Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Зэльвенскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навіны раёна
07.02.2023

Цікава даведацца, як на Зэльвеншчыне адраджаюцца побытавыя танцы

  Чалавек, падобна расліне: не можа жыць без сваіх каранёў. І калі мы маем на ўвазе сучаснае пакаленне, то, яно, з аднаго боку, – працяг роду, з другога – пачатак. Таму, калі цікавішся, як жылі продкі, добра разумеешь: скарбніцу народнай мудрасці і сакральных ведаў неабходна захаваць. Здавалася б, побытавы танец… Просты і не выклікае цікавасці. Аднак, паназіраўшы за прыгожымі рухамі, адчуваеш гонар за нашых землякоў і за тых прыхільнікаў фальклору, якія пажадалі знайсці сведкаў і ўмельцаў танцаў, вывучыць так любімыя ў даўніну кампазіцыі, а зараз праводзяць майстар-класы для далейшага захавання аднаго з яркага і шматграннага віда мастацтва. Лілія Кучарава, загадчыца аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці расказвае, што на Зэльвеншчыне, дарэчы як і на Гродзеншчыне і цалкам па ўсёй Беларусі, у былыя гады была шырока распаўсюджана традыцыя правядзення сумеснага адпачынку. І часцей за ўсё гэта былі вячоркі. Людзі не толькі бавілі час за рукадзеллем, але і весяліліся. Гаварылі: “Добра папрацавалі, а зараз трэба і добра адпачыць!”. Запрасіўшы музыку, хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны станавіліся ў пары і танцавалі. –  Для розных рэгіёнаў былі характэрны свае рухі і, можна сказаць, узоры танцаў,  – прадаўжае суразмоўца. –  Аднак, разам з адметнымі элементамі, пераклікаліся мелодыі, малюнкі, фігуры. Таму хацелася адшукаць менавіта сваё, зэльвенскае. Тут дарэчы будзе ўспомніць, што ідэя аднаўлення побытавых танцаў прыйшла больш за дзесяць гадоў таму. У 2008 годзе работнікі культуры рыхтавалі праграму на рэспубліканскі фестываль “Берагіня”. Задача перад намі стаяла адказная – мы павінны былі абараніць гонар не толькі Зэльвенскага раёна, але і Гродзенскай вобласці. Пасля паспяховага выступлення пачалі дапрацоўваць “Грабаўскую кадрылю”, якую вынайшлі работнікі метадычнага аддзела і культработнікі сельскай установы культуры ў вёсцы Грабава. Далей была напружаная праца над танцам “Кракавяк”, сведкаў якога адшукалі ў Дабрасельцах. Наогул, Лілія Мікалаеўна прызнаецца, што любоў да фальклору прыйшла намнога раней. Яшчэ падчас вучобы, авалодваючы спецыяльнасцю “рэжысёр народных абрадаў і святаў”, хацела як мага больш даведацца пра сваё, народнае, якое бярэ свой пачатак з даўніны. Таму розныя мерапрыемствы  ў стылі народнай творчасці  сталі штуршком для рэалізацыі мары. Трапная ідэя спадавалася і калегам, якія па асобных дэталях сабіралі ў адно цэлае танцавальныя кампазіцыі, вывучалі іх, а пасля выступалі на сцэне, нават па-за межамі раёна. Прайшоў час, і побытавыя танцы сталі своеасаблівай карткай абрадавых святаў, брэндавых мерапрыемстваў у аграгарадках – “Рамёствы, як лад жыцця” у Дзярэчыне, “Перазвон талентаў” у Караліне і інш. Калектыў культработнікаў не толькі знаёміў зэльвенцаў і гасцей раёна з аўтэнтычнымі рухамі, але і далучаў у карагод ахвотнікаў, прыхільнікаў павесяліцца. Яшчэ да эпідсітуацыі весела і цікава, а галоўнае – пазнавальна – праходзілі гулянкі пад назвай “Этна-бум”. Шмат уражанняў пакінуў фестываль “Зялёная гулянка” ў Сынкавічах, калі госці свята масава сталі ў круг і пачалі паўтараць танцы. Адзначу таксама, што вельмі добра ў гэтым напрамку працуе і дзіцячая школа мастацтваў. Юныя ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Зальвяначка” падрыхтавалі насычаную праграму, у якую ўключылі цікавыя побытавыя танцы. Ужо нават стала добрай традыцыяй, калі танцоры, будзем так гаварыць, двух пакаленняў, выступаюць разам на раённых мерапрыемствах, у сумесных майстар-класах. Зачастую акампаніруе ім народны ансамбль народных інструментаў “Калаж”. Сведкі такіх выступленняў са мной пагодзяцца: прыемна назіраць не толькі за самадзейнымі артыстамі, але і смельчакамі, якія далучаюцца да нацыянальнай самабытнасці. –  Работнікамі культуры даследавана мноства фальклорных і этнаграфічных крыніц, якія ўпаміналі пра побытавыя танцы ў той ці іншай мясцовасці,  – расказвае Лілія Кучарава. –  Выконваем іх пад час Калядак, Масленіцы, Купалля, Ганненскага кірмашу. Аднаўляем танцы, якія дапаўняліся гульнямі. Напрыклад, у “Грабаўскай кадрылі” прысутнічае некалькі гульнёвых элементаў – хустачка, кошкі-мышкі…З вялікім задавальненнем выконваем танец “Лысы”, марым дапоўніць яго мясцовымі, менавіта дзесьці з Казловіч, элементамі. Найбольш вядомыя такія кампазіцыі, як “Падыспань”, “Кракавяк” выклікаюць цікавасць у зэльвенцаў узросту так 25 з плюсам. А вось “Какетку”, “Каханачку” любіць моладзь. Спачатку гледачы ўважліва сочаць за нашымі рухамі (у нашым аддзеле склалася 5 пар), а затым з настроем падтрымліваюць нас. І я спадзяюся, што танец будзе мець прадаўжэнне. Прыхільнікі побытавых танцаў падкрэсліваюць: пакуль існуе сувязь паміж імі, старажыламі і маладым пакаленнем, будзе адраджацца і захоўвацца самабытная культура. Пошук абавязкова працягнецца, дзякуючы ўпартай і штодзённай працы незвычайныя знаходкі стануць адметнай рысай творчасці роднага краю. І прыводзяць такі прыклад: на Гомельшчыне моладзь аднавіла старадаўнія рухі і на іх дыскатэках ёсць спецыяльны блок побытавых танцаў. Ёсць шмат задумак і ў Ліліі Кучаравай, якая сцвярджае: “Я не магу быць побач з творчасцю, з фальклорам. Я павінна жыць ім. А інакш мая праца не мае сэнсу.” Людміла ПОПКА