Главная / Новости / Новости района
24.03.2024

“Тонкі” падыход. Больш 20 гадоў трымае руку на пульсе камфорту зэльвенцаў слесар РУП ЖКГ Анатолій Губар

 У Анатолія Губара, які працуе звыш 20 гадоў слесарам у адным падраздзяленні Зэльвенскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адзіны запіс у працоўнай кніжцы. Ніколі ў Анатолія Анатольевіча не ўзнікала жадання змяніць прафесію на іншую. Паколькі ён адзін з тых сціплых людзей, якія вырашаюць любыя пытанні з аптымізмам, выбраная аднойчы справа і сёння прыносіць яму вялікую асалоду.

Патрэбна адзначыць, што нашай сустрэчы з Анатоліем папярэднічала размова з яго калегамі. Гэтага чалавека з азлатымі рукамі паважаюць усе на працоўным месцы – у кацельні “Цэнтральная”:

– Ні для каго не сакрэт, што работа на нашым участку адказная і напружаная, і вынікі яе практычна ў цэнтры ўвагі зэльвенцаў. Штодзенная якасная праца сапраўднага прафесіянала дазваляе камфортна адчуваць сябе тым, хто карыстаецца нашымі паслугамі, – адзначыў начальнік участка ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Генадзій Арочка.

– Надзейны работнік, самы патрэбны чалавек у нас. Практычна універсал. Такіх, як Анатолій, больш няма нідзе, – толькі некаторыя водгукі яго калег.

А самому герою артыкула шмат дало творчае ўзаемадзеянне з Ігарам Сідаровічам – былым слесарам участка цепласетак.

 – Нарадзіўся і жыў я ў Аляксандраўшчыне. Заўсёды быў з электронікай і тэхнікай на “ты”. Вучыўся на электрыка, як і ў свой час бацька Анатолій Вацлававіч, у Гродзенскім вышэйшым вучылішчы імя Шчаснага, – расказаў Анатолій. – У Зэльву на прадпрыемства ЖКГ прыйшоў пасля арміі, а на службе, дарэчы, вадзіў аўтамабіль. У 2000-м пачаў працаваць электрыкам.

Праз 3 гады ён ужо слесар па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы, які забяспечвае безаварыйную работу, выпраўляе недахопы, што могуць даставіць нязручнасці або непатрэбныя клопаты людзям.

Сапраўды, у тэхналагічным працэсе  ўсё ўзаемазвязана, і пры збоі ў любым звяне сістэмы можа спыніцца сам працэс. А калі ўявіць, што праблема датычыцца дарагога абсталявання? Такі перапынак вядзе страт, якія церпіць прадпрыемства. Па гэтай прычыне слесар, ды яшчэ вышэйшага, пятага разраду, – надзвычай запатрабаваны спецыяліст.

– Работа ёсць заўсёды. Ні разу не пашкадаваў, што абраў гэту прафесію. У такім рэжыме сумаваць не даводзіцца, – падзяліўся Анатолій з поўным усведамленнем таго, што ў тым ліку ад вынікаў яго працы залежыць настрой землякоў – спажыўцоў цеплавой энергіі. – На працягу дня перамяшчаюся не толькі па аб’ектах Зэльвы, але і па раёне. Кожную раніцу правяраю манометры абсалютна ўсіх прыбораў у кацельні.

 – Мая праца патрабуе і логікі, і тэхнічных ведаў. Якая яна? Шматгранная, разнастайная, толькі не сумная. Часам нагадвае дзейнасць ўрача – у першую чаргу дыягноста. Але адным маніторынгам сістэмы не абмяжоўваюся. Пры любым збоі з дапамогай камп’ютарных тэхналогій я павінен аднавіць нармальную жыццядзейнасць таго ці іншага агрэгата ці механізма, – прадоўжыў размову слесар.

Такі аб’ект,як сучасная кацельня, не функцыянуе без аўтаматызацыі працэсаў, што звязана з павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці, павышэннем патрабаванняў да якасці і дакладнасці, а таксама з эканамічнай эфектыўнасцю. Па ўсім відаць, што адказваючы за абслугоўванне, настройку і рамонт прыбораў і сістэм аўтаматызацыі, Губар цэніць парадак і правільнасць нават у дробязях. Яму, высокакваліфікаванаму рабочаму, павінна быць зручна і бяспечна. Дзякуючы ведам і навыкам працы з рознымі высокатэхналагічнымі прыладамі, такімі як датчыкі, рэле, кантролеры, ён забяспечвае аптымальную працу і кантроль сістэм, што ў сваю чаргу павялічвае эфектыўнасць і бяспеку вытворчасці. Гэту навуку пераняў ад бацькі, а той завяршыў працоўную кар’еру на пасадзе электралінейшчыка Зэльвенскага ўчастка будаўніча-мантажнага ўпраўлення №4.

А цяпер – пра прафесійнае майстэрства. Да малодшага Губара накіроўваюць для стажыроўкі маладых супрацоўнікаў. Даведалася, якое першае пажаданне ад настаўніка чарговаму вучню – выконваць правілы тэхнікі бяспекі: кожнага чакаюць дома здаровым. На думку Анатолія, у любой новай справе са знакам плюс спрацуе імкненне трывала засвоіць навуку і далей развівацца. Будзе матывацыя – чалавек можа ўсяму навучыцца, тым болей што прафесія слесара яго кваліфікацыі патрабуе ўседлівасці.

Варта дапоўніць: работнік павінен бачыць, што яму ў калектыве рады, яго шануюць. За бездакорнае выкананне службовых абавязкаў наш зямляк быў занесены на раённую Дошку гонару. Падзякі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў 2020 годзе і старшыні Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта сёлета – гэтыя ўзнагароды сведчаць аб высокіх вытворчых дасягненнях майстра сваёй справы.

Як бачым, Анатолій Губар – з кагорты тых, хто задае планку жыцця землякоў, чый давер заслужыў шчырай працай. На прыкладзе ўласным і бацькоў упэўнены: шчаслівы той, хто рэалізаваўся ў прафесіі і абавязкова ў сямейным жыцці. І сёння грэюць яму душу любімая рыбалка, выезды ўсёй сям’ёй у парк Жылібера.

Любоў ШЭЙКА
Фота Маргарыты СЕЎКА