Галоўная / Навiны / Навіны раёна
17.02.2020

Пагаварылі пра бяспеку з жыхарамі Князеўскага сельсавета

Да першага згарэлага тэлевізара або фена, расплаўленага провада або (што горш) пажару людзі часцяком не задумваюцца аб правілах бяспекі. У прафілактычных мэтах іх нагадалі жыхарам аг. Князева на шырокамаштабным сельскім сходзе.

Першым да прысутных звярнуўся старшыня Крамяніцкага сельсавета Аляксандр Дзярачэнік. Ён распавёў аб выніках працы за 2019 год:

- Сумесна з філіялам "Князева" назіральныя камісіі абследавалі 998 домаўладанняў і 664 пустуючых дамоў. Спецыялісты асаблівае значэнне надавалі стану прыдваровых тэрыторый і ўчасткаў каля безгаспадарных пабудоў. Пасля агляду домаўладанняў пажылых людзей, якія пражываюць адны (якім патрэбна пастаянная падтрымка і ўвага) мы накіроўвалі прадпісанні па ліквідацыі непаладак іх дзецям. Нагадваю, што мэта назіральных камісій-прафілактыка, а не пакаранне. Таму не варта ігнараваць прыход спецыялістаў.

Аляксандр Іосіфавіч адзначыў, што за мінулы год дала вынік і барацьба з алкагалізмам: было закадавана 39 чалавек.

Начальнік РАНС Сяргей Бурдук распавёў аб пажарах на Зэльвеншчыне ў 2019 годзе. Прычынай паловы з іх стала занясенне крыніцы запальвання звонку неўстаноўленай асобай, астатнія 7 выпадкаў з 14 выкліканыя парушэннямі правілаў эксплуатацыі газавага, электраабсталявання, ацяпляльных прылад і інш.

– У апошнія гады актыўная прафілактыка паменшыла колькасць загінуўшых па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні. Дарэчы, да 20 лютага працягнецца акцыя «Бяспека ў кожны дом». У яе рамках праходзяць мерапрыемствы, на якіх асабліва цесна вядзецца праца з грамадзянамі, якія злоўжываюць алкаголем – растлумачыў Сяргей Міхайлавіч. - Тым не менш у бягучым годзе ў нашым раёне ўжо адбылося 2 пажары. У адным з дамоў вёскі Падбалоцце (Крамяніцкага сельсавета) перапалілася печ, у выніку загарэлася перагародка і агонь распаўсюдзіўся на ўвесь жылы будынак. Другі пажар здарыўся ў аграгарадку Бародзічы: пусты дом не быў электрыфікаваны і не абаграваўся, а агонь на яго перакінуўся з прыбудовы, якая загарэлася. Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка.

Начальнік РАНС таксама нагадаў тэлефоны службы выратавання (101 і 112).

Аб бяспечным выкарыстанні электраабсталявання ў побыце прысутным распавёў начальнік раённай энергагазінспекцыі Аляксандр Сачок:

- Пільнасць дапаможа прадухіліць надзвычайную сітуацыю, калі ўлічваць 3 фактары: ніколі не пакідаць без нагляду прыборы, якія працуюць, падбіраць правільны апарат абароны і провад, які мае дастатковае сячэнне. Яшчэ важна не перагружаць электрасетку і не ўключаць шмат абсталявання адначасова. Асцярожна выкарыстоўвайце электрапрыборы ў ваннай пакоі. Напрыклад, калі уключаны фен, не стойце ў ваннай або на паддоне ў душавой кабіне, а таксама мокрымі нагамі на плітцы.

Апошнім часам мясцовыя жыхары наракаюць на адсутнасць вады ў калодзежах. Тлумачэнні па гэтай праблеме даў галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Варабей:

– Гэтая глабальная тэндэнцыя закранула не толькі наш раён, але ўсю рэспубліку. Як вядома, грунтавыя воды ў асноўным напаўняюцца пры раставанні снегу і выпадзенні атмасферных ападкаў. А змены клімату (вельмі цёплая зіма і адсутнасць снегу) зніжаюць узровень грунтавых вод. Што можна зрабіць у гэтай сітуацыі? У першую чаргу пачысціць калодзеж, магчыма, паглыбіць яго. Калі дадзеная мера не прынясе выніку, варта задумацца аб свідраванні свідравін на тэрыторыі ўчастка.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі прадстаўнікі газавай службы, райЦГЭ, ЦСАН і АСВОД. Яны адказалі на пытанні жыхароў сельсавета. У рамках сельскага сходу адбылася сустрэча са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Вадзімам Панасікам і дэпутатам па Падбалоцкай выбарчай акрузе Вольгай Чурой.