Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
13.12.2021

Павел Плюшчэвіч, выпускнік ГрДУ, паспяхова працягвае справу бацькоў-фермераў

 Дырэктар зэльвенскага філіяла «Князева» ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі» Павел Плюшчэвіч: «Не гнацца за багаццем і заставацца чалавекам»
0ее.jpg

Філіял «Князева» ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі» ўтвораны на базе трох сельгаспрадпрыемстваў. Па плошчы (звыш 10 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, з якіх амаль 7 тысяч — ворыва) адно з найбольш буйных у Зэльвенскім раёне. Натуральная ўрадлівасць зямель перавышае 40 балаў. Земляробы стабільна з кожнага гектара атрымліваюць звыш паўсотні цэнтнераў збожжа, добра родзяць і іншыя культуры. Сёлета намалочана амаль 20 тысяч тон збожжавых і зерня кукурузы, каля 2500 тон насення рапсу, 27 300 тон цукровых буракоў. На кожную з 7100 галоў буйной рагатай жывёлы назапашана па 30,5 цэнтнера кармавых адзінак. У траншэі закладзена 27 600 тон сенажу і 28 500 тон сіласу. 

Па асноўных эканамічных паказчыках філіял сярод лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Другі год калектыў узначальвае выпускнік Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Павел ПЛЮШЧЭВІЧ. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — аграгарадок Князева— сёлета прымала ўдзельнікаў і гасцей раённых «Дажынак».

— Павел Алегавіч, чым гаспадарка заслужыла такое ганаровае права?

— У першую чаргу вытворчымі паказчыкамі. Калектыў дружны і працавіты. Князева адным з першых у раёне атрымала статус аграгарадка. У нас прыгожы парк, возера з крынічнай вадой, жылыя дамы арыгінальнай архітэктуры. Кожны падворак узорны. Удзельнікі і госці дзякавалі за цудоўную падрыхтоўку свята.

— Гаспадарку ўзначалілі летась, калі вам споўнілася 32. За год дырэктарства адчулі, што знайшлі сябе на малой радзіме?

— Па крайняй меры задаволены, што так атрымалася. Тут для мяне ўсё дорага. Дзяцінства прайшло ў дзядулі Браніслава і бабулі Рэгіны. Пасвіў карову. Дзядуля давяраў мне сваю майстэрню. У яго ўсе сялянскія прылады акуратна захоўваліся на паліцах у асобным памяшканні. Ён быў адмысловым цесляром, спрытна вырабляў алюмініевыя цвікі. Навучыў і мяне гэтай справе.

За падворкам стаяла калгасная стайня, і мы з сябрамі дапамагалі конюху Чэсю, ваду даставалі з глыбокага калодзежа для трох дзясяткаў коней і жарабят. Ведалі нораў кожнага скакуна. Выгульваўся і пасвіўся гурт на агароджаным лузе. Захапленне жывёлай вызначыла мой выбар прафесіі. Пасля дзевяці класаў паступіў на аддзяленне заатэхніі Ваўкавыскага дзяржагракаледжа, на практыку прыязджаў дамоў. Галоўны заатэхнік КСУП «Князева» Ганна Лявонаўна Варабей вучыла мяне правільна прымаць ацёлы ў кароў, даглядаць статак, распрацоўваць рацыён кармлення жывёлы. Зараз яго ўмомант выдае камп’ютар, а тады самі падлічвалі пажыўнасць кармоў.

Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім дзяржаграўніверсітэце. У студэнцтве працаваў памочнікам у маладога камбайнера Паўла Гарадка. На «Лідзе-1300» намалацілі амаль тысячу тон зерня і ў спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў раёна занялі другое месца. Нас адзначылі дыпломам і грашовай прэміяй.

— Якія дысцыпліны ў час вучобы вас больш цікавілі?

— У агракаледжы захапляўся прыкладнымі прадметамі па жывёлагадоўлі. На практычных занятках кожную дэталь даільных апаратаў сваімі рукамі патрымаў, засвоіў работу аператара пры аўтаматычным даенні кароў. Навучэнцам каледжаў і студэнтам вышэйшых аграрных навучальных устаноў варта больш мець практычных заняткаў. Тэорыю можна ў любы час прачытаць у камп’ютары, а без практыкі немагчыма стаць спецыялістам. Пасля вучобы ў каледжы ўсё лёгка давалася ва ўніверсітэце.

— Дзе пачыналі працоўную дзейнасць?

— У родным КСУП «Князева». Быў памочнікам загадчыка малочна-таварнай фермай «Лебедзі», а калі побач узвялі сучасны малочна-таварны комплекс, там узначаліў калектыў жывёлаводаў. У гаспадарку на вытворчую практыку прыехала студэнтка Беларускай дзяржветакадэміі. Пазнаёміліся з Настассяй і сталі сябраваць. Потым яна вярнулася ў Віцебск, здала дзяржаўныя экзамены. Тады і згулялі вяселле. Ад гаспадаркі атрымалі дом у вёсцы Самаравічы. У нас двое дзяцей: сын Даніла зараз у другім класе, а дачушцы Сафіі пяты год.

Шмат вопыту адносін з людзьмі набыў за пяць з паловай гадоў кіравання Зэльвенскім раённым цэнтрам селекцыі і генетыкі Гродзенскага племпрадпрыемства. Год таму прыняў прапанову старшыні Зэльвенскага райвыканкама Дзяніса Аляксандравіча Альшэўскага ўзначаліць філіял «Князева» ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі».

— Паклікалі родныя мясціны?

— Тут жывуць і працуюць бацькі, сваякі, сябры дзяцінства. З першых дзён наладзіў адносіны. Кіраваць людзьмі — адказна і складана. Кіраўніку на вёсцы раней за ўсіх трэба ўставаць, а дамоў вяртацца, калі ў вокнах суседзяў цёмна. Дачка Соня скардзіцца, што мала бачымся. Летам з сынам Данікам на машыне адпраўляемся па палях і фермах. Яго вабіць тэхніка, любіць назіраць, як працуюць камбайны, трактары. Здаецца, зусім нядаўна я такім хлапчуком быў.

— Цяпер кіруеце людзьмі. За год дырэктарства як склаліся адносіны з калектывам?

— Сімпатыя і любоў — катэгорыі духоўныя і важныя. Яшчэ зусім нядаўна ў вёсцы мяне ўсе звалі Пашкам. Сёння адчуваю павагу да сябе і імкнуся так адносіцца да іншых. Цесць-дальнабойшчык дома мяне называе па бацьку. Калі вяртаецца з рэйса, збіраемся разам, гутарым. Для цёшчы я застаўся зяцем Пашкам. Старэйшыя браты мае працуюць у гаспадарцы: Анатоль — качагарам, Віталь — жывёлаводам. Сястра Таццяна — выхавальніца ў дзіцячым садзіку. Усе ў калектыве працуюць на агульны поспех. Выплачваем раней узятыя пазыкі. Сродкі на падтрымку вытворчасці атрымліваем у асноўным ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Дзякуючы старанню і ўменню галоўнага заатэхніка Іны Яскевіч і галоўнага ветурача Станіслава Кавалевіча абнаўляем дойны статак. Раней з-за захворванняў кароў мелі нізкі выхад цялят, цяпер масавыя ацёлы, расце валавы надой малака. Фермы забяспечаны якаснымі кармамі, створаны страхавы запас фуражу.

У пастаянным кантакце працуюць галоўны аграном Уладзімір Жыдок, кіраўнік інжынернай службы Сяргей Ксянжук і мой намеснік па вытворчасці Аляксандр Гарадок. Атрад галоўных спецыялістаў папоўнілі аднакурснікі эканамічнага факультэта Гродзенскага дзяржсельгасуніверсітэта Сяргей Манчык і Павел Палубок. Кожны з іх прафесіянал. Мы сапраўдная каманда.

— А сяброў у вас многа?

— Шмат было ў студэнцтве. З цягам часу асталіся лічаныя сябры, з якімі падтрымліваю сувязь. На сяброўства патрэбен час, а яго ў мяне мала. Праца і сям’я на першым месцы.

— Філіял «Князева» — структурнае падраздзяленне ААТ «Агракамбінат «Скідзельскі» Гродзенскага раёна, а размешчана ў Зэльвенскім. Як двайное падпарадкаванне адлюстроўваецца на кіраванні калектывам?

— Даводзіцца быць і дыпламатам. Канешне, у такім двайным падпарадкаванні станоўчага больш, асабліва калі неабходна дапамога. Ад кіраўніцтва раёна і агракамбіната адчуваем падтрымку. 

