Галоўная / Белорусская версия / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.02.2022

Эстафета алімпійскага агню стартавала ў Пекіне

 
Прэзідэнт аргкамітэта
Прэзідэнт аргкамітэта "Пекін-2022" Цай Цы. Фота EPA-EFE

2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эстафета агню зімовай Алімпіяды 2022 года стартавала сёння ў Пекіне. Урачыстая цырымонія адбылася ў Алімпійскім парку на поўначы сталіцы КНР, паведамляе ТАСС.

Эстафета пачалася ў 09.16 па мясцовым часе. "Аб'яўляю старт эстафеты агню зімовай Алімпіяды 2022 года ў Пекіне", - заявіў на цырымоніі першы віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР Хань Чжэн.

З-за пандэміі маршрут і працягласць эстафеты былі істотна скарочаны. Для прадухілення рызык распаўсюджвання каранавіруса эстафета пройдзе без гледачоў. Акрамя таго, яе этапы размешчаны далёка ад ажыўленых вуліц і раёнаў. Эстафета будзе ўключаць у сябе 12 ключавых этапаў у трох кластарах правядзення алімпійскіх спаборніцтваў: у Пекіне і ў горадзе Чжанцзякоу вылучана па пяць зон для перадачы алімпійскага агню, яшчэ дзве размешчаны ў сталічным раёне Яньцын.

Адзінаццаць этапаў эстафеты знаходзяцца за межамі "сістэмы замкнёнага цыкла" - алімпійскага "пузыра", унутры якога пражываюць усе замежныя дэлегацыі, у ім размешчаны спартыўныя аб'екты і алімпійскія вёскі. Апошні, 12-ы этап эстафеты, пройдзе ўжо ўнутры "пузыра": 4 лютага факел вернецца ў Пекін і прыбудзе ў Алімпійскі парк, на тэрыторыі якога размешчаны нацыянальны стадыён "Птушынае гняздо", дзе пройдзе цырымонія адкрыцця Гульняў.

У першы дзень эстафеты - 2 лютага - факел пабывае ў Алімпійскім парку Пекіна, у той яго частцы, якая знаходзіцца за межамі "пузыра". Пасля абеду агонь прыбудзе ў парк зімовых Алімпійскіх гульняў на захадзе горада.

Увогуле ў эстафеце прымуць удзел амаль 1,2 тыс. факеланосцаў ва ўзросце ад 14 да 86 гадоў. Акрамя таго, у ёй будуць удзельнічаць прадстаўнікі амаль 20 краін і рэгіёнаў свету. Упершыню ў гісторыі для перадачы факела будуць задзейнічаны не толькі людзі, але і машыны: робаты-амфібіі пераправяць агонь пад вадой у рацэ Юндзін, а на ўчастку ў прамысловым парку "Шоўган" (частка парку зімовых Алімпійскіх гульняў) будуць задзейнічаны беспілотныя транспартныя сродкі.

БЕЛТА