Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.06.2023

Лукашэнка паставіў задачу ў 2024 годзе жалезабетонна вызначыцца з сістэмай паступлення

 6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па бягучых пытаннях уступнай кампаніі паставіў задачу ў 2024 годзе жалезабетонна вызначыцца з сістэмай паступлення, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам трэба вызначыцца, як будзем вынікі сярэдняй адукацыі падводзіць у школах? Якія будзем наогул здаваць экзамены?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт задаўся пытаннем мэтазгоднасці адмены экзаменаў пасля заканчэння школы: "Навошта мы знялі ў школах экзамены? Я як былы настаўнік разумею, што экзамен у школе - гэта вянец усяму. Ішлі як на свята, настаўнікі задаволеныя. І я прымаў экзамены. Нічога дрэннага там не было".

"Мы пачалі спрашчацца: чатыры, тры, два экзамены... Дайшлі да таго, што ў школах не трэба экзамен (здаваць. - Заўвага БЕЛТА). Мы здаём адзіны экзамен - цэнтралізавана, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы знялі самы галоўны вынік работы у школах, вянец гэтага знялі ў школах і павезлі дзяцей у нейкія зборна-прыёмныя пункты здаваць цэнтралізаваны экзамен. Нават па форме неяк не вельмі".

Пры абмеркаванні пытання адмены выпускных экзаменаў у школе і замены іх на цэнтралізаваныя ў якасці адной з прычын называлася імкненне разгрузіць дзяцей. Аднак у гэтым трэба дзейнічаць разумна і не перастарацца, стварыўшы зусім цяплічныя ўмовы. "Я лічу, што дзеці, здаючы школьныя экзамены, трэніруюцца і рыхтуюцца здаваць экзамены ў ВНУ - больш сур'ёзныя. І потым, калі ты 11 гадоў нармальна займаўся, вучыўся, ты падрыхтуешся і здасі ў школе экзамен", - упэўнены Прэзідэнт.

Яшчэ адным аргументам пры пераходзе да цэнтралізаваных экзаменаў было забеспячэнне аб'ектыўнасці ацэньвання ведаў у адрозненне ад школ, дзе настаўнікі маглі "падганяць" адзнакі. Аднак пры правядзенні ЦЭ высветлілася, што падагульняючыя адзнакі ў школе ў прынцыпе супастаўныя з вынікамі ЦЭ і не вельмі адрозніваюцца. "Мы падазравалі, што школы "падганяюць" неяк ацэнкі. А аказалася (вы самі гэту выснову ў міністэрстве зрабілі), што вынікі ЦЭ суадносяцца і супадаюць практычна з вынікамі ў школе. Дык навошта са школы забіралі экзамены?" - задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў задачу ў 2024 годзе канчаткова вызначыцца з сістэмай паступлення. "Пры паступленні ў ВНУ мы павінны вызначыцца: або мы пойдзем зноў шляхам цэнтралізаванага тэсціравання, калі сядзіш там і часам тыкаеш пальцам у неба, або ж мы будзем здаваць экзамены шляхам гутаркі, выкарыстоўваючы сістэму, якая добра зарэкамендавала сябе. Або гэта будзе нейкі сімбіёз, сумесь таго і другога. Мы павінны дакладна вызначыцца. Гэта не для бягучага года (задача. - Заўвага БЕЛТА), але для наступнага года - жалезабетонна", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы анансаваў правядзенне вялікай нарады па заяўленай тэматыцы па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна па рабоце сістэмы аховы здароўя. Асноўным пытаннем будзе правядзенне ўступнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры яго абмеркаванні хацеў бы пачуць розныя, няхай нават палярныя пункты гледжання спецыялістаў, каб на іх аснове можна было выпрацаваць узважанае рашэнне.

"Падкрэслю: памылак або, не дай бог, злоўжыванняў тут быць не павінна. Вы маю пазіцыю ведаеце: павінна быць справядліва і зразумела для людзей", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Акрамя таго, ён нагадаў адказным асобам пра неабходнасць кантролю за якасцю школьных падручнікаў: "Не забывайце пра падручнікі. Галоўнае ў школе - гэта падручнікі. Усе задачы некалькі гадоў таму былі пастаўлены. Вывучыце разам з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, як вырашаецца гэта праблема".

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуўся да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, які працаваў міністрам адукацыі да назначэння на гэту пасаду Андрэя Іванца. "Ты ўчарашні міністр адукацыі. Табе было даручэнне - знаходзіцца год-два побач з міністрам (Андрэем Іванцом. - Заўвага БЕЛТА), унікаць у гэту сістэму і выказваць свой пункт гледжання і пазіцыю. Пакуль я не бачу тваёй пазіцыі. Таму далучайся. Ты ўсё жыццё ў адукацыі. І ў цябе ёсць людзі, якія многае могуць падказаць, параіць. Трэба прыцягваць, акумуляваць іх меркаванні і таксама ўносіць прапановы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў на нарадзе міністр адукацыі Андрэй Іванец, цэнтралізаваны экзамен у першую чаргу з'яўляецца формай падагульняючай атэстацыі за курс сярэдняй школы і дае магчымасць убачыць фактычны зрэз ведаў кожнага выпускніка.

"Гэта для нас вельмі сур'ёзны і важны інструмент кіравання сістэмай школьнай адукацыі. Я хацеў бы адкрыта сказаць: гэты інструмент дакладна адкажа на тры пытанні: чаму вучым, як вучым і хто вучыць. Для гэтага ў нас ёсць увесь неабходны інструментарый", - заявіў міністр.-0-