Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.06.2023

Каранкевіч расказаў, як ідуць работы на другім энергаблоку БелАЭС

 НАВІНЫ СЮЖЭТА "БЕЛАРУСКАЯ АЭС НАЙНОЎШАГА ПАКАЛЕННЯ 3+"

9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч расказаў журналістам, як ідуць работы на другім энергаблоку БелАЭС, у час Дня электратранспарту ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віктар Каранкевіч адзначыў, што першы энергаблок БелАЭС уведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе. 31 мая 2023 года на БелАЭС пачалі этап доследна-прамысловай эксплуатацыі другога энергаблока. Ён прадугледжвае паэтапнае павышэнне магутнасці рэактарнай устаноўкі энергаблока з 50 працэнтаў да намінальнай з правядзеннем вялікай колькасці выпрабаванняў тэхналагічных сістэм і абсталявання на розных рэжымах работы блока, у тым ліку з адключэннем ад сеткі.

"Рэактарная ўстаноўка цяпер стала працаваць на 75 працэнтах магутнасці. На гэтай магутнасці праходзіць пэўны пералік мерапрыемстваў і даследаванняў. Ну а ў далейшым будзе асваенне магутнасці да 100 працэнтаў. Усё гэта ў рамках этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі", - адзначыў Віктар Каранкевіч.

На заканчэнне гэтага этапу будзе праведзена комплекснае апрабаванне абсталявання энергаблока на намінальнай магутнасці рэактарнай устаноўкі на працягу 15 сутак. Пасля паспяховага выканання гэтых работ блок будзе гатовы да прыёмкі ў прамысловую эксплуатацыю.

З моманту ўключэння ў энергасістэму краіны першага энергаблока БелАЭС, а таксама з улікам работы на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі другога блока сумарная выпрацоўка электраэнергіі станцыяй склала 15,5 млрд кВт.гадз, што дало магчымасць замясціць каля 4 млрд куб.м прыроднага газу.

З уводам другога энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю БелАЭС штогод будзе генерыраваць каля 18,5 млрд кВт.гадз электраэнергіі.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце "АЭС-2006", які належыць да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.

БЕЛТА