Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231940, г.п. Зельва,
ул. 17 Сентября, 29
Электронная почта:
z-yprd@mail.grodno.by
Телефон: 8-(015-64)-24135
Факс: 8-(015-64)-23024

9 августа 2018

Уладзімір Кашуткін – адзін з захавальнікаў зэльвенскай гісторыі

 У далёкім 1949 годзе пераехала з Гродна ў Зэльву сям’я франтавіка У.З. Кашуткіна. Напэўна, ні ён сам, ні яго блізкія не думалі, што Зэльва стане для іх любімым домам. Але менавіта так і адбылося.

 

Пачатак працоўнага шляху ў Зэльве

Зэльва ў канцы 40-х гадоў XX стагоддзя была невялікім мястэчкам. Некалькі галоўных вуліц – Пушкіна, Савецкая, 17 Верасня, – а за імі поле ці балота. Асноўная частка насельніцтва раёна жыла ў вялікіх і шматлюдных вёсках. Кашуткіну трэба было наладжваць работу спажыўкаааперацыі. Чаму менавіта яго рэкамендаваў на гэтую пасаду кандыдат у Вярхоўны Савет БССР па Зэльвен-скай акрузе І.П.Ахрэмчык? Ведаў яго як дзельнага работніка абласнога таварыства кааператараў і выдатнага спецыяліста ў гэтай галіне: Уладзімір Зіноўевіч працаваў і вучыўся ў гандлёвым тэхнікуме. І вось – Зэльва. Пачынаць трэба было практычна з нуля. Ніводнага добрага магазіна не было нават у райцэнтры, не кажучы пра вёскі. Будаўнічага матэрыялу хапала: у Зэльве на былой Фабрычнай (зараз Булака) вуліцы дзейнічаў лесазавод, а ў вёсках пуставала шмат дробных сялянскіх пабудоў, што ўжо не былі запатрабаваны ў калектыўных гаспадарках. Прадпрымальны Кашуткін арганізаваў работу па сарціроўцы будматэрыялаў, падвозу іх у патрэбныя месцы. Хутка ў райцэнтры выраслі будынкі базы райспажыўсаюза, харчовы магазін, універмаг, двухпавяховая кантора на вуглу вуліц Пушкіна і 17 Верасня (старажылы павінны памятаць і ўнівермаг, і кантору).

Складаней было ў вёсках, але і тут знайшоў выхад Кашуткін. Разам са старшынямі сельсаветаў ён дамаўляўся з уласнікамі прасторных дамоў на арэнду асобнага пакоя, вучыў іх на кароткатэрміновых курсах, і гаспадары станавіліся прадаўцамі. Часовы, але выхад. А тым часам у цэнтрах сельсаветаў узводзіліся тыпавыя будынкі сельмагаў, рыхтаваліся кадры.

Да 1955 года шчыраваў Кашуткін у кааперацыі. Не раз дзяліўся вопытам з кіраўнікамі іншых спажыўтаварыстваў вобласці. Паступіў у Маскоўскі кааператыўны інстытут. Здавалася, што ўсё ў жыцці вырашана, ніякіх змен у лёсе не прадбачылася. Але кіраўнікі раёна так не лічылі. Як член партыі, Уладзімір Кашуткін пярэчыць загаду райкама партыі не меў права. І пайшоў у зусім непадобную да папярэдняй кааперацыю.

