Распачынаючы святую імшу, пробашч касцёла Святой Тройцы г.п. Зэльва ксёндз Яцек Маркель запрасіў парафіян да шчырай і сардэчнай малітвы, праз якую неабходна праслаўляць Бога.
Разважаючы над урыўкам з Евангелля, святар працягнуў гэтую думку і адзначыў, што ў любым выпадку неабходна заставацца самім сабой, верыць у падтрымку і дапамогу Збаўцы:
– Каб адчыніць душу і сэрца насустрач Богу, неабходна, у першую чаргу, жадаць быць духоўна багатымі. І ў гэтым можа дапамагчы толькі малітва, малітва індывідуальная і супольная. З яе павінна пачынацца кожная раніца, прадаўжацца дзень і завяршацца вечар у жыцці веруючага чалавека. У ёй павінна гучаць словы славы святога імя Езуса Хрыста. Праз разуменне слова Божага мы можам быць і сэрцам, і думкамі бліжэй да Збаўцы.
Пасля нядзельнай імшы святар зачытаў спецыяльную малітву і паблагаславіў усіх, хто адпраўляецца ў дарогу і садзіцца на любы транспартны сродак. Параіўшы вадзіцелям кожны раз перад дарогай рабіць знак крыжа і адгаворваць кароткую малітву, ксёндз Яцэк асвяціў аўтамабілі і веласіпеды, размешчаныя на прыкасцельнай пляцоўцы.
Людміла ПОПКА