Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Знакамітую Леснічоўку ведалі ва ўсім Слонімскім, Зэльвенскім і Ваўкавыскім раёнах. Тут калісьці лячыў людзей выдатны доктар Уладзімір Сасноўскі

20.01.2024
Знакамітую Леснічоўку ведалі ва ўсім Слонімскім, Зэльвенскім і Ваўкавыскім раёнах. Тут калісьці лячыў людзей выдатны доктар Уладзімір Сасноўскі
 
Малады ўрач Уладзімір Сасноўскі, 1960 г.

Прыпынак каля аленя

Калі ехаць са Слоніма на Зэльву праз вёску Чамяры, то пасажыры пры лесе з правага боку заўважаць некалькі драўляных будынкаў, сярод іх ёсць і двухпавярховы. Гэтыя будынкі знаходзяцца амаль на мяжы Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў. А за будынкамі здалёк свеціцца агеньчыкамі прыдарожная карчма вядомага на Зэльвеншчыне фермера Міхаіла Макея. Карчма знаходзіцца ў былой Сынкавіцкай участковай бальніцы, будынак якой быў узведзены яшчэ ў 1930-х гадах. Праўда, калі будынак пераабсталявалі пад карчму, лічбы на будынку перарабілі на 1831 год. Для чаго гэта было зроблена – можна толькі здагадвацца. Атрымалася, што буданак карчмы пабудавалі яшчэ да паўстання Кастуся Каліноўскага. Але гэта далёка не так. Будынак былой бальніцы з’явіўся каля лесу ў Сынкавічах у 1930-я. Будаваўся ён, як і іншыя, пры гаспадары пану Чапскім.

Пасля Другой сусветнай вайны (Чапскія ў 1939 годзе пакінулі Сынкавічы) у гэтых будынках знаходзілася Сынкавіцкая бальніца. А ў дамах каля яе жылі тыя, хто там працаваў, лячыў людзей, займаўся гаспадарчымі справамі. Жыхары суседніх вёсак Сынкавічы, Елка, Казловічы, Шулякі, Чамяры, Хадзявічы гэта месца называлі проста – Леснічоўка. І кіроўцы, якія ехалі па шашы, спыняліся каля помніка аленю на вялікім п’едэстале. Гэта быў своеасаблівы прыпынак для мясцовага люду. Яны так і казалі: “Спыніце мне, калі ласка, аўтобус каля аленя”. І кіроўцы спынялі. Прайшлі дзесяцігоддзі, помніка лясному жыхару таксама ўжо даўно няма. Знік і драўляны двухпавярхоўны галоўны корпус бальніцы.

Лёс Уладзіміра Сасноўскага

У сакавіку 1945 года прыехаў на Зэльвеншчыну медработнік Уладзімір Сасноўскі. Ён якраз дэмабілізаваўся з фронта. Спачатку працаваў у вёсцы Холстава Зэльвенскага раёна, а потым фельчара Сасноўскага накіравалі ў Сынкавіцкую бальніцу, якая тады адносілася да Слонімскага раёна.

Калектыў сынкавіцкай бальніцы, 1954 г.

Уладзімір Сасноўскі быў родам з вёскі Каменка Дзяржынскага раёна. З маленства любіў музыку, іграў, як успамінае яго дачка Лілія Сасноўская, на ўсіх музычных інструментах. Таму вырашыў юнак свой лёс звязаць з музыкай і паехаў у Ленінград вучыцца, дзе яго і застала вайна. Працаваў на Кіраўскім заводзе, адліваў карпусы гранат і мін. Потым прымаў удзел у абароне горада на Няве. А ў 1942 годзе Уладзіміра Сасноўскага накіравалі на вучобу ва Уладзімірскае пяхотнае вучылішча. Дарэчы, ён ва ўсіх дакументах напісаў сябе на два гады старэйшым, каб узялі на фронт. Пасля вучылішча ўдзельнічаў у баях за вызваленне Украіны і Польшчы ў складзе Другога Украінскага фронту, а затым – Другога Беларускага фронту. Разведчык-кулямётчык Сасноўскі быў двойчы паранены, цяжкае раненне атрымаў пры вызваленні Польшчы. “Медаль “За адвагу” бацьку знайшла праз 25 гадоў пасля вайны”, – прыгадвае дачка Сасноўскага Лілія Уладзіміраўна.

У 1964 годзе Уладзімір Сасноўскі скончыў Гродзенскі медыцынскі інстытут. Дыплом яму выдалі пад нумарам 4. Падчас вучобы ўсе гады студэнт Сасноўскі ў інстытуце быў старастам курса, яго любілі і паважалі аднакурснікі і выкладчыкі. Пасля медінстытута Сасноўскага накіравалі ў Альшаны, але яму спадабаліся Сынкавічы і ён марыў вярнуцца ў сваю Леснічоўку. І ў 1966 годзе мара доктара спаўняецца і ён вяртаецца на Зэльвеншчыну назаўсёды.

Медработнікі Сынкавіцкай бальніцы.

Сяброўства з доктарам Нечыпарэнкам

У Леснічоўцы сёння жывуць дзеці Уладзіміра Сасноўскага – Лілія і Генадзь. Па словах Ліліі Уладзіміраўны, бацька яе і маці Марыя пазнаёміліся ў Леснічоўцы. “Мама таксама скончыла Гродзенскі медінстытут, яна была на пару гадоў старэйшая за бацьку. Пасля інстытута яе накіравалі ў Сынкавічы ў бальніцу, тут яны пазнаёміліся і пажаніліся. А ў 1952 годзе нарадзілася я”, – распавядае Лілія Сасноўская.

