Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.07.2024

Лукашэнка заявіў аб ліквідацыі напружанасці на граніцы з Украінай

 13 ліпеня, Лунінецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб ліквідацыі напружанасці на граніцы з Украінай пасля значнай эскалацыі абстаноўкі некаторы час таму, на што беларускі бок вымушаны быў рэагаваць. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў Лунінецкім раёне па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі краіны на паўднёвым аперацыйным напрамку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мне Камітэт дзяржбяспекі дакладваў і ваенная разведка аб тым, што пасля нашай пэўнай работы ўкраінцы свае ўзброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай граніцы (гэта было нямала тысяч чалавек), ад граніцы адвялі і наогул вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай граніцы. Гэта значыць, тыя войскі, якія ўзмацнялі іх дзеянні, з граніцы выйшлі, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Калі гэта так… А гэта дакладна так. Таму што ў хлопцаў пытаўся і гэтага палка (Прэзідэнт у Лунінецкім раёне наведаў месца дыслакацыі 56-га зенітнага ракетнага палка). Не толькі міністр абароны, але і яны гавораць аб тым, што цяпер у нас ускладненняў ніякіх няма з украінцамі. І я спадзяюся, што і не будзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок не хацеў гэтага абвастрэння, і яно яму абсалютна не патрэбна. "Тым больш гэта не патрэбна Украіне. У іх хапае гэтых праблем", - заўважыў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што сур'ёзнае абвастрэнне і ўскладненне на паўднёвых рубяжах было заўважана некалькі тыдняў таму. І гэта выклікала сур'ёзную трывогу ў насельніцтва, на што быў вымушаны адрэагаваць і кіраўнік дзяржавы. На ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасці пасля пратакольнага выступлення Аляксандр Лукашэнка выказаўся і на гэту тэму.
"Я вымушаны быў, наколькі гэта магчыма, супакоіць насельніцтва, што ніякай вайны не будзе, мы не дапусцім эскалацыі на нашай граніцы. У рэшце рэшт, гэта наша справа - людзей у пагонах - зрабіць так, каб было спакойна і нашы людзі маглі працаваць і займацца ўборкай ураджаю сёння (ураджай нядрэнны), - звярнуў увагу ён. - Гэта значыць, была сур'ёзная трывога нашага насельніцтва. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб вывадзе асобных падраздзяленняў нашых на граніцу. І сіл спецыяльных аперацый. Былі дадаткова мабілізаваны і пераведзены на ўзмоцненую ахову граніцы нашы пагранічнікі. Хоць яны, гаротнікі, і так цяпер сур'ёзна перагружаны. Тым не менш краіну трэба абараняць - па апошнім метры зямлі толькі пагранічнік ходзіць, таму была ўзмоцнена ахова дзяржаўнай граніцы з боку пагранічных войскаў".
"Што датычыцца дадатковай мабілізацыі сіл спецыяльных аперацый, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ўмовы і так былі даволі напружаныя: "Дастаецца тут на гэтай паўднёвай граніцы".

"Гэта значыць, мы актывізаваліся, і нашы войскі таксама былі актывізаваны", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Дээскалацыя напружанасці, якая адбылася ў выніку, сведчыць, што абяцанні кіраўніка дзяржавы аб тым, што ваенныя людзі забяспечаць мір і бяспеку, былі выкананы. "Як я гаварыў, я паабяцаў людзям, што з сітуацыяй мы справімся", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-