Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.02.2023

Галоўчанка: з моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у энергасістэму выпрацавана 11,7 млрд кВт.гадз

 13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З моманту ўключэння першага энергаблока БелАЭС у энергасістэму выпрацавана 11,7 млрд кВт.гадз. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з генеральным дырэктарам дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксеем Ліхачовым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, у лістападзе мінулага года на палях форуму "Атамэкспа" ў Сочы падпісана міжурадавае пагадненне аб абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам. У Беларусі цяпер праводзіцца адпаведная працэдура па яго ратыфікацыі.

"Што датычыцца сумеснага праекта па атамнай станцыі, з моманту нашай мінулай сустрэчы ў жніўні 2022 года адбылося нямала пазітыўных падзей у яго рэалізацыі. 9 лістапада 2022 года першы энергаблок уключаны ў сетку і ўстойліва працуе на намінальнай магутнасці. У мінулым годзе было выпрацавана 4,69 млрд кВт.гадз, што дало магчымасць нашай краіне сэканоміць значную колькасць спажытага прыроднага газу. З моманту яго ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму (3 лістапада 2020 года. - Заўвага БЕЛТА) выпрацавана практычна 11,7 млрд кВт.гадз", - расказаў прэм'ер-міністр.

Ідуць работы па другім энергаблоку. "Рэалізуюцца ўсе мерапрыемствы этапу фізічнага пуску. Спадзяёмся, што першае ўключэнне ў сетку адбудзецца ў сакавіку гэтага года з выхадам на этап энергетычнага пуску. Рады, што ўсё ідзе ў планавым парадку", - паведаміў кіраўнік беларускага ўрада.

Ён адзначыў, што пытанні БелАЭС прыцягваюць вялікую ўвагу грамадства. "Мы фіксуем, што ў краіне гэта адна з важных і пазітыўных інфармацыйных падстаў, у адрозненне ад крытыканаў, якія знаходзяцца за мяжой", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.

У сваю чаргу Аляксей Ліхачоў канстатаваў, што першы энергаблок - гэта першы ў свеце блок пакалення 3+, пабудаваны па экспартнай тэхналогіі. "Вы ўсё сказалі пра першы блок дакладна. Мы выканалі ўсе свае абавязацельствы. Што датычыцца блока нумар два, у снежні мінулага года, у адпаведнасці з вашымі даручэннямі, перайшлі да этапу фізічнага пуску, паліва загружана. Чакаем адпаведнага рашэння рэгулятара, каб пачаць выходзіць на магутнасць і прывесці блок да тэхнічнай эксплуатацыі. У нас вялікія перспектывы ў сувязі з пашырэннем узаемадзеяння ў сферы атамнай энергетыкі", - падкрэсліў ён.

БЕЛТА