Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.12.2021

МУС гатова да забеспячэння бяспекі грамадзян у час святкавання Новага года і Каляд

 
Фота з архіва
Фота з архіва

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Органы ўнутраных спраў гатовы да забеспячэння бяспекі грамадзян у час святкавання Новага года і Каляд, заявіў сёння журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МГБ МУС Аляксандр Купчэня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Міністэрствам унутраных спраў у межах кампетэнцыі ажыццяўляецца падрыхтоўчая работа па забеспячэнні грамадскай бяспекі пры правядзенні святочных мерапрыемстваў. Органы ўнутраных спраў гатовы да забеспячэння бяспекі грамадзян у час святкавання Новага года і калядных богаслужэнняў. Асабовы склад нацэлены на якаснае нясенне службы, ветлівае і карэктнае абыходжанне з грамадзянамі і лаяльнае стаўленне да іх", - сказаў Аляксандр Купчэня.

Паводле яго слоў, асабовы склад органаў унутраных спраў пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. У ходзе масавых мерапрыемстваў месцы іх правядзення будуць агледжаны сапёрна-піратэхнічнымі групамі, абсталяваны неабходнай колькасцю кантрольна-прапускных пунктаў, эвакуацыйных выхадаў і ўзяты пад кантроль МУС. "Усе грамадзяне змогуць прайсці на свята толькі пасля асабістага надгляду. Для камфортнага адпачынку і выключэння негатыўных наступстваў рэкамендуем прыходзіць у месцы правядзення мерапрыемстваў загадзя. Асобы, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, да месцаў правядзення масавых мерапрыемстваў дапушчаны не будуць", - звярнуў увагу начальнік.

На прылеглай тэрыторыі ва ўстаноўленым парадку ў святочныя дні будзе абмежаваны рух грузавых транспартных сродкаў, пры гэтым прадугледжаны аб'язныя маршруты і своечасовае інфармаванне аб усіх змяненнях арганізацыі дарожнага руху. У некаторых месцах правядзення мерапрыемстваў ДАІ плануе змяніць арганізацыю дарожнага руху. Таму грамадзян, якія маюць намер прыехаць да месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў, заклікаюць загадзя паклапаціцца аб тым, дзе яны пакінуць свае аўтамабілі.

У сувязі з каляднымі і навагоднімі святамі для забеспячэння бяспекі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўзмоцняць кантроль за выкананнем правіл дарожнага руху. Павышаную ўвагу ўдзеляць вадзіцелям, якія знаходзяцца ў стане ап'янення, альбо кіруюць транспартнымі сродкамі без вадзіцельскіх пасведчанняў. Акрамя таго, інспектары пракантралююць выкананне вадзіцелямі скорасных рэжымаў, правіл манеўравання і бяспечнай перавозкі маленькіх пасажыраў. Не застануцца без увагі парушэнні з боку пешаходаў.

Супрацоўнікі ДАІ арыентаваны на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху і арганізацыю бяспечных умоў на дарогах. Для гэтага яны вядуць кругласутачны маніторынг стану вулічна-дарожнай сеткі на прадмет своечасовага выканання дарожна-камунальнымі службамі работ па ліквідацыі зімовай слізкасці.

"Калядныя і навагоднія мерапрыемствы ў нашай краіне карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. На жаль, у выхадныя дні празмернае ўжыванне алкагольных напіткаў часта правакуе асобныя катэгорыі грамадзян на ўчыненне правапарушэнняў, нярэдка і цяжкіх злачынстваў. Традыцыйна нязменным атрыбутам навагодніх мерапрыемстваў з'яўляюцца феерверкі, салюты і іншыя відовішчы з прымяненнем піратэхнікі. Аднак не трэба забываць аб захаванні мер бяспекі пры абыходжанні з гэтымі вырабамі, таму што яны могуць прывесці да сур'ёзных траўмаў, а таксама пашкоджання маёмасці. Толькі ў навагоднюю ноч 2021 года траўмы атрымалі 10 грамадзян", - расказаў Аляксандр Купчэня.

Ён нагадаў, што прымяненне піратэхнікі, звязанае з парушэннем грамадскага парадку і спакою грамадзян, кваліфікуецца як дробнае хуліганства. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Калі такія дзеянні прывядуць да наўмыснага знішчэння або пашкоджання маёмасці ў нязначным памеры і пры адсутнасці прыкмет крымінальна каральнага дзеяння, за гэта таксама прадугледжаны штраф да 30 БВ. Пры больш сур'ёзных наступствах магчыма крымінальная адказнасць.

"Пераканаўчая просьба з разуменнем паставіцца да прынятых мер бяспекі, выконваць устаноўлены парадак масавых мерапрыемстваў, не дапускаць парушэнняў дзеючага заканадаўства. У выпадку выяўлення безгаспадарных прадметаў або падазроных грамадзян просьба неадкладна інфармаваць аб гэтым органы ўнутраных спраў", - рэзюмаваў праваахоўнік.

БЕЛТА