Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
10.03.2023

Лукашэнка: ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдалося зламаць Беларусь і не ўдасца

 10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдалося зламаць Беларусь і не ўдасца. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Прэзідэнта аб выніках работы эканомікі за 2022 год і вырашэнні актуальных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2023 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сярэдзіне мінулага года мы дамовіліся, што ацэнім разам работу эканомікі па яго выніках на пасяджэнні Савета Міністраў у фармаце канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзідэнта - вядома, якіх. Мы пражылі з вамі няпросты 2022 год. На нас, як вядома, спрабавалі націскаць па ўсіх напрамках. Пад удар трапілі ключавыя экспартныя галіны, 40 працэнтаў нашых традыцыйных рынкаў збыту, транспартна-лагістычныя калідоры, сістэма банкаўскіх разлікаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта не проста жаданне паралізаваць беларускую эканоміку, а планамерная спроба пазбавіць звычайных людзей сродкаў да існавання. "Як вынік - выклікаць сацыяльны выбух, які паставіў бы пытанне аб тым, ці застанецца на палітычнай карце свету такая дзяржава, як наша. Як і раней, з усёй адказнасцю заяўляю: застанецца. І будзе толькі мацней. Ні эканамічна, ні палітычна нікому не ўдасца нас зламаць, як і не ўдавалася да гэтага часу", - заявіў беларускі лідар.

У такой няпростай сітуацыі галоўнай задачай для прэм'ер-міністра, урада і ўсёй вертыкалі ўлады, нагадаў Прэзідэнт, было забяспечыць эфектыўную работу эканомікі, стабільнасць сацыяльна-працоўнай сферы і падтрымліваць узровень дабрабыту насельніцтва.

"Усё трымаецца на эканоміцы. Усякая бяспека, барацьба з беспілотнікамі, бандытамі, тэрарыстамі - усё ў эканоміцы. Будзе эканоміка - усё астатняе мы вырашым. На працягу года мы не раз праводзілі нарады, выпрацоўвалі папераджальныя і кампенсуючыя меры, ацэньвалі іх дзейснасць, знаходзілі вокны магчымасцей. Такім чынам атрымалі каласальны вопыт развіцця нават у такіх беспрэцэдэнтных умовах. Таму можна з упэўненасцю гаварыць, што экзамен на эканамічную ўстойлівасць мы ў цэлым вытрымалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА