), беларускі дызайнер. Член Беларускага Саюза дызайнераў (1996). Закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў (1996). Жыве і працуе ў Мінску. Спецыялізуецца ў вобласці графічнага дызайну, знешняй рэкламы. У выставе ўдзельнічае з 1997. Сярод асноўных работ – фірменныя стылі АКВ “Белбізнесбанк”, НП “Аргнафтхім”, распрацоўвае знешнюю рэкламу АСБ “Беларусбанка” і інш. 
       
КАЛЮТА Іосіф (нарадзіўся ў 1942 г., в. Задвор’е Зэльвенскага раёна). Беларускі журналіст, кінасцэнарыст, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў, Саюза журналістаў СССР і ЦК УЛКСМ, дыпламант Міжнароднай арганізацыі журналістаў.

СЕМЯНЯКАЎ Васілій Сцяпанавіч, заслужаны работнік культуры Беларусі. Нарадзіўся ў 1920 годзе ў в. Бязводнае Зэльвенскага раёна.

КЛУБОВІЧ Уладзімір Уладзіміравіч (26.03.1933 -  ) нарадзіўся ў в. Варонічы Зэльвенскага раёна. Беларускі вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі металаў, акадэмік НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1984 года. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” (1979), 2 медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета дэпутатаў.

ЗАХАРКА Васілій Іванавіч (1877 – 14.03.1943) актыўны палітычны дзеяч у перыяд станаўлення дзяржаўнасці, прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі. Васілій Захарка нарадзіўся ў 1877 годзе ў в. Дабрасельцы Зэльвенскага раёна ў сям’і бедных сялян. Памёр Захарка В.І. 6 сакавіка 1943 года, пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

СМАРШЧОК Яўгеній Трафімавіч  (1914 (м. Зельва) – 1984 ), беларускі і бельгійскі педагог, праваслаўны духоўнік, доктар педагогікі, прафесар.

САЧОК Міхаіл Рыгоравіч, нарадзіўся ў 1929 годзе ў в. Варонічы Зэльвенскага раёна. Доктар медыцынскіх навук (1975), заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Закончыў Віцебскі медыцынскі інстытут (1955). Працаваў у Лепельская раённай бальніцы хірургам, галоўным урачом Лепельскага раёна (з 1958), галоўным хірургам Віцебскай вобласці (з 1963), выкладчыкам (з 1966), рэктарам (з 1979) Віцебскага медінстытута. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Аўтар больш за 200 навуковых прац. 

ЛІПІНСКІ Цімафей (1797 - 1856), беларускі і польскі гісторык, географ, філолаг, калекцыянер, краязнавец.

ТАТАРЫН Серафім Лукьянавіч (13.02.1903 – 27.07.1988), беларускі грамадска-культурны дзеяч, педагог. Нарадзіўся ў в. Вострава Зэльвенскага раёна. 

МАКЕЙ Іван Юр’евіч (1882 - 1955), беларускі народны казачнік, ураджэнец в. Дзярэчын, з 1904 г. пражываў у в. Алексічы (Зэльвенскі раён).

ВАРАНЧЫХІНА Людміла Іванаўна (нар. у 1939 г.) доктар хімічных навук, прафесар. У 1956 годзе закончыла Зэльвенскую сярэднюю школу і паступіла ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт на хімічны факультэт. Людміла Іванаўна мае больш за 200 навуковых публікацый, у тым ліку 20 вынаходак, на якія выдадзены аўтарскія пасведчанні. Ёю напісана мноства вучэбных дапаможнікаў па курсу “Элементаарганічная хімія”, метадычныя дапаможнікі для студэнтаў па сцецыяльнасці “Хімія”. Уклад прафесара Варанчыхінай у навуку адзначаны медалём ВДНГ СССР.

БЯЛЬКЕВІЧ Іван Кандратавіч (06.03.1883  – 18.10.1960) нарадзіўся ў в. Варонічы Зэльвенскага раёна. Беларускі мовазнавец. У 1930 годзе Бялькевіч І.К. быў абвінавачаны ў нацыяналізме і высланы за межы Беларусі. Чатыры гады працаваў на лесапавале. Затым выкладаў ў Азова-Чарнаморскім краі рускую мову і літаратуру. Памёр Іван Кандратавіч Бялькевіч 18 кастрычніка 1960 года, так не атрымаўшы дазволу вярнуцца на Радзіму.
 
Юрка ГОЛУБ (1947 - ), ураджэнец в. Грабава Зэльвенскага раёна, беларускі паэт. Закончыў БДУ (1970). Працаваў на Гродзенскай студыі тэлебачання. З 1978 года – у газеце “Гродзенская праўда”, з 1979 года – загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлерадыёвяшчання. Друкаваўся з 1963 года. Выданы кнігі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), “Векапомнае поле”(1976), “Помню пра цябе” (1983), “Сын небасхілу”(1979). У 1986 годзе быў выданы зборнік вершаў для дзяцей “У бары грыбы бяры”. Друкаваўся таксама  як празаік і перакладчык. 

МАЗГО Уладзімір (05.03.1959) ураджэнец г.п. Зэльва, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1984). Нарадзіўся ў сям’і рабочых. Некаторы час (1963-68) сям’я знаходзілася ў г. Тапкі Кемераўскай вобласці. Вярнуўшыся ў Беларусь пасяліліся ў г.п. Зэльва. Першы паэтычны зборнік “Пад спеў крыніц” выданы ў 1982. Ён таксама аўтар зборнікаў “Вершаліна” (1987), “Марафон” (1992), “Калі спрачаюцца маланкі” (1989), “Анёл нябесны” (2007), “Прыгоды марахода” (2002), “Цуда-вуда” (2008), “Таямнічая планета” (2008), “Смехапад” (1999), “Лепшыя сябры” “Сакавіны”, “Завітала ў госці казка”, “У нябёсах вясны” (2013), “Адвечныя скарбы Радзімы”, “Суседзі па сусвеце” (1994), “Загадкавая азбука” і інш. На літаратурным уліку аўтара 18 кніг.На працягу апошніх двух гадоў выдана сем кніг для дзяцей і дарослых, апошняя рускамоўная кніга для дзяцей “Слоны с луны” убачыла свет у канцы 2014 года.   У 2005 годзе Уладзімір Мазго стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, а за кнігу        “Цуда-вуда” у 2008 годзе атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію “Залаты Купідон”, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі (2005). Уладзіміру Мінавічу Мазго ў 2008 годзе прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна”. Жыве ў г. Мінску. 

ЮЙКО Віктар Іванавіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў в. Холстава Зэльвенскага раёна. Майстар спорту па футболу. Закончыў Беларускую акадэмію фізічнага выхавання і спорту. Прызёр і пераможца абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных турніраў па футболу. Удзельнік спартакіяды школьнікаў БССР (1986), чэмпіён Беларусі сярод юнакоў у складзе каманды “Працоўныя рэзервы”, уладальнік Кубка Беларусі ў складзе каманды “Нёман” (1993). Жыве ў Латвіі.
 
МАЦКЕВІЧ Алесь Пятровіч нарадзіўся ў 1929 годзе ў в. Старое Сяло Зэльвенскага раёна, сцэнарыст, працаваў на студыі “Беларусьфільм”.