Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
10.07.2023

Пра нацыянальную годнасць, малую радзіму і рэцэпт міру. Прамова Лукашэнкі ў Александрыі на свяце "Купалле"

 Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р. на рэспубліканскім свяце "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў").

Шаноўныя суайчыннікi, паважаныя госці!

Александрыя зноў паклікала сяброў. I зноў мы тут разам.

Сабраліся, каб на імгненне спыніць шалёны бег часу і звярнуцца да сваіх вытокаў. Хаця б у думках.

Сёння тут, на маляўнічым беразе Дняпра, надзвычай моцна б'ецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі.

Мы бачым яе ў творчасці таленавітых майстроў, у мелодыі народных песень, у сюжэтах старажытных абрадаў і ў чараўніцтве купальскай ночы.

Гледзячы на маштаб гэтага свята, я кожны раз думаю: наш фестываль - увасабленне ўсяго, што мы з гонарам лічым спрадвечнай спадчынай.

Гэта найвялікшая каштоўнасць чалавечых адносін, заснаваных на сяброўстве, узаемнай павазе i гасціннасці. Тут усё гэта ёсць.

Гэта каштоўнасць свайго роду, які працягваецца дзякуючы моцным традыцыям сям'і, клопату пра бацькоў, любові да дзяцей. І штогод мы бачым, як сюды едуць сем'ямі і беларусы, і нашы паважаныя госці.

Наш фестываль таксама ўвасабляе каштоўнасць гістарычнай памяці. Памяці пра сваё слаўнае мінулае, пра тое, што Беларусь - наша зямля. I карані нашы - старажытныя. Гэту сувязь стагоддзяў мы адчуваем тут асабліва востра.

І менавiта тут мы разумеем каштоўнасць нашага культурнага кода. У ім з самага пачатку былі закладзены імкненне беларусаў да справядлівасці, высокая маральнасць і патрыятызм. На такіх прынцыпах пабудавана і развіваецца сёння наша нацыянальная дзяржава.

Нам штодзённа спрабуюць навязаць так званыя ўніверсальныя каштоўнасці. Але ж яны не для нас. Глабальная дзяржава будучага - гэта ўтопія. Свет ніколі не будзе монакультурным.

Няма такой ідэі, дзеля якой усе нацыі адмовіліся б ад сваіх этнічнай гісторыі, ладу жыцця і традыцый. Тым больш сёння, калі мы бачым, як руйнуюцца лёсы цэлых народаў, якія бяздумна сякуць карані дрэва сваёй гісторыі, непакояць магілы продкаў, змагаюцца з помнікамі.

Мы бачым гэта і разумеем, што без нацыянальнай годнасці няма і не можа быць волі, суверэнітэту, павагі і бяспекі.

І зараз, калі ў свеце працягваецца барацьба за захаванне менавіта каштоўнаснай асновы дзяржавы, сапраўды незалежныя нацыі робяць усё, каб зберагчы свой самабытны лад жыцця. Як мы ў Расіі ці ў Беларусi.

Народы аб'ядноўвае не культура адмены, а дыялог культур. У гэтым галоўны сэнс нашага свята. Вось тое, што натхняе нас на развіццё. Штогод Александрыя запрашае сяброў з усяго свету дзеля міру і стварэння! А праз невялікі час ў Вiцебску мы таксама сустрэнемся пад гэтымі лозунгамі.

Дарагія сябры!

Вы ведаеце, што маё сэрца належыць гэтаму куточку Беларусі. Тут маё месца сілы. Гэты край, людзі, якія ў ім жывуць, навучылі мяне любіць сваю краіну і свой народ.

І я заўсёды буду ўдзячны сваёй малой радзіме за праведзеныя тут шчаслівыя гады дзяцінства і майго юнацтва. За тую энергію, якой і сёння падмацоўвае меня гэта зямля. І я гатовы дзяліцца ёю з усімі вамі.

Будзьце заўжды шчаслівыя, дарагія землякі!

І, зразумела, дзякуй усім, хто робіць гэта свята, - арганізатарам, рэжысёрам, артыстам, майстрам. Усім, хто стварае гэту асаблівую атмасферу сяброўства і цеплыні, - нашым шаноўным гасцям.

Калі мы будзем усюды, на кожным метры нашай Беларусі паводзіць (сябе. - Заўвага БЕЛТА) вось так - па-гаспадарску, гасцінна, разважліва, будзем вітаць нашых родных, сяброў і нават тых, хто памыліўся, але (якія. - Заўвага БЕЛТА) будуць прыязджаць да нас з добрымі намерамі, - у нас у краіне будзе мір.

Як толькі мы пачнём крышыць і ламаць, як толькі мы сябе ўзнясём на нябёсы і будзем там, а ўнізе, нам будзе здавацца, што гэта народы другога гатунку, - пачнецца вайна.

Таму беражыце тое, што мы маем. Шануйце тое, што мы маем. І мы заўсёды будзем жыць у міры і згодзе. Не толькі са сваімі суседзямі (яны ад бога, іх не выбіраюць), але і з усімі народамі нашай планеты.

Я хачу пажадаць вам менавіта гэтага - міру і дабра. Яскравых сёння ўражанняў ад гэтага музычнага дзейства, якое нам прадэманструюць прадстаўнікі не толькі беларускага народа.

Будзьце шчаслівыя!

БЕЛТА