08.11.2022

У падзеях мінулага – нашы карані. Гісторыя ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі Антона Булака з Вострава

 Літаральна на днях у рэдакцыю патэлефанавала загадчык Востраўскага дзіцячага сада Вольга Чарток і папрасіла дазволу даслаць нам фотаздымак свайго аднавяскоўца, удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

І вось трымаю ў руках пажоўклае ад часу рарытэтнае фота, з якога глядзіць даволі ўжо немалады вясковы мужчына прыемнай знешнасці – у шапцывушанцы, целагрэйцы, з натруджанымі цяжкай працай рукамі, але шчырай адкрытай усмешкай на твары. Дароўнага надпісу здымак не мае. Толькі на зваротным баку алоўкам пазначана – Булак Антон Піліпавіч, в. Вострава. Самога Антона Піліпавіча даўно няма ў жывых. Аднак ужо толькі той факт, што ён меў непасрэднае дачыненне да такой важнай лёсавызначальнай для нашай краіны падзеі, заслугоўвае ўвагі і памяці. Каб падрабязней даведацца пра гераічнага зэльвенца, накіроўваемся на яго радзіму – у вёску Вострава. Хто ж, як не землякі, павінны шанаваць памяць пра гістарычную спадчыну?!

…Вольга Канстанцінаўна беражна захоўвае альбом “Нашы землякі – удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі” з успамінамі 35-гадовай даўнасці. Створаны ён школьнымі актывістамі да знамянальнай падзеі – 70-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. На адной з яго старонак і размешчаны фотаздымак Антона Булака, а таксама звесткі пра падзеі 1917- га. Шмат гадоў альбом займаў пачэснае месца ў музеі Востраўскай школы. Калі ж у 2005 годзе ўстанову закрылі, многія экспанаты “пераехалі” ў сярэднюю школу №3. Толькі вось альбом з гістарычнымі звесткамі пра землякоў тагачасны дырэктар вырашыла пакінуць і перадала для музейнай экспазіцыі ў мясцовы дзіцячы сад.

– Не сакрэт, што з цягам часу з нашай памяці сціраюцца ўспаміны нават пра самыя важныя падзеі, забыва- юцца людзі і іх лёсы, – разважае Вольга Канстанцінаўна. – Продкі пакінулі нам цікавую спадчыну. А што пакінем мы сваім дзецям і ўнукам?! Такія экспанаты – найлепшая магчымасць даведац ца пра мінулае і захаваць яго для будучых пакаленняў.

Ініцыятарам стварэння такога каштоўнага экспаната ў свой час была настаўніца гісторыі былой Востраўскай школы Марыя Захарчук, якая працавала ў ёй не адзін дзясятак гадоў. З трапятаннем у сэрцы сёння яна расказвае пра тое, як яе вучні з захапленнем вывучалі гісторыю свайго краю. “Піянеры разумеюць: любіць сваю радзіму – значыць добра ведаць яе мінулае і цяперашнія падзеі, сваімі справамі імкнуцца да лепшай будучыні”, – пісала на адной з альбомных старонак настаўніца.

– У 1987 годзе, напярэдадні юбілейнай даты – 70-годдзя Вялікага Кастрычніка, на пасяджэнні гістарычнага гуртка школы было аб’яўлена аб аперацыі “Пошук”, – успамінае Марыя Аляксандраўна– Мы з дзецьмі сустракаліся з аднавяскоўцамі, распытвалі пра цікавых людзей таго часу. У выніку даведаліся, што шэсць востраўскіх жыхароў былі ўдзельнікамі Вялікай Кастрычніцкай рэва- люцыі і грамадзянскай вайны. І работа закіпела…

Некалькі дзясяткаў рукапісных старонак, на якіх прыгожым каліграфічным почыркам настаўніцы занатаваны расказы пра гераічных землякоў, засталіся для Марыі Аляксандраўны не проста напамінам пра мінулую эпоху. Гэта стала часцінкай яе душы. За кожным успамінам цягнецца ланцужок цікавых гістарычных падзей, уплеценых у гісторыі лёсу Антона Піліпавіча Булака, Сяргея Віктаравіча Біча, Якава Рыгоравіча Захарчука, Міхаіла Андрэевіча Лушчыка, Міхаіла Ільіча Ламекі, Андрэя Міхайлавіча Рыбака. Чытаем адну з іх: “Летам 1914 года пачалася развязаная імперыялістамі Першая сусветная вайна. Са жніўня 1915 года ваенныя дзеянні разгарнуліся і на тэрыторыі Беларусі. Царская армія вымушана была аддаць нямецкім войскам гарады Брэст, Гродна і інш. Многія жыхары прыфрантавой паласы вырашылі пакінуць родныя мясціны і бегчы ад немцаў у Расію. Калі пачалася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, некаторыя з іх прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях.

У ліку рэвалюцыянераў – і востраўскі хлопец Антон Булак. 23-гадоваму юнаку выпаў гонар быць вартавым Крамля. Яму некалькі разоў давялося бачыць У.І.Леніна. У час грамадзянскай вайны чырвонаармеец неаднаразова суправаджаў паязды з вядомымі партыйнымі дзеячамі на фронт. У адным з баёў быў паранены. На ўсё жыццё ў плячы героя застаўся асколак, які нагадваў яму пра далёкія гады барацьбы заўладу Саветаў. Пасля грамадзянскай вайны Антон Піліпавіч вярнуўся на радзіму. Быў вясковым актывістам. Адным з першых уступіў у калгас, дзе шчыра працаваў да выхаду на заслу- жаны адпачынак”.

Вось так дзякуючы такім неабыякавым людзям, як Марыя Аляксандраўна Захарчук і Вольга Канстанцінаўна Чарток, і захоўваецца гістарычная спадчына. Альбом успамінаў ужо некалькі дзесяцігоддзяў служыць той мэце, якую ставілі яго стваральнікі – прывіццю дзецям патрыятычных каштоўнасцей, заснаваных на глыбокай павазе да продкаў, любові да сваёй краіны. Цяпер з фотаздымкамі землякоў у дашкольнай установе знаёмяць будучых першакласнікаў, даступнай мовай расказваюць пра іх подзвігі.

На востраўскай зямлі ва ўсе часы жылі людзі, нераўнадушныя да лёсу сваёй радзімы. Шмат актывістаў загінула і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб чым сёння сведчаць помнікі і абеліскі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Відавочна адно: выхаваная на такіх слаўных традыцыях, юная змена стане іх дастойным прадаўжальнікам. Бо у нас з нашымі продкамі адна радзіма, адна зямля, адны карані.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