Галоўная / Навiны / Навіны раёна
24.01.2023

Маэстра дзіцячай літаратуры. Мiхаiлу Чарняўскаму споўнiлася 80 гадоў

 16 студзеня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння М.М.Чарняўскага – аднаго з таленавітых пісьменнікаў нашага часу. Зэльвенцы адгукнуліся на гэтую падзею шэрагам літаратурных імпрэзаў, прысвечаных юбіляру, госцю Зэльвенскіх сакавін-2016.

У Елкаўскай школе з творчасцю Чарняўскага навучэнцаў знаёмілі настаўнікі роднай мовы і літаратуры Святлана Іванаўна Літвінчык і Святлана Пятроўна Карней. Між іншым, спрыяў гэтаму і матэрыял “Працы”, прысвечаны юбіляру (гл. літаратурную старонку “Малюся Слову” за 11 студзеня).

Гімназістаў Зэльвы запрасілі ў чытальную залу раённай бібліятэкі члены клубаў “Ліра” (раённая бібліятэка) і “Малюся Слову” (дзённае аддзяленне ЦСАН). Рэй вялі кіраўнікі названых клубаў Наталля Цынс, Яніна Шматко і адна з самых актыўных членаў абодвух клубаў Таццяна Мананнікава. Вось пра гэта пасяджэнне раскажам больш падрабязна.

АЎТАРЫТЭТЫ І НАСТАЎНІКІ

Мікола Чарняўскі нарадзіўся ў вёсцы Буда-Люшаўскай Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Для хлопчыка, які вельмі рана прыахвоціўся да кніг, самымі аўтарытэтнымі і любімымі былі беларускія пісьменнікі Янка Маўр, Артур Вольскі, Васіль Вітка… Некалькі кніг Янкі Маўра былі настолькі дарагія хлопцу, што ён не здаваў іх у бібліятэку… некалькі гадоў. Мікола вельмі зайздросціў сталічным навучэнцам, якія мелі шчасце сустракацца з пісьменнікамі “жыўцом”. Сам Мікола ўбачыў любімых творцаў ужо 17-гадовым юнаком, калі закончыў школу і прыехаў падаваць дакументы ў БДУ. І настолькі добра ведаў іх аблічча па партрэтах у падручніках ды газетах-часопісах, што пазнаваў без падказкі, проста напружваючы памяць.

Да гэтых дзён захаваў Мікалай Мікалаевіч вялікую ўдзячнасць газетам “Піянер Беларусі”, “Зорька”, часопісам “Вясёлка” і “Бярозка”. Менавіта ў “Піянеры Беларусі” 65 год таму назад быў надрукаваны першы верш Міколы Чарняўскага, вучня Беліцкай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна. Літсупрацоўнікі дзіцячых выданняў цярпліва вучылі падлетка азам літаратурнага майстэрства, адказвалі на кожны дасланы ліст. Раілі не спяшыць з публікацыяй, а шліфаваць кожны радок, дабівацца трапнасці слова, нястомна шукаць свежыя эпітэты, пазбягаць банальных параўнанняў і г.д.

Калі студэнту-вячэрніку філфака патрэбна была работа, яе прапанавалі менавіта супрацоўнікі яго любімага “Піянера Беларусі”. І ён ужо сам пачаў даваць адказы на сотні пісем, якія прыходзілі штодзень у рэдакцыю. І гэтак жа, як нядаўна вучылі яго самога старэйшыя сябры, цярпліва вучыў ён юных паэтаў.

“ХРОСНЫ БАЦЬКА” ДЛЯ МАЛАДЫХ

З удзячнасцю ўспамінае сёння М.Чарняўскі сваю працу ў газеце, а потым на Беларускім радыё. Восенню 1960 года ён звярнуў увагу на ліст і верш у ім свайго аднагодка са Стаўбцоўшчыны Казіміра Камейшы. Не давяраючы свайму невялікаму вопыту і першаму ўражанню ад “Крыгахода” Казіміра, Чарняўскі паказаў верш Васілю Зуёнку. І той адразу ацаніў талент невядомага юнака і сказаў памочніку: “Пішы Казіміру, што будзем друкаваць, толькі не цяпер, а вясной, калі крыгаход паўторыцца”.

