Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
16.03.2023

Качанава на ўручэнні пашпартоў: любіце краіну і ведайце, што вас тут цэняць і вы патрэбны сваёй краіне

 15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 15 сакавіка ўручыла пашпарты лепшым навучэнцам Мінскай вобласці. Урачыстая цырымонія прайшла ў Стаўбцоўскай школе мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У знамянальнае для краіны свята - Дзень Канстытуцыі Беларусі - у зале Стаўбцоўскай школы мастацтваў сабраліся выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных і творчых конкурсаў, лідары школьных грамадскіх аб'яднанняў, удзельнікі навукова-даследчых канферэнцый, маладыя людзі, якія актыўна ўдзельнічаюць у сацыяльнай і грамадскай дзейнасці Стаўбцоўскага раёна. Свой галоўны дакумент ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі 12 хлопцаў і дзяўчат. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Свой галоўны дакумент ад Наталлі Качанавай атрымала вучаніца Заямнаўскай сярэдняй школы, удзельніца абласнога этапу конкурсу "Вучань года - 2022", уладальніца другога месца ў абласным этапе ўсебеларускай маладзёжнай экспедыцыі "Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства", кіраўнік атрада раённага злёту-конкурсу атрадаў юных інспектараў руху (ЮІР) Марыя Баброва. "Мы, маладыя грамадзяне Стаўбцоўшчыны, атрымліваючы пашпарты ў Дзень Канстытуцыі, прымаем на сябе званне грамадзян Беларусі і клянёмся сваёй вучобай, працай і ведамі ўмацоўваць аўтарытэт і добрае імя нашай краіны. У свае 14 гадоў мы ўжо дастаткова дарослыя, каб усведамляць сваю ролю ў грамадстве. І мы разумеем, які клопат праяўляе дзяржава пра моладзь, дзе кожны можа вучыцца, развіваць здольнасці, выбіраць будучыню. Мы жывём у моцнай, працвітаючай краіне, у якой свята шануюць традыцыі, берагуць спадчыну, падтрымліваюць сувязь часоў і пакаленняў. Дзякуючы подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў мы жывём у свабоднай і мірнай краіне, дзе кожны ўпэўнены, што яго свабода, жыццё і правы надзейна абаронены. Мы адчулі адказнасць, ускладзеную на нас разам з атрыманнем галоўнага дакумента. Усё можа родная зямля - можа накарміць хлебам, напаіць са сваіх крыніц, здзівіць сваім хараством, вось толькі абараніць сама сябе яна не можа. Таму наша задача - стаць сапраўднымі абаронцамі роднай зямлі, працаваць у імя міру і стварэння", - сказала школьніца.

"Я прыемна ўражана тым, што сказала Маша. Яна мае рацыю, усё зможа родная зямля, толькі не зможа сама сябе абараніць. Гэта ў вашых руках. Сёння вы сталі грамадзянамі сваёй краіны, былі імі і да гэтага. Любіце сваю краіну і ведайце, што вас тут любяць, цэняць і вы патрэбны сваёй роднай краіне", - дала наказ юным грамадзянам Наталля Качанава.

БЕЛТА