Галоўная / Навiны / Навіны раёна
21.09.2022

Захапляючая экскурсія па музейным пакоі ў Дзярэчыне

 15 верасня адбылася вельмі значная падзея: урачыстае адкрыццё музейнага пакоя, прысвечанага знакамітым асобам дзярэчынскай зямлі. Чырвоную стужку, што аддзяляла пакой ад першых наведвальнікаў, перарэзалі старшыня Дзярэчынскага сельвыканкама Аляксандр Белякала і гаспадар пакоя Генадзь Коўш.

На першай экскурсіі прысутнічалі навучэнцы Дзярэчынскай СШ, работнікі райвыканкама на чале з С.М.Лойка. Шмат намаганняў прыклаў Генадзь Вікенцьевіч Коўш, каб сабраць – часам унікальныя – звесткі пра людзей, якія так ці інакш звязаны з гісторыяй краю. Экспанатаў пакуль няшмат, але пачатак існаванню музея-пакоя пакладзены, таму ёсць і вялікія спадзяванні на папаўненне яго новымі і новымі рэчамі і звесткамі.

Генадзь Вікенцьевіч спыняўся каля кожнага партрэта людзей, што з гэтага моманту становяцца галоўнымі героямі невялікага па памеры пакоя. А герояў гэтых нямала – хіба больш 30-ці. Коўш стараўся выдзеліць самае істотнае ў біяграфіях выбітных асоб, што тычылася іх адданасці дзярэчынскім ваколіцам і іх жыхарам.

На жаль, немагчыма пазнаёміць чытачоў “Працы” з усімі асобамі, увекавечанымі ў матэрыялах музея. Спынімся на некаторых, менш вядомых зэльвенцам. Вось, напрыклад, Лаўрыш Гуцэвіч. Гэта іменна ён разам з больш вядомым усім Янам Бэкерам удзельнічаў у перабудове Вайсковай акадэміі і палаца Сапегаў. Ці Войцэх Жыўны – настаўнік знакамітага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна. А ён жыў пры двары Сапегаў у канцы 90-х гадоў XVIII стагоддзя. Шапэн не забываў свайго настаўніка, нават адзін са сваіх паланэзаў прысвяціў Жыўну!

…20 год праслужыў я цару Мікалаю, Перанёс я нямала і здзекаў, і ран, А на старасці лет, як жабрак, Валачуся па роднаму краю,– з горыччу пісаў пра сябе яшчэ адзін знакаміты герой дзярэчынскага музея Напалеон Орда. Але дзякуючы таму, што “вечны вандроўнік” у 1877 годзе жыў у Дзярэчыне і маляваў яго адметныя пабудовы, мы маем магчымасць уяўляць, якімі былі тады дзярэчынскія палац, касцёл і кляштар дамініканаў. (Дарэчы, у пакоі, які быў адкрыты некалькі год таму і адлюстроўвае гісторыю Дзярэчына і Сапегаў, ёсць выдатныя рэпрадукцыі з карцін Напалеона Орды).

У Дзярэчыне нарадзіўся і атрымаў пачатковую адукацыю Ціматэўш Ліпінскі, знакаміты аўтар трохтомнай працы “Старажытная Польшча”. У пакоі ёсць копіі некалькіх старонак кнігі. І нездарма: даследчык не забыў пра мясціны дзяцінства і пакінуў пра іх свае ўспаміны.

Не мог Генадзь Вікенцьевіч прайсці міма імён Леона Патоцкага, Марціна Цяплінскага, Яна Булгака, Івана Макея, Яна Пятроўскага, Іосіфа Карскага…

Іосіф Карскі, святар Дзярэчынскага прыходу, пакінуў унікальныя звесткі пра найбуйнейшы ў Гродзенскай губерніі праваслаўны прыход. Больш 10-ці тысяч вернікаў жыло тады ў ваколіцах Дзярэчына!

Казачнік Іван Макей літаральна зачараваў студэнтаў БДУ інсцэніраваннем народных казак, якіх ён ведаў безліч. Адна з яго казак трапіла спачатку ў зборнік, выдадзены ў Мінску, а пасля і ў берлінскае выданне.