Падобная гісторыя здарылася падчас працы на радыё. Міколе перадалі вучнёўскі сшытак з вершамі дзяўчынкі з Палесся Жэні Янішчыц. Падрыхтаваў цікавую перадачу. І хоць ведаў, што радыёкропкі тады былі практычна ў кожнай хаце ці кватэры, падумаў, што нялішне было б надрукаваць вершы таленавітай дзяўчынкі ў якім-небудзь выданні. Аддаў той сшытак Анатолю Сербантовічу ў “Бярозку”. Той не паленаваўся, з’ездзіў да Жэні і яшчэ больш упэўніўся, што яны з Чарняўскім адкрываюць новае бліскучае імя ў сучаснай літаратуры. Як бачым, Чарняўскі мае права жартаваць, што ён міжволі стаў “хросным бацькам” для некаторых творцаў.

“ПРА ЧЫСЦЕЙШЫХ ДУШОЙ”

Само жыццё садзейнічала таму, каб Мікола пачаў пісаць для дзяцей. Яго першыя вершы змясцілі дзіцячыя газеты і часопісы. Першым месцам яго працы быў любімы “Піянер Беларусі”. На радыё ён вёў праграму “Першыя сцяжынкі”, дапамагаў расправіць крылы многім будучым прафесіянальным літаратарам. Часта ездзіў у камандзіроўкі ў школы, “апрабоўваў” на дзецях свае паэтычныя і празаічныя творы, а таксама назапашваў тэмы для будучых твораў. Напрыклад, сваю першую аповесць “Бегунок пачынае думаць” ён дзяліў на ўрыўкі, чытаў са сцэны і адразу бачыў рэакцыю дзяцей. Адным словам, яго так захапіла еднасць з “чысцейшымі душою”, што сумнення не было: яго месца тут, у дзіцячай літаратуры. Тут, дзе працавалі яго настаўнікі Васіль Вітка, Янка Маўр і іншыя пакарыцелі дзіцячых сэрцаў.

Адзін за адным выходзілі зборнікі: “Дзе лета канчаецца”, “Апошні бой”, “Сонца ў хованкі гуляе”, “Адрас наш – дзіцячы сад”. Пра аповесць “Бегунок пачынае думаць” расказала Таццяна Мананнікава, а вершы “Дзед Мікіта”, “Дзе папругі”, “Тату я дапамагаю”, “Што такое УР”, “Хлопчык Ну”, “Мапед”, “Модніца” і іншыя чыталі Галіна Мацко, Галіна Карнач, Тамара Месячык, Ірына Пазняк. Пачала ж цыкл, “растлумачыла”, чаму Чарняўскі стаў на такі “несур’ёзны” шлях, Марыя Сітко вершам “Не здзіўляйцеся тымчасова”. І ўжо на гэтай невялікай падборцы дзіцячых вершаў прысутныя змаглі пераканацца, як добра ведае дзіцячую псіхалогію Мікалай Мікалаевіч, звычкі дзяцей, маленькія хітрасці, іх інтарэсы і запыты. Парадаваліся, што за сваю творчасць Мікола Чарняўскі ўдастоены медаля Францыска Скарыны (асабліва дарагая для яго ўзнагарода), прэмій Федэрацыі прафсаюзаў, імя Віткі, літаратурных прэмій Янкі Маўра і “Залаты Купідон” і што паэт з’яўляецца выдатнікам народнай асветы і друку Беларусі.

