Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.03.2023

КДБ раскрыў падрабязнасці затрымання ў Беларусі ўкраінскага тэрарыста і яго саўдзельнікаў

 7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік начальніка Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак раскрыў журналістам падрабязнасці затрымання ў Беларусі ўкраінскага тэрарыста і яго саўдзельнікаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ва ўзаемадзеянні з МУС, ДПК і іншымі праваахоўнымі органамі праведзена маштабная спецыяльная аперацыя, у выніку якой на адной з явачных кватэр затрыманы грамадзянін Украіны Швец Мікалай Уладзіміравіч 1993 года нараджэння, які зрабіў спробу ўчынення акта тэрарызму на беларускім ваенным аб'екце - аэрадроме Мачулішчы ў Мінскім раёне 26 лютага 2023 года. У выніку праведзеных КДБ контрразведвальных мерапрыемстваў устаноўлена прыналежнасць да арганізацыі тэракта аператыўнага складу і кіраўніцтва службы бяспекі Украіны. Выкрыта сістэма вярбоўкі спецслужбамі Украіны ўласных грамадзян для ўчынення актаў тэрарызму на тэрыторыі замежных дзяржаў, устаноўлены арганізацыі прыкрыцця, якія выкарыстоўваліся для іх падрыхтоўкі і навучання, вывучана тактыка прымянення выбуховых рэчываў, механізмы камунікацыі і кіравання агентурай, выкрыты і ліквідаваны каналы эвакуацыі агента", - расказаў Канстанцін Бычак.

Паводле яго слоў, першасныя следчыя дзеянні даюць магчымасць зрабіць выснову аб задзейнічанні ў падрыхтоўцы акта тэрарызму агентуры спецслужбаў Рэспублікі Польшча з ліку так званых збеглых беларусаў - прыхільнікаў насільнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, актыўных удзельнікаў падзей жніўня 2020 года. "Аперацыя па пошуку і затрыманні злачынцаў адбывалася пад непасрэдным кантролем кіраўніка дзяржавы, якім неадкладна былі дадзены даручэнні аб перакрыцці дзяржаўнай граніцы і прыняцці іншых вычарпальных мер, накіраваных на выяўленне і прыцягненне да ўстаноўленай адказнасці ўсіх прыналежных да тэрарыстычнай дзейнасці. У выніку выкрыта і ліквідавана агентурная сетка з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прымалі ўдзел у забеспячэнні дзейнасці агента-тэрарыста, яго легалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і няўдачнай спробе эвакуацыі, - адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення. - Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, названыя грамадзяне былі прыцягнуты да проціпраўнай дзейнасці размешчанымі за мяжой беларускімі экстрэмісцкімі палітэмігранцкімі цэнтрамі, якія фактычна па заданні ўкраінскіх і польскіх спецслужбаў выкарыстоўвалі як расходныя матэрыялы".

Па факце спробы ўчынення акта тэрарызму следчым упраўленнем КДБ узбуджана крымінальная справа па арт.289 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Затрымана больш за 20 асоб, у тым ліку непасрэдны выканаўца - агент украінскай спецслужбы. "Цяпер Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі праводзяцца маштабныя мерапрыемствы, накіраваныя на адпрацоўку асоб з дэструктыўнага асяроддзя на прадмет прыналежнасці іх да проціпраўнай дзейнасці, - дадаў Канстанцін Бычак. - Затрыманы Швец актыўна супрацоўнічае са следствам і дае паказанні прызнання".

БЕЛТА