Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.11.2021

Вальфовіч: праваахоўныя органы гатовы спыніць любыя правакацыі ў час рэферэндуму

 
Скрыншот відэа СТБ
Скрыншот відэа СТБ

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваахоўныя органы гатовы спыніць любыя правакацыі ў час рэферэндуму. Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БЕЛТА.

"Мы атрымалі вялікія ўрокі пасля 2020 года. Гэта была развязаная інфармацыйная вайна. Мы тады крыху дапусцілі памылку - закрывалі вочы на Telegram-каналы, на чаты, у якіх публікаваліся заклікі, гразь, хлусня і фэйкі. Некаторыя людзі паверылі ў гэта, выйшлі на вуліцы, спрабавалі штосьці даказаць (не зусім разумеючы, што менавіта), а некаторыя проста ішлі ў агульнай масе, як на дэманстрацыі, многім проста задурылі галаву. Мы спачатку на гэтыя фэйкі, на гэту хлусню глядзелі праз пальцы, а трэба было рэагаваць", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Паводле яго слоў, пасля гэтага былі ўнесены адпаведныя папраўкі ў заканадаўчую базу. "За гэты час каля 300 чатаў прызнаны экстрэмісцкімі, спынена работа каля 100 чатаў, 17 груп асоб, якія працавалі на розных YouTube, інтэрнэт-пляцоўках, таксама прызнаны экстрэмісцкімі, - адзначыў дзяржсакратар. - Адны чаты мы закрываем - іншыя з'яўляюцца. На гэта трэба рэагаваць, даносіць да людзей інфармацыю, расказваць праўду. Наш народ бачыць, як працуюць Прэзідэнт, урад, кіраўнікі дзяржорганаў, якія рашэнні яны прымаюць для развіцця краіны, на карысць нашага народа".

Аляксандр Вальфовіч запэўніў, што праваахоўныя органы гатовы спыніць любыя правакацыі ў час рэферэндуму. "Упэўнены, што сёння кіраўнікі разумеюць, як дзейнічаць, што трэба рабіць, як узаемадзейнічаць, каб не дапусціць таго, што было год таму. Таму адказна заяўляю, сілавы блок, ваенная арганізацыя дзяржавы, у якую ўваходзяць усе міністэрствы і ведамствы, гатовы для спынення нейкіх негатыўных наступстваў у нашай краіне", - рэзюмаваў дзяржсакратар.

БЕЛТА