Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
02.11.2021

Парламентарый Аляксандр Сонгін расказаў, з якімі пытаннямі звяртаюцца да яго выбаршчыкі Лідскага раёна

 Працуючы ў сваёй акрузе і ў прыватнасці ў Лідскім раёне, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін перыядычна праводзіць прыёмы грамадзян і “Прамыя лініі”. І ўсё ж такія афіцыйныя формы зносін парламентарыя з людзьмі можна назваць рэчамі ўмоўнымі.

Аляксандр Генрыхавіч нарадзіўся на Лідчыне, вырас, працаваў на розных пасадах у сферы адукацыі, і яго ведае вялікая колькасць людзей. Таму, калі ў іх узнікаюць нейкія пытанні, яны звяртаюцца да дэпутата ў паўсядзённым жыцці. Ды і магчымасць для гэтага ёсць: штотыдзень Аляксандр Сонгін бывае на Лідчыне, прыязджае да бацькоў у Тарнова.

Вось і нядаўна, рыхтуючыся да размовы праз “Прамую лінію”, якую дэпутат праводзіў у будынку райвыканкама, ён ужо меў шэраг зваротаў.
 Дык што ж хвалюе жыхароў раёна і непасрэдна выбаршчыкаў часткі той акругі, ад якой абраны парламентарый? – пацікавіўся журналіст “Лідскай газеты” у Аляксандра Сонгіна.

Адно  з набалелых пытанняў, якое ўжо пэўны час не можа рашыцца, – гэта правядзенне водаправода ў вёску Вінкаўцы. Напярэдадні “Прамой лініі” Аляксандр Сонгін гутарыў са старшынёй райвыканкама Сяргеем Ложэчнікам, намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе сферу будаўніцтва. Было вырашана яшчэ раз зрабіць спробу і хадайнічаць аб уключэнні аб’екта ў абласную інвестыцыйную праграму, паколькі на яго будаўніцтва патрэбна затраціць немалыя фінансавыя сродкі. Аднак за дзяржаўны кошт можна давесці водаправод толькі да пэўнай кропкі вёскі, усталяваць там калонку. Жыхары Вінкаўцоў, у сваю чаргу, павінны стварыць кааператыў і зрабіць пракладку водаправода па самім населеным пункце, падводзіць водазабеспячэнне ў свае дамы. Дарэчы, заканадаўства дазваляе дзяржаве і грамадзянам практыкаваць далявое сумеснае будаўніцтва. Гэта тычыцца і рамонту дамоў, і правядзення камунікацый.
 
 Яшчэ адно пытанне – стварэнне на Лідчыне лыжаролернай трасы. Аляксандр Генрыхавіч кажа, што, будучы начальнікам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, дапамог набыць Лідскаму раёну некалькі пар сапраўдных прафесійных лыж, што дапамагло мясцовым спартсменам дабівацца  добрых вынікаў. 

– Памятаючы пра гэта, былыя настаўнікі абмяркоўвалі са мною пытанне магчымасці стварэння на Лідчыне лыжаролернай трасы, – расказвае Аляксандр Генрыхавіч. – Але, як я хутка пераканаўся,  кіраўніцтва  Лідскага раёна  думае наперад. І ў многім дзякуючы яму пытанне ўжо пачало вырашацца, нямала зроблена. Не навіна, што такой трасе ў раёне быць у наступным годзе. Тым больш што шмат членаў каманды нашай Гродзенскай вобласці родам з Лідчыны, і лыжаролерная траса тут будзе дарэчы.

 Чарговы запыт, які паступіў дэпутату, тычыўся тлумачэння закона аб дзяржаўнай службе. У людзей узнікаюць пытанні і прапановы. А паколькі праект  закона знаходзіцца яшчэ ў стадыі распрацоўкі (будзе другое чытанне), тыя пажаданні, якія выказваюць дзяржаўныя служачыя, Аляксандр Сонгін данясе непасрэдна камісіі, якая адказвае ў парламенце за падрыхтоўку дадзенага заканадаўчага акта.

Да дэпутата звярнулася шматдзетная маці, якую хвалюе той факт, што мужу не зроблены неабходныя фінансавыя выплаты з боку адной са спартыўных устаноў раёна. Гэта пытанне як парламентарыем, так і намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу, узята на асаблівы кантроль. Будзе зроблена ўсё магчымае, каб знайсці яго рашэнне. 

Жыхары аграгарадка Тарнова расказалі парламентарыю аб неабходнасці набыцця новага электракардыёграфа для Тарноўскай сельскай бальніцы, паколькі адзін з двух апаратаў выйшаў са строю. Гэты факт Аляксандр Сонгін давёў да ведама старшыні райвыканкама Сяргея Ложэчніка. Кіраўнік раёна запатрабаваў, каб пытанне вырашылася неадкладна. Літаральна на другі дзень электракардыёграф быў адрамантаваны. А пытанне неабходнасці папаўнення сельскай бальніцы такім новым абсталяваннем узята на заметку. 

Аддзелы і кіраўніцтва райвыканкама і дэпутат трымаюць на кантролі праблему адной з культавых устаноў, аказваецца пэўная дапамога ў яе вырашэнні. Справа ў тым, што культавай установе патрэбна правесці перарэгістрацыю праваўстаноўчых дакументаў, якія былі недакладна аформленыя пры будаўніцтве.

 Трэба сказаць, што па ўсіх пытаннях, якія паступаюць да мяне як да парламентарыя, я імкнуся інфармаваць не толькі тыя службы, якіх гэта датычыцца, але і райвыканкам. Пытанні абмяркоўваюцца не толькі з намеснікамі старшыні райвыканкама, але і са старшынёй райвыканкама Сяргеем Ложэчнікам, і кіраўніцтва раёна прымае непасрэдны ўдзел у іх вырашэнні. Гэта вельмі добрая падтрымка, – зазначае Аляксандр Генрыхавіч.

Дэпутат кажа, што ёсць звароты, якія датычацца канкрэтнага чалавека,  населенага пункта і пэўнай глабальнай праблемы, якая патрабуе вялікіх фінансавых затрат. Ёсць пытанні і з катэгорыі невырашальных. Чалавек зрабіў нешта, спадзеючыся на авось, і думаў, што так яно і пройдзе. Але закон ёсць закон, і нічога насуперак зрабіць немагчыма.

– Чым магу, імкнуся дапамагаць людзям, – адзначае Аляксандр Сонгін. 

 Дарэчы, людзі цэняць такую пазіцыю дэпутата, а таксама тое, што ім зроблена. Таму нездарма сярод зваротаў у адрас парламентарыя нярэдка сустракаюцца падзякі.

Трэба сказаць, што работа парламентарыяў у акрузе – гэта не толькі прыём зваротаў грамадзян. Ёсць пэўныя даручэнні кіраўніцтва рэспублікі аб маніторынгу цэн у гандлёвых кропках, аптэках, а таксама правядзенні маніторынгу стану інтэрнатных устаноў, аддзяленняў кругласутачнага знаходжання і дапамозе ім у тых ці іншых пытаннях. Такія маніторынгі і аказанне патрэбнай дапамогі абавязковыя і ў рабочым графіку Аляксандра Сонгіна.

lidanews.by