Галоўная / Навiны / Навіны раёна
14.02.2020

Школьнікі сустрэліся з воінам-інтэрнацыяналістам Аляксандрам Жуком

Савецкія салдаты на працягу 10 гадоў (1979-1989) выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. З моманту вываду войскаў прайшоў 31 год. Напярэдадні гэтай даты ў раённай бібліятэцы адбылася сустрэча вучняў СШ №2 з воінам-інтэрнацыяналістам Аляксандрам Жуком.

- У 1988 годзе мне прыйшла позва на тэрміновую службу раней пакладзенага: не ў канцы красавіка, а 31 сакавіка. Васемнаццацігадовага мяне адправілі ў Афганістан –  успамінае Аляксандр Міхайлавіч. - Там савецкія войскі выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Страшна ўсё ўспамінаць... я апынуўся ў найцяжэйшых умовах. Сон абмежаваны, перасоўвацца праблематычна, вакол стрэлы, на вачах гінуць таварышы.

Школьнікі ўважліва слухалі выступленне аб нялёгкай службе ў гарах Афганістана, разглядалі фатаграфіі таго часу, задавалі пытанні.

У ходзе сустрэчы прысутным паказалі прэзентацыю з гістарычнымі фактамі аб падзеях вайны ў Афганістане. Салдаты ў найскладанейшых умовах праяўлялі мужнасць, стойкасць, высакароднасць, захоўвалі вернасць ваеннай прысягі.

На заканчэнне сустрэчы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з афганскай вайны.