Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.12.2021

Воінаў: нагнятанне ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне ніяк не стасуецца з паняццем добрасуседства

 

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нагнятанне ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне ніяк не стасуецца з паняццем добрасуседства, заявіў у час брыфінгу начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва - памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Алег Воінаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Апошнім часам пачасціліся абвінавачанні і гучныя заявы некаторых службовых асоб аб тым, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца адным з так званых пастаўшчыкоў нестабільнасці ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Прычым, як ні дзіўна, большая частка гэтых асоб знаходзіцца ў дзяржавах пояса добрасуседства. Гэта нашы бліжэйшыя суседзі, якія замест таго, каб падтрымліваць і развіваць узаемавыгадныя кантакты, займаюцца адкрытым нагнятаннем ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне, што ніяк не стасуецца з паняццем добрасуседства", - сказаў Алег Воінаў.

Паводле яго слоў, мы не можам сабе дазволіць, каб на беларускую дзяржаву "беспадстаўна лілі бруд тыя краіны, якія самі штучна нагнятаюць абстаноўку і не робяць ніякіх спроб для вырашэння сітуацыі, акрамя імкнення атрымаць пэўныя палітычныя, эканамічныя і ваенныя дывідэнды ад сваіх больш магутных партнёраў".

Запрашэнні прыняць удзел у брыфінгу былі накіраваны членам Мінскай асацыяцыі ваенных аташэ, а таксама аташэ па пытаннях абароны еўрапейскіх дзяржаў, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь па сумяшчальніцтве (з рэзідэнцыямі ў Маскве і Кіеве). У ходзе брыфінгу замежным аташэ па пытаннях абароны была прадстаўлена актуальная і аб'ектыўная інфармацыя аб стане ваенна-палітычнай абстаноўкі з акцэнтам на неканструктыўныя крокі асобных краін у адносінах да беларускай дзяржавы. Разгледжаны пытанні наяўнай ваеннай актыўнасці ў прыгранічных з Рэспублікай Беларусь раёнах, а таксама прыпынення ўзаемадзеяння з асобнымі краінамі ў галіне рэгіянальных мер умацавання даверу і бяспекі.

БЕЛТА