Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка: дынаміка ўзроўню пагроз Беларусі вымушае нас трымаць руку на пульсе ваенна-прамысловай вытворчасці

28.02.2024
Лукашэнка: дынаміка ўзроўню пагроз Беларусі вымушае нас трымаць руку на пульсе ваенна-прамысловай вытворчасці
 27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дынаміка ўзроўню пагроз Беларусі вымушае нас трымаць руку на пульсе айчыннай ваенна-прамысловай вытворчасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях фінансавання закупак прадукцыі ваеннага прызначэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тэма сённяшняй нарады - пытанні фінансавання закупак прадукцыі ваеннага прызначэння для патрэб сілавых ведамстваў. Дынаміка ўзроўню пагроз Беларусі вымушае нас трымаць руку на пульсе айчыннай ваенна-прамысловай вытворчасці. Хачу адзначыць, што, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны націск, мы вырабляем дастаткова ўзбраення і ваеннай тэхнікі для патрэб беларускай арміі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Гэта звязана з тым, што ўсё, што нам трэба (я маю на ўвазе зброю "жалеза"), мы атрымліваем з Расіі. А тое, што датычыцца мікраэлектронікі, оптыкі і іншага, хвала тым, хто захаваў вытворчасць, якая дасталася нам ад Савецкага Саюза, і такім чынам разам з Расіяй мы можам вырабляць любыя тыпы ўзбраення".

Беларусь можа сабе дазволіць таксама экспартаваць гэту прадукцыю ў 57 краін свету, што яна і робіць, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Мы паспяхова распрацоўваем сучасныя ўзоры ўзбраення не толькі па тых напрамках, дзе ў нас ёсць навукова-тэхнічны задзел і кампетэнцыі, але асвойваем новыя запатрабаваныя напрамкі - рэактыўныя снарады, артылерыйскія боепрыпасы буйнога калібра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку 2022 года на Абуз-Лясноўскім палігоне была прадстаўлена лінейка беспілотных лятальных апаратаў, распрацаваных у Беларусі. "Падраздзяленні Узброеных Сіл паспяхова прадэманстравалі іх баявыя магчымасці ў рамках таго мерапрыемства", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аднак, заўважыў ён, неабходна яшчэ працаваць над тым, каб сучасныя ўдарныя беспілотныя лятальныя апараты ў Беларусі выраблялі на больш высокім узроўні.

"Асвойваючы вытворчасць беспілотнай авіяцыі, мы ўдзяляем вялікую ўвагу процідзеянню такой зброі, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Распрацаваныя беларускімі спецыялістамі радыёэлектронныя сродкі барацьбы з беспілотнікамі карыстаюцца вялікім попытам".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што створаны рабатызаваны комплекс, які спалучае ў сабе як сродкі выяўлення, так і агнявога паражэння паветраных цэлей. На завяршальным этапе знаходзіцца распрацоўка зенітнага ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці і зенітная кіруемая ракета да гэтага комплексу. "Спадзяюся, што ў гэтым годзе прэм'ер-міністр і кіраўнік ВПК нас парадуюць у гэтым плане", - сказаў ён.

У мінулым годзе айчынныя вытворцы паставілі Узброеным Сілам Беларусі больш як 500 адзінак новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, канстатаваў Прэзідэнт. Прадаўжаючы пералічэнне, ён адзначыў, што прынята на ўзбраенне шэсць узораў, у тым ліку мадэрнізаваная рэактыўная сістэма залпавага агню "Ураган-М", а таксама два тыпы ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў.

У мэтах аснашчэння беларускай часці Рэгіянальнай групоўкі войскаў расійскі бок паставіў для Беларусі аператыўна-тактычны ракетны комплекс "Іскандэр" з неабходным запасам ракет, боепрыпасаў. Таксама перададзены зенітны ракетны комплекс вялікай далёкасці С-400. "Тое, што вы, ваенныя, хацелі, тое вы і атрымалі. Гэта грозная зброя", - сказаў беларускі лідар.

У рамках дзяржаўнай праграмы закуплены і пастаўлены батарэя зенітнага ракетнага комплексу "Тор", процітанкавыя кіруемыя ракеты, мінамёты, рэактыўныя пяхотныя агнямёты, больш за 830 тыс. боепрыпасаў рознага калібру, дадаў Прэзідэнт.

"Будуць пастаўлены самалёты Су-З0СМ, верталёты Мі-З5М, бронетранспарцёры, а таксама іншае ўзбраенне, ракеты і боепрыпасы, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - У частцы распрацовак сучаснага ўзбраення мы не стаім на месцы, наша армія аснашчаецца неабходнымі ўзорамі для адэкватнага рэагавання на выклікі і пагрозы, што ўзнікаюць. Тым не менш ёсць да чаго імкнуцца. Я ўжо не гавару пра стралковую зброю, гранатамёты і гэтак далей - гэтага ў нас дастаткова. Я гавару пра больш грозную зброю. Да гэтага трэба імкнуцца. Над гэтым мы будзем працаваць".

БЕЛТА

© Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.