Калгас імя Леніна

У пачатку 50-х гадоў пачалося аб’яднанне невялікіх калгасаў (звычайна калектыў сялян адной вёскі) у больш буйныя. Каля Зэльвы ў вёсках Бародзічы, Конна, Крываконна і Грыцкавічы існавалі чатыры калектыўныя гаспадаркі. Для аб’яднання іх у адну патрэбен быў вопытны арганізатар. У райкаме партыі рашылі, што лепшай за Кашуткіна кандыдатуры няма. Уладзімір Зіноўевіч, змалку знаёмы з сялянскай працай, не спалохаўся новай работы. Сабраў праўленне, пазнаёміўся з людзьмі, вы-значылі першачарговыя задачы. Вельмі спадзяваўся новы старшыня на падтрымку былых удзельнікаў вайны – франтавікоў і партызан. Іх тады ў вёсцы бяло нямала. І не памыліўся: ветэраны нават першы трактар з МТС выкупіць дапамаглі. Увага і давер да людзей рабілі сваю справу: калгас неўзабаве стаў маяком для іншых гаспадарак раёна. Клапаціўся Кашуткін і пра маладых. У цэнтры калгаса, вёсцы Бародзічы, пабудавалі прыгожы Дом культуры, летнюю танцпляцоўку пры ім. Прыступілі да здзяйснення даўняй задумы старшыні-франта-віка – ушанавання памяці як загінуўшых аднавяскоўцаў, так і тых, хто вызваляў землі калгаса ад ворага. З усіх калгасных палёў звозілася зямля ў цэнтр калгаса, каб неўзабаве ператварыцца ў Курган Памяці. Камсамольцы і піянеры вялі пошукавую работу. Ветэраны на чале з Кашуткіным абмяркоўвалі праект помніка-абеліска. Адкрыццё алеі Перамогі ў парку адбылося ў 1966 годзе. У той дзень у Курган Памяці старшыня калгаса заклаў капсулу з пісьмом для нашчадкаў. Было шмат хвалюючых успамінаў пра загінуўшых з іх блізкімі, што прыехалі з розных куткоў Саюза ў гэты памятны дзень. У Кашуткіна гасціў сын Сяргея Шэйдарава, бацька якога знайшоў вечны спачын на зэльвенскай зямлі. (Потым, калі ветэран паедзе па месцах баявой славы, ужо Шэйдараў будзе прымаць у сябе вызваліцеля Смаленшчыны).

Шмат добрага зрабіў для калгаснікаў Уладзімір Зіноўевіч. Старэйшыя жыхары Бародзіч і навакольных вёсак памятаюць, як дабываў старшыня абсталяванне для дзвюх піларам, як змог прывесці ў дзеянне электрастанцыю, і калгаснікі-ленінцы першымі ў раёне здалі ў музей газавыя лямпы. Кашуткін заўсёды працаваў на перспектыву. За вёскай Конна заклаў сад на плошчы 65 гектараў і марыў пабудаваць завод па перапрацоўцы садавіны. Яно б так і было, ды тут ліквідавалі раён, паўсталі іншыя задачы. (Дарэчы, ва ўзнаўленні Зэльвенскага раёна ёсць заслуга і Кашуткіна: не раз пісаў і стукаўся ён у розныя інстанцыі, даказваючы памылковасць “растварэння” раёна ў некалькіх суседніх).

Ужо ў тыя гады выношваў Уладзімір Зіноўевіч ідэю будаўніцтва вадасховішча. Землям калгаса імя Леніна вельмі было патрэбна арашэнне, а рака – побач, грэх не выкарыстаць яе жыццядзейную ваду. Настаяў, каб уключылі будаўніцтва вадасховішча на Зяльвянцы ў перспектыўны план развіцця раёна. І няхай ужо не ён змог скарыстацца плёнам задумы, – Кашуткін задаволены, што мара стала явай.

Міжчассе

У біяграфіі Кашуткіна ёсць невялікі перыяд, калі абставіны складваліся не ў яго карысць: права-фланговым заўсёды дастаецца больш за іншых. У той час ён узначальваў ДЭУ-118. Усё сведчыла пра часовасць яго пасады. І тым не менш. Уладзімір Зіноўевіч не сядзеў склаўшы рукі. Бачыў хібы і пралікі ў рабоце арганізацыі і стараўся як мага хутчэй выправіць сітуацыю. Перш за ўсё асушыў балоцістую тэрыторыю, дзе размяшчалася дарожнае ўпраўленне. Агарадзіў нядаўна пасаджаны сад. Заказаў праекты на будаўніцтва канторы, гаража, майстэрні. Ужо і выканаўцаў сваіх праектаў вызначыў. Адным словам, рабіў усё не як “временщик”, а як сапраўдны гаспадар. Ужо і сам Кашуткін пачаў успрымаць сітуацыю больш спакойна, ужо не так балела сэрца за калгас і калгаснікаў, што так не хацелі развітвацца з ім. Ужо лічыў, што менавіта дарожная служба стане трэцім звяном у звязцы галоўных дасягненняў яго ў раёне. Але яго зорны час быў наперадзе.