Уладзімір Сасноўскі з жонкай Марыяй.

Пасля вайны ў Леснічоўцы жыло шмат людзей. Сасноўскі нават паклікаў сваіх сваякоў бліжэй да сябе ў той няпросты пасляваенны час, якія потым раз’ехаліся ў розныя куткі Беларусі. Спачатку бальніца ў Сынкавічах была ўчастковай, потым тут лячылі людзей ад сухотаў, пасля яна стала геранталагічнай, уралагічнай, а потым была проста амбулаторыяй. Назвы мяняліся, але доктар Сасноўскі, які ўзначальваў гэту бальніцу, лячыў мясцовы люд ад усіх хваробаў. І людзі пра доктара ведалі не толькі ў суседніх вёсках і на хутарах, але і ва ўсім Слонімскім, Зэльвенскім і Ваўкавыскім раёнах. Прыязджалі да яго здалёк на розныя кансультацыі і, вядома ж, падлячыцца. І доктар лячыў, бо меў добрую медыцынскую адукацыі і вопыт.

Уладзімір Сасноўскі з Аляксандрам Нечыпарэнкам.

Шчыра сябраваў Уладзімір Сасноўскі з вядомым гродзенскім уролагам-анколагам, вучоным, педагогам Аляксандрам Нечыпарэнкам (1916-1980). Тым самым доктарам, які з’яўляецца аўтарам даследавання элементаў крыві ў асадку мачы (аналіз мачы па Нечыпарэнку). Аляксандр Захаравіч шмат разоў прыязджаў да Уладзіміра Сасноўскага ў Леснічоўку. Яны доўга гутарылі пра розныя медыцынскія справы, разам вырашалі пытанні ўралогіі, дзяліліся медыцынскім вопытам. Адзін з іх быў добры практык, другі – тэарэтык і педагог, які загадваў курсам уралогіі Гродзенскага медінстытута.

У сям’і Сасноўскіх захавалася некалькі здымкаў, сярод іх ёсць і сфатаграфаваныя візіты Аляксандра Нечыпарэнкі з Гродна ў Леснічоўку. На адным са здымкаў зафіксаваны той момант, калі Сасноўскі праважае Нечыпарэнку каля помніка з аленем.

Фэд-2 і альтанка

“Я вельмі люблю сваю Леснічоўку, – шчыра распавядае Лілія Сасноўская. – Цяпер часта думаю, вось чаму спадабалася маім бацьку і маці гэта месца. Якія тут прыгожыя раніцы і вечары! Бывала, выйду на ганачак, сяду і гляджу на лес, успамінаю маленства і бацькоў, а таксама тых людзей, якія тут жылі і працавалі. І на душы становіцца светла і радасна”.

Уладзімір Сасноўскі каля альтанкі.

Уладзімір Сасноўскі любіў сваіх землякоў, у любы час сутак іх прымаў у бальніцы, уважліва слухаў скаргі на хваробы. І лячыў, лячыў, лячыў. А ў вольны час шмат чытаў кніг па медыцыне, выпісваў газеты і часопісы, любіў фатаграфаваць. “У бацькі быў фотаапарат ФЭД-2, ён яго заўсёды браў з сабой, фатаграфаваў Леснічоўку, людзей, прыроду…”, – успамінае Лілія Сасноўская.

Алень каля Леснічоўкі.

Памёр даўно ветэран вайны і доктар Уладзімір Сасноўскі. Няма ўжо ў зэльвенскай Леснічоўцы бальніцы, пра якую нагадвае толькі некалькі старых даваенных будынкаў. Згніла і старая альтанка Чапскіх, дзе гулялі дзеці мясцовых медыцынскіх работнікаў. Але старэйшы люд па сённяшні час памятае Леснічоўку Уладзіміра Сасноўскага. Пра што не ведаюць тыя пасажыры, якія побач праязджаюць, спашаючыся на захад і ўсход на сваіх аўто.

Калі матэрыял пісаўся, дачка Уладзіміра Сасноўскага прыслала свой верш пра Леснічоўку. Ён заслугоўвае ўвагі, каб быць надрукаваным.

Сяргей ЧЫГРЫН

Бальніца ў Леснічоўцы

Вас запомнілі ў белых халатах,
Дарагія мае землякі
З чамяроўскіх, шуляцкіх, сынковіцкіх, ёлкаўскiх хатаў,
І якія вы добрыя людзі былі!
Працавалі вы ўсе ў бальніцы,
Што стаяла амаль пры шашы.
Пажыццёва былі вы рупліўцы,
Вашы постаці, твары і справы
Жывуць у людзей у душы.
У Леснічоўку ішлі, захварэўшы –
Боль і сум адступалі заўжды:
Лашчыў лес зрок, гаіліся целы і сэрцы
З Божай ласкі, з людской дабраты.
Вы навуку лячыць спасцігалі ў Гродне,
Вам не цяжкай цяжкая вучоба была,
Час мінуў, і ці многія помняць
Тых студэнтаў ў ваенных яшчэ шынялях?
Як хапіла вам сэрца і сілы
Здзейсніць тое, што здзейсніць змаглі?
Дарагі Леснічоўскі куточак і мілы
Вельмі многім на нашай зямлі…
Ціха стала на вашых сцяжынках,
Між дубоў іх амаль не відно,
Усе праехалі сані, вазы і машыны,
І адстукалі стукі ў вакно.
Усё прайшло, адгуло, і пажарам
Знішчан нават бальнічны будынак…
І замёў час няўмольны і жыцці, і мары,
І пакінуў адны ўспаміны.

© Зельвенский районный исполнительный комитет, 2024.