Галоўная / Белорусская версия / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.02.2022

У Пекіне сёння афіцыйна адкрыюцца XXIV зімовыя Алімпійскія гульні

 

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА. Сёння ў Пекіне афіцыйна адкрыюцца XXIV зімовыя Алімпійскія гульні. Урачыстая цырымонія пройдзе на Нацыянальным стадыёне кітайскай сталіцы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Праграма мерапрыемства трымаецца ў строгім сакрэце, але арганізатары абяцаюць здзівіць гледачоў суперсучаснымі тэхналогіямі і спецэфектамі. Вядома, што ў маляўнічым шоу выступяць каля 3 тыс. удзельнікаў. Кіраваць цырымоніяй, як і на летніх пекінскіх Гульнях-2008, будзе вядомы кінарэжысёр Чжан Імоу, які быў тройчы намініраваны на "Оскар". Кульмінацыяй стане запальванне чашы з алімпійскім агнём, якое будзе ажыццёўлена найбольш нестандартным спосабам за апошняе стагоддзе. Асноўнымі тэмамі цырымоніі будуць экалогія, мір ва ўсім свеце, алімпійскія прынцыпы, а галоўнай канцэпцыяй - адзіны лёс чалавецтва. Дзень адкрыцця Алімпіяды супадае з пачаткам аграрнага сезона ў Кітаі, які называецца "лічунь", што значыць "пачатак вясны". Гэта тэма таксама будзе акрэслена ў час цырымоніі, яна будзе адпавядаць афіцыйнаму дэвізу Гульняў: "Разам дзеля агульнай будучыні". Талісманам пекінскай Алімпіяды з'яўляецца панда Бін Дуньдунь. Цырымонія адкрыцця пачнецца ў 15.00 па мінскім часе і будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5".

Спаборніцтвы Алімпіяды-2022 пройдуць на 25 аб'ектах, размешчаных у трох кластарах - Пекіне, Чжанцзякоу і Яньцыне. Медалі будуць разыграны ў 7 відах спорту, у 109 дысцыплінах. Упершыню на Гульнях будуць прадстаўлены спаборніцтвы ў жаночым слоўпстайле (фрыстайл), мужчынскім і жаночым біг-эйры (снаўборд), змешанай эстафеце ў шорт-трэку і жаночых адзіночных заездах у бабслеі.

Беларускія атлеты будуць змагацца за ўзнагароды ў шасці відах спорту: біятлон, гарналыжны спорт, канькабежны спорт, фігурнае катанне, фрыстайл. Для беларусаў гэта будуць восьмыя зімовыя Гульні ў суверэннай гісторыі.

БЕЛТА