— Якім вам бачыцца далейшая дзейнасць філіяла?

— Стаўку робім на жывёлагадоўлю. На малочна-таварных комплексах сучаснае абсталяванне, дзейнічаюць чатыры даільныя залы. Толькі на адной ферме лінейнае даенне. Плануем рэканструкцыю адкормачнікаў на фермах «Задвор’е» і «Падрушаны». Старыя будынкі пераабсталёўваем пад утрыманне кормнікаў. Дзякуючы прамагралізінгу за апошнія некалькі гадоў папоўнілі машынна-трактарны парк двума трактарамі «Беларус-1221», сельгасмашынамі. Набылі КЗС-1624 гомельскай вытворчасці. На ім механізатар Казімір Карнацэвіч у жніво намалаціў каля 3 тысяч тон збожжа. На ўборцы працавала дзесяць камбайнаў, усе зернеўборачныя экіпажы былі ўкамплектаваны памочнікамі. 

— Маладымі працаўнікамі папаўняецца калектыў?

— Выязджаем на размеркаванне ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя аграрныя ўстановы, расказваем пра ўмовы жыцця і працы ў нас. Штогод калектыў папаўняецца моладдзю. Будучы механік Павел Чарняк практыкуецца ў майстэрні вёскі Крамяніца, а загадвае ёй выпускнік Жыровіцкага дзяржагратэхкаледжа Андрэй Валюк. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржуніверсітэта вядучым інжынерам працуе Дзмітрый Цішко. Склаўся касцяк механізатараў і жывёлаводаў. Сем’і працаўнікоў забяспечваем жыллём. Два катэджы трымаем у рэзерве для тых, хто прыйдзе ў наш калектыў.

— Вы малады кіраўнік, таму адчуваеце патрэбы моладзі. Чым можна заахвоціць яе да працы на зямлі?

— Стварэннем спрыяльных умоў жыцця на вёсцы. Каб там акрамя ферм і машынных двароў была наладжана невялікая прамысловая вытворчасць для жанчын. Будуць нявесты ў вёсцы — жаніхі знойдуцца. Важна падтрымліваць вясковую культуру. Вось мы вакол возера, што на цэнтральнай сядзібе філіяла, перыядычна падкошваем траву на беразе, сочым, каб не разрасталіся хмызнякі. Абуладзілі дзіцячую пляцоўку. Імкнёмся падтрымліваць усталяваныя традыцыі, звычаі. На нашай тэрыторыі ўзвышаецца чатырохсотгадовы мураваны касцёл Боскага Цела, дзе правіць набажэнствы ксёндз Аляксандр.

— Напярэдадні Раства Хрыстова пачаўся адвент — час ачышчэння душы. Што для вас, каталіка, ён значыць?

— Важна душу ачысціць перад гадавым хрысціянскім святам, таму на споведзі ў святара прашу прабачэння за вядомыя і невядомыя грахі. У гэтыя зімовыя дні менш спраў у гаспадарцы. Імкнёмся даваць выхадныя і жывёлаводам. Пасля свята Божага Нараджэння дзень пачне павялічвацца, усё бліжэй да вясны. Рыхтуемся да выхаду ў поле, маем сродкі на набыццё запасных частак. Актыўна вядзецца і рамонт тэхнікі, насенне даводзіцца да ладу.

—Павел Алегавіч, што для вас значыць багацце?

— Гэта калі на душы спакойна і ўсе родныя і блізкія здаровы. Дзядуля Браніслаў Міхайлавіч вучыў не гнацца за багаццем. Галоўнае — заставацца чалавекам. Яго аднавяскоўцы паважалі за старанне і працавітасць, ладны быў селянін, пражыў амаль 90 гадоў. Бабуля Рэгіна Пятроўна летась на сто другім годзе адышла ў вечнасць. У радасць была праца на зямлі. За старанне атрымала ад Усявышняга доўгі век, і мяне такая праца цешыць. Калі адольвае маркота ад бязвыхаднага становішча, імкнуся пераключыцца на нешта іншае. Паразважаю, і ўсё становіцца на свае месцы. Важна адчуваць сябе патрэбным людзям, тады жыць цікавей і весялей.

— Дзякуй, Павел Алегавіч, за сустрэчу на зэльвенскай зямлі. Далейшых поспехаў вам і ўсяму калектыву!

СБ