Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.01.2022

Супрацоўнікі генконсульства Польшчы ў Брэсце арганізавалі спробу ўцёкаў з Беларусі падазронага ў смяротным ДТЗ

 
На месцы здарэння. Фота МУС
На месцы здарэння. Фота МУС

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўнікі генконсульства Польшчы ў Брэсце арганізавалі спробу ўцёкаў з Беларусі падазронага ў смяротным ДТЗ грамадзяніна Польшчы. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў Міністэрства замежных спраў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі. Прычына выкліку ў тым, што мы сутыкнуліся з цалкам недапушчальным выпадкам", - сказаў Анатоль Глаз.

Ён растлумачыў, што грамадзянін Польшчы на тэрыторыі Беларусі ўчыніў ДТЗ, у якім загінулі дзве дзяўчыны-беларускі. У сувязі з гэтым ён стаў падазроным па факце ДТЗ са смяротным зыходам. Раней аб гэтым здарэнні і ўзбуджанай па яго факце крымінальнай справе расказалі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці.

"Яму цалкам лагічна было часова абмежавана права выезду з Рэспублікі Беларусь. Аднак 3 студзеня, каб пазбегнуць адказнасці, гэты грамадзянін паспрабаваў пакінуць нашу краіну і скрыцца на тэрыторыі Польшчы, але быў затрыманы пагранічнікамі. Намі дакладна ўстаноўлена, што спробу ўцёкаў ініцыявалі і арганізавалі супрацоўнікі генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце, - заявіў прэс-сакратар МЗС. - Больш таго, рабілі гэта свядома, разумеючы і абгрунтаванасць абмежаванняў на выезд для падазронага, і тое, што ў выніку ДТЗ два чалавекі загінулі".

Па сутнасці, супрацоўнікі польскага консульства наўмысна штурхалі свайго грамадзяніна на парушэнне беларускага заканадаўства і далейшы яго міжнародны вышук у сувязі з ДТЗ, якое прывяло да смерці людзей, звярнуў увагу Анатоль Глаз. "Цалкам прадказальна, што такія "добрыя парады" і "добрыя паслугі" падставілі грамадзяніна Польшчы пад змяненне меры стрымання", - падкрэсліў ён.

Прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што такія дзеянні супрацоўнікаў генконсульства Польшчы парушаюць палажэнні Венскіх канвенцый аб дыпламатычных і консульскіх зносінах і парушаюць беларускае заканадаўства - гэтак жа, як парушалі б і законы любой іншай краіны. "Яны таксама не паддаюцца разуменню з пункту гледжання высокага звання консула або дыпламата. Па сутнасці, гэта службовая асоба, якая павінна быць прыкладам законнасці і мае права, напрыклад, наведваць закрытыя або пенітэнцыярныя ўстановы. І гэта службовая асоба сама свядома парушае закон. Тым больш што ў гэтым выпадку размова пра гібель людзей", - дадаў Анатоль Глаз.

У беларускім МЗС выказалі надзею, што гэта здарэнне - адзінкавы выпадак, які не характарызуе работу знешнепалітычнага ведамства Польшчы ў цэлым. "Разам з тым мы не бачым магчымасці для прадаўжэння работы гэтага консульскага супрацоўніка на тэрыторыі Беларусі. Аб інцыдэнце мы праінфармуем нашых замежных партнёраў. Разлічваем, што нашымі польскімі калегамі будуць зроблены адпаведныя высновы", - рэзюмаваў дыпламат.

БЕЛТА