Быткамбінат і міжраённая фабрыка

Праца Кашуткіна ў быткамбінаце – гэта зорны час не толькі для самога Уладзіміра Зіноўевіча, але і для соцень людзей, што працавалі на міжраённай фабрыцы па вязцы і рамонту трыкатажу. Прымаючы прадпрыемства ў новым “амплуа”, Кашуткін не адчуваў сябе недасведчаным дылетантам. Ледзь толькі паспеў азнаёміцца са становішчам спраў, як ужо намеціў шэраг рэформ. Выкарыстаў спаўна ранейшыя сувязі ў Маскве, Смаленску, іншых мясцовасцях Саюза. Паехаў у Маскоўскі тэхналагічны інстытут, пазнаёміўся са спецыфікай работы прадзільных і ткацкіх станкоў, даведаўся, у якіх гарадах праводзілася пераабсталяванне. Пісаў, ездзіў, званіў. У Зэльве шукаў вопытных майстроў, каб даць новае жыццё тэхніцы, якая бракавалася ці спісвалася на вялікіх прадпрыемствах.

Чатыры раёны ўваходзілі ў міжраённае аб’яднанне “Вясёлка”, а заказы выконвалі з усёй вобласці. Вывучаў Кашуткін і запыты суседніх рэспублік. Таму хутка прадукцыю з Зэльвы везлі, адсылалі ва Украіну і Расію. У адной Зэльве было створана каля чатырохсот рабочых месц, а ўсяго на фабрыцы было задзейнічана каля чысячы чалавек. І гэта ў асноўным – жанчыны, якія і сёння ўдзячны Уладзіміру Зіноўевічу за дастойную пенсію.

Архіў Кашуткіна

Дзе б ні працаваў Кашуткін, ён стараўся аб’ядноўваць калектыў не толькі на непасрэдных рабочых месцах, але і ў гадзіны адпачынку. У 50-я гады арганізоўваў выезд калектыву на “маёўкі” у бярэжкаўскі лес. У 60-я ў Бародзіцкім доме культуры спрыяў ушанаванню памяці ветэранаў, арганізоўваў паездкі па славутых мясцінах рэспублікі. Працягваў гэтыя традыцыі і падчас работы на фабрыцы. І ўсюды рабіў здымкі, якія беражліва захоўваюцца ў шматлікіх альбомах. Часта пераглядвае іх Уладзімір Зіноўевіч, з удзячнасцю ўспа-мінае кожнага, з кім працаваў. Выдатная памяць ветэрана захавала звесткі не толькі пра саміх супрацоўнікаў, але і іх сем’і.

Калі ў Зэльве адкрыецца музей, то без фотадакументаў Кашуткіна абысціся будзе проста немагчыма. Яны могуць скласці цэлую экспедыцыю. І ажывуць тады тыя, хто прымаў удзел у кросе на матацыклах (1950 г.), хто вучыўся ў школе з дачушкамі Уладзіміра Зіноўевіча, хто ўшаноўваў памяць ветэранаў… Можна ўбачыць, як выглядала ў 60-я гады адзіная ў пасёлку сярэдняя школа, якімі былі магазіны-першынцы, як быў абсталяваны кабінет старшыні райспажыўсаюза ў двухпавярховым будынку на вуглу вуліц Пушкіна і 17 Верасня. Зафіксаваў Уладзімір Зіноўевіч і выгляд Зяльвянкі незадоўга да будаўніцтва вадасховішча. Адным словам, уся гісторыя Зэльвы і зэльвенцаў амаль за 70 год жыцця ветэрана адлюстравана ў яго сямейным архіве. З дазволу Ганаровага грамадзяніна Зэльвеншчыны мы публікуем некалькі фотаздымкаў. Пазнавайце сябе і сваіх знаёмых, дарагія зяльвяне!