Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Вучні, якімі ганарымся. Зэльвенскія школьнікі атрымалі стыпендыі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру

07.06.2024
Вучні, якімі ганарымся. Зэльвенскія школьнікі атрымалі стыпендыі абласнога аддзялення Беларускага фонду міру
 Што аб’ядноўвае зэльвенскіх 11-класнікаў Вікторыю Дарашкевіч і Максіма Лысенку? Абое сталі намінантамі прэміі «Беларускага фонду міру», і каштоўнасць узнагароды не ў яе наяўнасці, а ў гісторыях, што папярэднічалі стыпендыям.

“Мне цікава ўсё”
Так заўсёды кажа таленавітая прадстаўніца гімназіі №1 Віка Дарашкевіч, актыўнасці якой можна пазайздросціць. І з вучобай спраўляецца, і праекты абараняе, і ў дабрачынных мерапрыемствах без яе не абыходзяцца. У сваёй установе адукацыі зарэкамендавала сябе як дапытлівая, усебакова развітая старшакласніца.

На працягу многіх гадоў навучання Вікторыя ўдзельнічае ў алімпіядах раённага і абласнога ўзроўняў. У гэтым навучальным годзе ўдастоена граматы на фінальным этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Акрамя таго, дзяўчына – неаднаразовая пераможца розных спаборніцтваў. Напрыклад, у 2023-м узяла Дыплом І ступені абласнога конкурсу даследчых работ у матэматычнай секцыі “Крыштальная Альфа”. Як ёй гэта ўдаецца? Адказ ляжыць фактычна на паверхні: дзякуючы арыгінальнаму мысленню і доб-рай памяці, нестандартнаму падыходу да вырашэння задач і праблем.

 Гэта ж атрыманне новага вопыту. І штораз як упершыню, – упэўнена наша зямлячка. – Плюсы тут вялікія: мая перамога ў вобласці паводле вынікаў конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект” дала магчымасць удзелу ў ім на рэспубліцы. А там новыя знаёмствы, іншыя сітуацыі. Ведаеце, якое пашырэнне кругагляду…

Паводле меркавання аднакласнікаў, Віка – заўсёды пазітыўная, завадатар многіх мерапрыемстваў у класе, школе. У саставе валанцёрскага атрада “Надзея” нямала ўвагі надае справе міласэрнасці. Таварышы паважаюць яе за тое, што яна спакойна і аргументавана даказвае ўласны пункт гледжання, а настаўнікі – за камунікабельнасць і дапытлівасць.

– Узнагароджанне праходзіла ў Белай зале Жыровіцкай абіцелі – месцы неверагодным, – узгадала Вікторыя. – Непасрэдна перад цырымоніяй для нас арганізавалі экскурсію, ад якой я ў захапленні. Была вельмі шчаслівая, калі на ўрачыстасці аб’явілі маё прозвішча.

Імкнецца да новых ведаў
Максім Лысенка здзіўляе сяброў і настаўнікаў СШ №3 творчымі ідэямі. Ён актывіст класа і школы, прызёр раённых конкурсаў, старанны і дысцыплінаваны вучань, аўтарытэтны і проста мэтанакіраваны малады чалавек.

У свой час далучыўся юнак да ініцыятывы, якая развівае мясцовае самакіраванне. Ён з’яўляецца не толькі членам маладзёжнага парламента, але і ўваходзіць у вучнёўскую палату пры раённым Савеце дэпутатаў. Цалкам падтрымліваючы стратэгію і тактыку валанцёрскага атрада “Планета Дабрыні”, ініцыяваў удзел падобных аб’яднанняў Зэльвеншчыны ў дабрачыннай акцыі “Дарога Дабрыні. Дапамога на калёсах!”.

Вучань шмат чытае, цікавіцца рознымі абласцямі ведаў. Даволі сціплы і жыццярадасны хлопец валодае творчымі здольнасцямі, умела арганізоўвае сваю дзейнасць.

Цудоўны дэкламатар, выдатны спявак, герой артыкула ўпэўнены, што праз творчае асэнсаванне рэчаіснасці звычайныя, на першы погляд, людзі напаўняюцца святлом. І сапраўды, часам нават шчырае слова можа даць штуршок для далейшага развіцця асобы. Прыйшоў да гэтай высновы, так сказаць, вопытным шляхам, стаўшы прызёрам раённага конкурсу “У госці да Зошчанкі”, прымеркаванага да 130-годдзя знакамітага рускага пісьменніка.

Дарэчы, сённяшні выпускнік, які з прадметаў школьнай праграмы вылучае матэматыку, фізіку, фізічную культуру і здароўе, паспрабаваў нешта новае і прыняў удзел у турніры па більярдзе. У выніку – першае месца ў раёне.

– Запрашэнне на ўрачыстасць стала нечаканым. Прыемна, што маю дзейнасць заўважылі і ацанілі. Натхніла сама атмасфера свята. Мы адчулі столькі ўвагі з боку лідараў міратворчага аб’яднання! – Максім падзяліўся сваімі ўражаннямі.

У сваю чаргу старшыня Зэльвенскай раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Вольга Дзмітрыева выказала сваё меркаванне:
– Сёлетнія стыпендыяты прэміі, безумоўна, знойдуць прымяненне сваім інтарэсам і здольнасцям у любой сферы. Ёсць у іх устойлівае імкненне да новых ведаў, эксперыментаў, жаданне дабіцца станоўчых вынікаў. І ці не самае галоўнае – вераць у свае сілы. Такім энергічным прадстаўнікам сучаснай моладзі патрэбен толькі пэўны штуршок, каб заявіць пра сябе.

Як бачым, маладыя людзі нямала зрабілі за гэты час. За невялікай перадгісторыяй – важная частка яркага, насычанага і карыснага жыцця. Вікторыя і Максім упэўнены, што іх пачынанні прадоўжацца ў чарговых праектах, акцыях, патрэбных іншым справах. Таму з аптымізмам глядзяць у заўтра.

Любоў ШЭЙКА

© Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт, 2024.