Галоўная / Навiны / Навіны раёна
10.03.2023

Рэспубліканская акцыя «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» праходзіць на Зэльвеншчыне

 У рамках рэспубліканскай акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» зэльвенскія выратавальнікі правялі шэраг прафілактычных мерапрыемстваў са школьнікамі раёна.

Так, у гімназіі №1 і Князеўскай сярэдняй школе прайшлі прафілактычныя сустрэчы на тэму «Бяспечная эвакуацыя», «Бяспечны вадаём» і «Правілы пажарнай бяспекі ў побыце».

Работнікі МНС нагадалі вучням аб парадку дзеянняў па сігнале «Увага ўсім! », а таксама алгарытм эвакуацыі ў выпадку пажару. У фармаце дыялогу школьнікі абмеркавалі правілы паводзін у гандлёвых кропках, успомнілі аб мерах пажарнай бяспекі ў побыце і правілах паводзін на зімовым вадаёме.

– Вясна ўжо ўступае ў сваю сілу, але на некаторых вадаёмах трымаецца лёд. Памятайце, што менавіта ў такое надвор’е ён вельмі небяспечны, – нагадаў інспектар прапаганды Віталій Жарыч.

Школьнікі з лёгкасцю справіліся з усімі заданнямі і адказалі на пытанні віктарыны. Напрыканцы мерапрыемстваў хлопцам і дзяўчатам уручылі памятныя сувеніры ад МНС.

Зэльвенскі РАНС
Фота Дзіяны БЕБЕХ