Галоўная / Навiны / Навіны раёна
22.08.2022

Песні і вясёлую гамонку слухайце на кожным падворку

 Весела, цікава і надзвычай гасцінна падчас святкавання Ганненскага кірмашу на падворках, якія штогод ладзяцца сіламі работнікаў сельвыканкамаў і сельскагаспадарчых арганізацый. Сёлета стылізаваныя двары былі настолькі багатыя, што вочы разбягаліся, каб усё разглядзець. Старажытныя рэчы так і вабілі, каб да іх дакрануцца і адчуць час дзесяцігоддзяў. Ну, а ў атмасферу даўніны хацеў трапіць амаль кожны госць свята. І гэта было рэальна зрабіць.

Першымі паслухаць легенды і паданні, даведацца пра мясцовыя традыцыі кожнага куточка зэльвенскай зямлі было прапанавана журы, у склад якого ўвайшлі першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шышлоўскі, галоўны спецыяліст раённага савета дэпутатаў Ірына Мякеня, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Валерый Парфенчык. Мясцовы фальклор, які адрозніваўся тэматыкай, быў цікавы як старэйшаму, так і маладому пакаленню.

Трэба адзначыць, што стылізаваныя хаты, хоць і трошкі былі падобныя, але кожная вабіла сваімі ўтульнасцю і зместам. Так, напрыклад, прадстаўнікі Зэльвенскага сельсавета пастараліся раздабыць мэблю старых часоў. І сяльчане падарылі ім і шафу, і куфры, і калыску, і нават люстэрка, якому каля 100 гадоў.

Елкаўчане свой падворак “Тканевая святліца” аздобілі рознымі тканінамі, хусткамі, дыванамі і ручнікамі.

Двор прадстаўнікоў з Галынкаўскага сельвыканкама пераўтварыўся ў сапраўдны конны двор. Чаго толькі тут не было – ад падкоў да хамутоў, ад сувенірнай прадукцыі да бубенчыкаў, якія на сённяшні час вельмі цяжка знайсці. Прычым, і загадкі для журы работнікі культуры звязалі з тэматыкай аб коннай збруі.

На дабрасялецкім падворку з’явілася выстава посуду розных часоў і з розных краін. Для аматараў фота была арганізавана фотазона, для малечы ўстаноўлены драўляны мосцік. Многіх вабілі вырабы той далёкай пары, калі імі карысталіся продкі.

Князеўскія хатнія рэчы выклікалі жывую зацікаўленнасць у тых людзей, якія шануюць спадчыну. Некаторыя разглядалі калаўрот і матавіла, сукадла і начоўкі.

Кожны жадаючы мог ацаніць смак прыгатаваных і вельмі апетытна пахнучых страў, пасмакаваць булак і караваю, пачаставацца вясковым салам і каўбасамі. Дарэчы, умелыя гаспадыні кожнага падворка прыгатавалі вельмі багатыя сталы. А пакуль зэльвенцы і госці частаваліся, работнікі культуры паднімалі ім настрой вясёлай музыкай і любімымі песнямі.

– Хочацца падзякаваць усіх за тое, што захоўваюць і зберагаюць наша багацце – спадчыну продкаў, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шышлоўскі. – Іх энергія, зацікаўленнасць даўніной і жаданне ў Год гістарычнай памяці дапоўніць старонкі гісторыі важкай інфармацыяй, заслугоўваюць павагі і падзякі.

Журы падкрэсліла, што кожны падворак быў цікава аформлены, адлюстроўваў заданую тэматыку, багаты на рэчы і прысмакі. На кожным хацелася затрымацца як мага даўжэй. Дый да спадобы прыйшліся фотазоны, музыкі, бяспройгрышная латэрэя. Дарэчы, на князеўскім падворку ў гэтым годзе ізноў разыгрываецца гусь. Хтосьці дамоў вернецца не з пустымі рукамі.

– Словы падзякі адрасуем усім, хто адказна і добрасумленна падыйшоў да складанай справы – тэматычнага і мастацка-музычнага афармлення падворкаў, – падкрэсліў член журы Валерый Парфенчык. – Членам журы складана было ацаніць арыгінальнасць, выдумку і фантазію ўдзельнікаў. Тым не менш, пераможцы вызначаны.

У гэтым годзе лепшымі ў мастацкім афармленні падворка сталі галынкаўскія прадстаўнікі. Музычнае суправаджэнне найбольш спадабалася на падворку Зэльвенскага сельвыканкама, а вось страва аказалася апетытней на дабрасялецкім. У намінацыі “Захаванне мясцовых традыцый” мацнейшымі аказаліся сынкаўчане. Абсалютным пераможцам вызначаны падворак князеўцаў.

Людміла ПОПКА