З УДЗЯЧНАСЦЮ ПРА КАЛЕГ

Мікалай Мікалаевіч – вельмі ўдзячны чалавек. Цяжка адшукаць у сучаснай літаратуры пісьменніка, які так шмат піша пра сваіх калег. Ён стараецца сказаць добрае слова пра ўсіх, хто яму “спрыяў, душу хто ўзварушыў, хто шчасце даў і мроіць, і крыляць, на мове продкаў думаць, размаўляць”. Яго літаратурныя партрэты хочацца чытаць і чытаць: столькі ў іх цеплыні і пашаны да старэйшых і малодшых творцаў Слова. У сваіх характарыстыках Чарняўскі ніколі не паўтараецца, для кожнага знаходзіць новае слова, падкрэслівае непаўторнасць той ці іншай асобы. Вось, напрыклад, як згадвае пра Артура Вольскага: “Толькі ад яго можна было пачуць пры сустрэчы таварыскае, сагрэтае прыязнай усмешкай, непадробнае “Маё шанаванне!”. Пасля такога вітання хацелася самому пераймаць яго, вымаўляць гэтыя цёплыя, шчырыя і дружалюбныя словы ўсім сваім сябрам і знаёмым”.

Пра любімага з дзяцінства Янку Маўра піша: “Да яго думкі прыслухоўваліся, і вельмі часта яго словы схілялі шалі спрэчных пытанняў да станоўчага ці адмоўнага зыходу. І ў тых, каму не шанцавала, па-мойму, не ўскіпала асаблівай крыўды, бо гэта было слова самога Янкі Маўра”. Таццяна Мананнікава звярнула ўвагу прысутных на думку Чарняўскага пра нашага земляка Уладзіміра Мазго: “Уладзімір Мінавіч, – пераказвала словы Міколы Чарняўскага яна, – працаваў многа год у выдавецтве “Юнацтва” і мог выдаваць свае кнігі па-за чаргой. А ён чакаў выхаду свайго “Анёла нябеснага” цэлых 15 гадоў”.

НЕАБХОДНЫЯ ЛЕКІ

З кім бы ні пачаў размову пра Чарняўскага, суразмоўца абавязкова згадвае пра жартоўныя вершы паэта. І гэта зразумела: гумар Чарняўскага вельмі дасціпны, удалы, нават спачувальны. Ён не зневажальны, ён – “як лекі, неабходны”…

Стогне дзедка, чых ды чых,
І не хворы быццам,
А падняцца б… хоць крычы,
Ломіць паясніцу.

А жонка ў гэты час глядзіць у акно, бачыць маладую прыгожую дзяўчыну на вуліцы і заінтрыгоўвае яе выглядам мужа:

І не вытрымаў дзядок.
Хоць было высока.
На падлогу з печы “скок!”
Стаў ля бабкі збоку.

І што, аўтар насміхаецца над сваім героем? – Ды не, ён разумее, што Успамін пра маладосць – Лепшае лякарства. (верш “Лякарства”)

На літаратурнай імпрэзе ўжо названыя чытальнікі выконвалі такія жартоўныя вершы, як “Клапатлівая цешча”, “Дзяльба”, “Пераборлівы Лявон”, “Піла”, “Курортнікі”, “Новая пара – дзед і Тамара” і іншыя.

ВАРТА ПРЫСЛУХАЦЦА

У многіх “дарослых” творах Міколы Чарняўскага шмат філасофскага роздуму над мінулым і будучым. Над чалавечым шчасцем (“хіба ў гэтым шчасце – лёгка жыць, калі душу, як боль, не ўзварушыць?”), над тым, што застаецца пасля нас: Колькі б ні пражыў – усё тваё, Колькі б ні зрабіў – тваё таксама. Хоць жыццё падчас – і фарс, і драма, Колькі б ні пражыў – усё тваё, Колькі б ні зрабіў – тваё таксама.

Прыслухаемся да слоў юбіляра: жыццё трэба “пражыць не так, як набяжыць” і што “як годна жыў – не трэба азірацца”.

P.S. Дарэчы, як сказаў на Сакавінах-2016 сам Мікола Чарняўскі, ён наведваўся ў Зэльву ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Адгукніцеся, калі хто памятае тую сустрэчу.

Яніна ШМАТКО