Афіцыйны сайт
Адрас райвыканкама:
231940, г.п. Зэльва,
вул. 17 Верасня, 29
Электронная пошта:
z-yprd@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(015-64) -24135
Факс: 8-(015-64)-23024

30 студзеня 2020

Кантрактная форма найму, аплата працы бюджэтнікаў і парадак разгляду зваротаў грамадзян. Прававы прыём прайшоў у Зэльве

  Першы ў новым годзе прававы прыём прайшоў з удзелам прававога інспектара працы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў транспарту і камунікацый Дзмітрыя Бязмена, пракурора Зэльвенскага раёна Аляксандра Пяцэвіча і старшыні раённага аб'яднання прафсаюзаў Ірыны Пузач.

Пытанні, з якімі звярнуліся зельвенцы да кампетэнтных асоб, насілі разнапланавы характар: змены працоўнага заканадаўства, справаводства, дарожнае будаўніцтва, транспартны падатак і інш.

Да прыкладу, жанчыну пенсійнага ўзросту цікавілі некаторыя моманты ў сферы прымянення кантрактнай формы найму. У прыватнасці, тэрміны і форма паведамлення работніка аб спыненні працоўных адносін, а таксама ўмовы падаўжэння кантракту з пенсіянерам.

Дзмітрый Бязмен растлумачыў, што не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну дзеяння кантракта як працаўнік, так і наймальнік абавязаны пісьмова папярэдзіць адзін аднаго аб рашэнні працягнуць або спыніць працоўныя адносіны. Невыкананне наймальнікам дадзенага тэрміну для паведамлення работніка будзе з'яўляцца парушэннем парадку звальнення з працы. Што датычыць другога пытання, Дзмітрый Анатольевіч падкрэсліў, што ў змененым Працоўным кодэксе, які набыў моц 28 студзеня катэгорыя пенсіянераў ніяк не вылучаецца і не ўшчамляецца ў адносінах да больш маладых работнікаў. Ніякіх асаблівасцяў спынення тэрміну дзеяння кантрактаў для пенсіянераў Працоўны кодэкс таксама не ўтрымлівае.

Інспектар па кадрах адной з бюджэтных арганізацый раёна папрасіла растлумачыць парадак афармлення дапаўненняў і змяненняў у дзеючыя кантракты, якія неабходна ўнесці ў сувязі са зменамі Працоўнага кодэкса, новай сістэмы аплаты працы работнікаў. Па гэтым пытанні спецыялісты прытрымліваюцца адзінага меркавання - змены і дапаўненні, што ўносяцца ў кантракт, лепш за ўсё афармляць дадатковым пагадненнем. Пры гэтым, дакумент у абавязковым парадку павінен змяшчаць дату падпісання і быць узгодненым з старшынёй прафкама.

 

У рамках сваёй кампетэнцыі пракурор Аляксандр Пяцэвіч растлумачыў мужчыне, які звярнуўся да яго, парадак разгляду зваротаў грамадзян у структурныя падраздзяленні і падведамныя арганізацыі раёна, а таксама далейшыя дзеянні заяўніка пры незахаванні тэрмінаў адказу.

Падчас прыёму былі абмеркаваны і іншыя пытанні, якія не ўваходзяць у кампетэнцыю прадстаўнікоў пракуратуры і прафсаюзаў. Такія як бягучы і капітальны рамонт дарог у райцэнтры, праходжанне дзяржтэхагляду транспартнага сродку, адказнасць кіроўцы за кіраванне аўтамабілем без допуску яго да ўдзелу ў дарожным руху і інш.