Галоўная / Навiны / Навіны раёна
23.01.2023

Юныя зэльвенцы згулялi ў выратавальнiкаў

 19 студзеня Беларусь адзначала Дзень выратавальніка. Наша ўстанова не засталася без удзелу ў гэтым свяце.

Супрацоўнікі раённай службы МНС неаднаразова наведвалі дзіцячы садок вескі Вострава. Таму выхаванцы ведалі, каму прысвячаюцца гэтыя віншаванні.

Напярэдадні была арганізавана завочная экскурсія ў дэпо МНС. У ходзе якой дзеці ўпэўніліся, што выратавальнікі – гэта людзі, якія перамагаюць агонь і ваду, моцны вецер і халодны лёд, ратуючы людзей і жывёл, трапіўшых у бяду.

Трэба сказать, што выхаванцы, асабліва старшага дашкольнага ўзросту, вядуць дыскусіі, выказваюць свае версіі ў напрамку бяспекі жыццядзейнасці, дзеянняў службаў выратавання. У рамках гэтай тэмы ўсе, разам з выхавальнікам, разгадвалі крыжаванкі, завучвалі “Вогненныя” пагаворкі, падбіралі “Патрэбныя словы” у выказваннях, знаходзілі “Лішнія прадметы” на карціне, знаёміліся з сімволікай МНС, вучыліся тэлефанаваць у службу выратавання.


У святочны дзень вырашылі паказаць свае здольнасці ў гульнях-трэнінгах, гульнях-эстафетах, дзе выконвалі дзеянні па выратаванню людзей з-пад завалаў, жывёл у час пажару, тушылі пажар…

Гулялі дружна, з бадзерым настроем, дапамагалі адзін аднаму, з адказнасцю адносіліся да дасягнення агульнай мэты – выратавання трапіўшых у бяду.
На практыцы ўдзельнікі гульняў зразумелі, што будучым выратавальнікам трэба вучыцца быць: смелымі, рашучымі, уважлівымі, дысцыплінаванымі, добрымі, адказнымі, фізічна падрыхтаванымі і вынослівымі…

А супрацоўнікам службы выратавання пажадалі моцнага здароўя, поспехаў у адказнай справе.
Мы ганарымся вамі! Са святам! З Днём выратавальніка!

Выхавальнік С.А.Панасік