03.11.2022

У Елкаўскай сярэдняй школе адбылася прэзентацыя кнігі “Сынковічы. Вернасць і вера”

 У Елкаўскай сярэдняй школе адбылася прэзентацыя кнігі “Сынковічы. Вернасць і вера”, складальнікам якой з’яўляецца Святлана Іванаўна Літвінчык, мясцовая паэтка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры. На прэзентацыю запрасілі частага госця нашай установы адукацыі настаяцеля Сынковіцкага храма протаіерэя Арсенія Ананка, бо, як сцвярджае Святлана Іванаўна, ідэя стварэння кнігі належала менавіта яму.
Нягледзячы на тое, што пра Сынковіцкі храм ужо напісана нямала кніг, існуе шмат публікацый і навуковых прац, гэта выданне з’яўляецца не менш унікальным. У ім сабраны ўспаміны тых людзей, жыццё якіх непасрэдна звязана з Сынковічамі, якія памятаюць царкву ў розныя часы, пры рознай уладзе, якія тут жылі і верылі, жывуць і вераць зараз.

Вучні з вялікай увагай і захапленнем слухалі выступленні настаяцеля царквы і сваёй настаўніцы, якія дзяліліся гісторыяй стварэння ўнікальнага зборніка, самымі цікавымі ўспамінамі мясцовых жыхароў, расказвалі пра пачатак адраджэння святыні пасля доўгага забыцця (з 1959 года па 1990 год храм быў закрыты). Пра гэта напісана ў першым і другім раздзелах кнігі: “Бог ім суддзя” і “Пачатак”.

Пра сучаснае жыццё святыні можна прачытаць ў раздзеле “І ў нас будуць званы званіць”. Падзячныя водгукі людзей, якіх выратавала цудадзейная ікона “Усецарыца”, а так- сама гісторыю яе з’яўлення ў храме змяшчае чацвёрты, апошні раздзел кнігі. Ён так і называецца – “О Усецарыца Прасвятая”. У кнігу таксама ўвайшлі вершы Святланы Іванаўны і іншых зэльвенскіх паэтаў пра моц веры і Сынковіцкі храм.

А потым дзеці змаглі атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавілі. Яны даведаліся, што выхад кнігі быў прымеркаваны да духоўнага фестывалю “СынкаВеча”, які быў прысвечаны 720-годдзю заснавання Сынковіцкай царквы-крэпасці і 615-годдзю асвячэння яе ў праваслаўны храм, што ў час напісання кнігі адкрыліся новыя таямніцы святыні, што на напісанне зборніка спатрэбіўся цэлы год і яго тыраж склаў 1000 экзэмпляраў.

Мы ўсе вельмі ўдзячны айцу Арсенію і Святлане Іванаўне за такую унікальную і патрэбную кнігу, бо праз цікавыя, змястоўныя і незабыўныя ўспаміны жывых людзей яны змаглі аднавіць далёкую гісторыю старажытнага Сынковіцкага храма. І не толькі аднавіць мінулае, але і расказаць пра сённяшні дзень царквы. Тое, што адбываецца ў храме ў наш час, таксама абавязкова ўвекавечыцца.

Спадзяемся, што кніга “Сынковічы. Вернасць і вера” не толькі ўскалыхне гісторыю і сучаснасць, але і стане добрай падставай для разважанняў аб будучым, аб адносінах да жыцця, аб вернасці сваёй зямлі і яе гістарычнай спадчыне.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Святлана КАРНЕЙ