Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.01.2022

Генпракурор накіраваў у Саўмін прапановы па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады вайны

 

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Савет Міністраў інфармацыю з канкрэтнымі прапановамі па ўвекавечанні памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці Генеральнай пракуратуры.

Прапрацоўка гэтага пытання была пачата ў ліпені 2021 года - тады нагляднае ведамства інфармавала ўрад аб неабходнасці прыняць меры па захаванні гістарычнай памяці зверстваў нацысцкіх злачынцаў на тэрыторыі Беларусі.

Цяпер пры расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўстанаўліваюцца раней невядомыя грамадскасці месцы масавых забойстваў мірных жыхароў. І каб забяспечыць ідэалагічную пераемнасць пакаленняў, Генпракуратура выступіла з ініцыятывай прыняць рашэнне аб абазначэнні месцаў пахавання ахвяр генацыду.

У прыватнасці, у ходзе рэалізацыі дзяржпраграмы "Увекавечанне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны" на 2021-2025 гады Савету Міністраў прапануецца стварыць спецыяльную міжведамасную камісію. Як мяркуецца, ёй будзе даручана рэалізацыя пытанняў, якія датычацца вызначэння памятных узбуйненых месцаў пахаванняў астанкаў ахвяр генацыду беларускага народа і арганізацыі работы па захаванасці месцаў выяўлення астанкаў, іх перапахаванні і пахаванні з выкананнем рытуалаў і адданнем неабходнай пашаны.

Нагляднае ведамства прапануе разгледзець пытанне аб стварэнні адзінага мемарыяльнага комплексу ахвяр генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны і прысвечанага ім распазнавальнага памятнага знака адзінага ўзору, а таксама аб падрыхтоўцы адпаведнага праекта нарматыўнага прававога акта. Таксама, на думку Генпракуратуры, варта прадугледзець унясенне звестак аб ахвярах генацыду ў "Кнігу памяці" Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, трэба скаардынаваць работу абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў па стварэнні ў музейных установах рэспублікі экспазіцый, прысвечаных ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У наглядным ведамстве лічаць, што гэта дасць магчымасць данесці да грамадзян, асабліва моладзі, асновы фундаментальных ідэй міру і непарушнасці правоў чалавека. Гэта работа будзе садзейнічаць фарміраванню аб'ектыўнага ўяўлення аб каштоўнасных арыенцірах цывілізаванага грамадства, стане ідэалагічным інструментам барацьбы з праявамі нацызму ў сучасных умовах.

Цяпер па ініцыятыве Генпракуратуры Міністэрства культуры ва ўзваемадзеянні з абласнымі і Мінскім гарадскім выканкамамі пачало ўжо гэту работу. У рэгіёнах яна наладжана ў цесным супрацоўніцтве з пракурорамі.

Напрыклад, у 2022 годзе Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для экспанавання ў гарадах і населеных пунктах Беларусі запланаваў стварыць перасовачную часовую экспазіцыю "Генацыд беларускага народа", аснову якой складуць уласныя, а таксама прадстаўленыя Генпракуратурай матэрыялы.

Акрамя таго, прапрацоўваецца пытанне дапаўнення экспазіцыі музейнай залы "Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі. 1941-1944 гг." матэрыяламі па гэтай тэме.

Генпракуратура таксама прапанавала ўраду даручыць міністэрствам адукацыі і інфармацыі абнавіць і сістэматызаваць інфармацыйную, асветную, вучэбна-выхаваўчую работу для фарміравання ў падрастаючага пакалення маральнай і грамадска-палітычнай пазіцыі адносна падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, фундаментальных каштоўнасцей грамадства, захавання гістарычнай памяці, у тым ліку праз уключэнне адпаведных заняткаў у вучэбную праграму.

БЕЛТА