Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Гераіня тэлепраграмы “Надзея на сяло” працягвае падарожжа па Зэльвенскім раёне

07.06.2024
Гераіня тэлепраграмы “Надзея на сяло” працягвае падарожжа па Зэльвенскім раёне
 Апошнім часам Зэльвеншчына прыцягвае да сябе ўвагу групы тэлепраграмы “Надзея на сяло” і яе вядучай Надзеі, якія ўжо пазнаёміліся з многімі куточкамі нашага рэгіёна. У свой час пабывалі ў Елцы, Галынцы, Дзярэчыне, Бародзічах, Цяглевічах  і многіх бліжэйшых да аграгарадкоў вёсках. На гэты раз сталі гасцямі каралінскай зямлі.

Шчыра віталі галоўную гераіню праекта работнікі мясцовай установы культуры, сустракаючы яе караваем.

– Прызнаюся, кожны раз усё больш і больш здзіўляюся сардэчнасці і гасціннасці зэльвенцаў, – гаворыць Надзея Маркевіч. – Уражваюць шчырасць, дабрыня людзей гэтай мясцовасці. Напэўна, сама зямля ўзгадавала сапраўдных беларусаў, якім уласцівы самыя лепшыя рысы. Сустракалі па-рознаму, адлюстроўваючы элементы сваіх звычаяў і абрадаў. Адразу і настрой падымаюць, і  адкрытыя для зносін. Вось сёння і кветкі (півоні вельмі люблю) падарылі, і караваем пачаставалі. Чаму ж не пазнаёміцца з імі бліжэй?!

Для таго, каб у праграме найбольш яскрава расказаць пра тую ці іншую мясцовасць, здымачная група за кароткі час стараецца ахапіць шмат аб’ектаў. Так, у аграгарадку іх зацікавілі ўстановы культуры, адукацыі, сацыяльнай сферы. Яны пазнаёміліся з выставамі, якія зараз дзейнічаюць у бібліятэцы і аддзеле па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці жыхароў аграгарадка, з культурнымі традыцыямі, з мясцовымі разьбярамі Ішчанка. Наведалі гурткі аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН, дзе бавяць свой час пенсіянеры. Вельмі спадабаліся Надзеі вырабы з падручнага матэрыялу, таксама з цікавасцю разглядала яна сувеніры з папернай лазы.

– Першы раз, праўда, у Верцялішках нешта падобнае бачыла, знаёмлюся з установай, у якой арганізаваны дасуг менавіта такім чынам і менавіта для сяльчан, – прадаўжае вядучая. – Работы мала таго, што арыгінальныя, прыгожыя, дык яшчэ і вельмі акуратна зробленыя. Калі б прыйшлося выбраць адну з іх, разгубілася б.

Калі ж у размове Надзея даведалася, што яшчэ на базе ўстановы дзейнічае гурток “Вместе здорово”, накіраваны на папулярызацыю здаровага і актыўнага ладу жыцця, прапанавала жанчынам прайсціся па аграгарадку са скандынаўскімі палкамі.

Далей маршрут здымачнай групы ляжаў у аграгародок Міжэрычы, дзе  старшыня Каралінскага сельвыканкама Алег Бурдук прапанаваў наведаць школу, храм, музей сельскага быту і др.

– Калі ж гаварыць пра агульнае ўражанне, канешне ж, захоплены вашымі пейзажамі, краявідамі, узгорыстай мясцовасцю, лясным масівам, ветракамі. Кожны куточак Зэльвеншчыны адметны і прыгожы па-свойму, багаты помнікамі і гісторыяй, – кажа  рэдактар аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм Святлана Губар. – З аб’ектаў вельмі цікавыя музеі сельскага быту, якія створаны ў старых вясковых хатах і арганізаваны ў кожным аграгарадку. І гэта не толькі зберажэнне гісторыі вёскі ці некалькіх населеных пунктаў, побыту і простае захаванне бытавых рэчаў. Гэта вельмі цікавы праект, які пакуль што існуе толькі ў Зэльвенскім раёне. Больш нічога падобнага на Гродзеншчыне мы пакуль што не сустрэлі. Гэта ў нейкім сэнсе пераплятаецца з ідэяй нашага праекта “Надзея на сяло”, назва якога і сэнс аптымістычны – надзея на сяло, на зямлю, на жыхароў, традыцыі, багатую гісторыю, якую мы павінны захаваць і перадаць нашчадкам.

Людміла ПОПКА

© Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.