Паэт і фалькларыст Марцін Цяплінскі нарадзіўся ў фальварку Крупава бліз Залацеева. Друкаваўся ў віленскім альманаху “Бірута”, часопісе “Атэнэум” і іншых сродках друку. Марыў выдаць альманах “Наднёманскі снапок”. Вядома, што ён падрыхтаваў да выдання трохтомнік паэзіі, які да гэтай пары не выяўлены даследчыкамі.

Не лішнім будзе нагадаць пра “Мемуары” Яна Пятроўскага, што жыў у Дзярэчыне ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя і пакінуў цудоўныя ўспаміны пра “Дзярэчын – малы Версаль”

Пра падзеі мінулай вайны Генадзь Коўш згадаў, калі спыніўся каля партрэтаў Раісы Бешкінай і Леаніда Гаўрылава. Бешкіна змагла ўцякчы з дзярэчынскага гета, удзельнічаць у партызанскім руху і пакінуць успаміны пра сваё жыццё ў кнізе “ Молодость моя… Белоруссия”. Леанід Гаўрылаў, камандзір танка, загінуў у канцы чэрвеня 1941-га года ў жорсткім баі пад Дзярэчынам.

Здавалася б, нельга здзівіць наведвальнікаў звесткамі пра нядаўна адышоўшых ад нас У.М.Плюту і П.М.Марціноўскага. Аднак і тут гаспадар музея заінтрыгаваў дзяцей і дарослых. Менавіта лёсам Уладзіміра Міхайлавіча Плюты. Адораны юнак, не маючы магчымасці набыць хоць які-небудзь музычны інструмент, вясной 1945 года амаль штодзённа хадзіў на станцыю Зэльва ў спадзяванні, што зможа на харчы выменяць трафейны гармонік. І настойліваму хлопцу пашанцавала: ён набыў акардэон! “На ім, – гаварыў Генадзь Вікенцьевіч, –Уладзімір Міхайлавіч доўгі час вучыў музыцы дзярэчынскіх хлопчыкаў і дзяўчынак”.

Расказваючы пра П.М.Марціноўскага, Коўш не мог не згадаць, як шмат зрабіў для таленавітых зэльвенцаў кіраўнік літаб’яднання пры газеце “Праца”. Пра некаторых “заран” Генадзь Вікенцьевіч расказваў даволі падрабязна. Напрыклад, пра ўраджэнца Бібікаў Генадзя Нічыпара. Кніга “Успаміны, успаміны…” даслана аўтарам ажно з Чалябінска! “Чалавек, які пражыў на радзіме ўсяго некалькі гадоў, не забывае роднай зямлі і мовы, ён – прыклад для многіх маладых”, – заключыў свой аповед пра цёзку Генадзь Вікенцьевіч.

Не ведаю, як каму, а мне было ў навінку даведацца, што знакаміты акцёр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, кінагерой сотні кінафільмаў і серыялаў Іван Мацкевіч – ураджэнец вёскі Грабава! Так што не толькі партрэт навукоўца Паўла Сцяцко і яго кнігі ўпрыгожваюць новы музейны пакой, але і яго земляка-артыста (нагадаем некалькі кінафільмаў, у якіх здымаўся грабавец Мацкевіч: “Вазьму твой боль”, “Людзі на балоце”, “Чорны замак Альшанскі”, “Сын за бацьку”, “Анастасія Слуцкая”… Уражвае? – Вядома!).

Упэўнена, што такія звесткі пра землякоў, экспанаты музея не пакінуць абыякавымі ні яго першых наведвальнікаў, ні наступных! А што яны – наступныя – будуць, – безумоўна! І настаўнікі, і кіраўнікі арганізацый, думаецца, не пашкадуюць, калі прадугледзяць наведванне гэтага пакоя (як і таго, што існуе побач ужо некалькі гадоў і прысвечаны гісторыі Дзярэчына і Сапегам) у сваіх перспектыўных планах.

Яніна ШМАТКО