Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
01.02.2023

Апублікавана карта лагераў смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР у гады вайны

 31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Апублікавана карта лагераў смерці, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці Генпракуратуры.

Карта лагераў смерці, якія функцыянавалі ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі, створана і апублікавана ДУП "Нацыянальнае кадастравае агенцтва". Ініцыятыву вылучыла Генпракуратура. У аснову пакладзены матэрыялы крымінальнай справы па факце генацыду.

У наглядным ведамстве падкрэслілі, што палітыка генацыду, якая ажыццяўлялася гітлераўцамі ў адносінах да жыхароў БССР, мела сістэмны і планамерны характар. Нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя масава знішчалі беларускае насельніцтва, насільна эксплуатавалі народ, стваралі нязносныя і непрыдатныя для жыцця ўмовы. Лагеры смерці - месцы масавага ўтрымання і знішчэння людзей - сталі адным са спосабаў ажыццяўлення нацысцкай Германіяй генацыду.

Папярэднія вынікі расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе даюць падставу сцвярджаць, што ў адрозненне ад акупіраваных краін заходняй Еўропы на тэрыторыі БССР ва ўсіх відах лагераў смерці нацысты рэалізоўвалі галоўную мэту генацыду - татальнае фізічнае знішчэнне славянскага і яўрэйскага насельніцтва, а таксама іншых этнічных груп.

Да ўзбуджэння Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе было вядома аб існаванні крыху больш як 480 месцаў масавага ўтрымання і знішчэння людзей, якія былі створаны і функцыянавалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР.

Разам з тым даныя, атрыманыя ў ходзе расследавання крымінальнай справы, сведчаць, што гэта лічба не канчатковая. За час следства выяўлена больш за 90 раней невядомых лагераў смерці. Па меры збору новых доказаў карта будзе дапаўняцца.

БЕЛТА