03.11.2022

У Зэльве прайшла прэзентацыя пасмяротнай кнігі Юркі Голуба “Дыханне трыснягоў”

 “Не гаварыце пра чалавека, што я яго любіў – толькі люблю, бо няма ў Бога мёртвых. Мы ўсе для яго жывыя”, – сказаў, асвячаючы помнік Юрку Голубу на горненскіх могілках айцец Георгій Субаткоўскі. Адбылося асвячэнне ў дні святкавання 75-гадовага юбілею нашага знакамітага паэта.

А ў школе мастацтваў у гэты час адбывалася прэзентацыя пасмяротнай кнігі Юркі Голуба “Дыханне трыснягоў”. Кнігу, настолькі шыкоўную, што гаварыць пра яе можна толькі ўзнёсла. Яе рыхтаваў да выдання сам Юрый Уладзіміравіч. На жаль, у яго не атрымалася. Атрымалася ў яго наступнікаў, якія далі слова гонару адышоўшаму ў іншы свет паэту, што абавязкова здзейсняць яго мару.

Цудоўная кніга! На яе 558-мі старонках сабрана не толькі лепшае з 10-ці паэтычных зборнікаў для дарослых і двух дзіцячых, але і празаічная спадчына. Арганізавалі свята работнікі Зэльвенскай раённай бібліятэкі і члены літаратурнага клуба “Малюся Слову” пры дзённым аддзяленні цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

На прэзентацыю найбольш поўнага выдання літаратурнай спадчыны Юркі Голуба запрасілі яго верную спадарожніцу Кацярыну Пятроўну. Яе шчыра віталі і дарослыя ўдзельнікі свята, і старшакласнікі гімназіі на чале з настаўніцай роднай мовы і літаратуры М.М.Урбановіч.

Імпрэзу вельмі хораша вялі Вольга Камякевіч і Аксана Шышлоўская, а медыяэкранам кіравала Таццяна Касперчык. (Дарэчы, усе здымкі для паказу бралі з прэзентуемай кнігі). Пачалі знаёмства з кнігай з біяграфіі паэта. І зноў жа: для гэтага не трэба было звяртацца да Вікіпедыі, бо ў “Дыханні трыснягоў” шмат аўтабіяграфічных звестак.

Вельмі акуратны ва ўсіх адносінах чалавек, Юрый Уладзіміравіч захаваў шмат дакументаў, якія дазволілі называць вельмі дакладныя звесткі пра розныя падзеі яго жыцця. Дык вось, першая замалёўка селькора Юркі Голуба была надрукавана ў раённай газеце “Праца” 18 лютага 1961 года. Чым не дата пачатку яго справы жыцця?! – Роўна 61 год назад!

Шмат цікавага – а для сённяшніх школьнікаў і дзіўнага – фіксаваў у сваіх допісах юны карэспандэнт. Напрыклад, паведамляе, як камсамольцы Зэльвенскай сярэдняй школы распаўсюджваюць сярод насельніцтва мастацкую і палітычную літаратуру. Сярод тых, хто найбольш пастараўся, было і імя яго аднакласніцы Леры Юрчук. Сённяшняя Лера – Валерыя Уладзіміраўна Селівёрстава – дапоўніла вядучых сваiмі ўспамінамі пра Юру-школьніка: “Ён прыйшоў да нас у 5-м класе, калі закончыў Горненскую пачатковую школу. Быў такім жа, як мы, звычайным хлопчыкам. І пра яго паэтычныя здольнасці мы даведаліся выпадкова. Да нас прыехалі гродзенскія пісьменнікі Данута Бічэль і Аляксей Карпюк. Пасля свайго выступлення запрасілі на сцэну тых, хто пачынае пісаць. І вось тут пад здзіўленыя погляды школьнікаў на сцэну выйшаў Юра і прачытаў свой верш. Пра першыя мукі кахання, вядома. Пасля гэтага вечара мы сталі глядзець на хлопца іншымі вачыма. А мне давялося стаць памочніцай. Якім чынам? – Па просьбе Юрыя я шукала рыфмы да слоў, якія ён мне рыхтаваў”.

У Валерыі Уладзіміраўны захавалася некалькі школьных здымкаў, якія выклікалі цікавасць у прысутных, асабліва ў Кацярыны Пятроўны. Аповед пра Юру-школьніка працягнуў былы настаўнік фізічнай культуры Л.П.Ган: “Юра быў спартыўным. Аднойчы вельмі добра выступіў у ролі варатара. Ад фізкультуры ніколі не адлыньваў, быў загартаваным хлопцам. Часта я даваў яму на выхадныя лыжы, і ён трэніраваўся на сваіх горненскіх узгорках”. Леанід Пятровіч таксама адшукаў у сваім архіве фотаздымак 60-х гадоў.

Пасля школы юнак адразу стаў студэнтам філфака БДУ. І там сярод такіх жа таленавітых хлапцоў і дзяўчат не згубіўся, не растварыўся ў агульнай масе. Наадварот, яго заўважылі і студэнты, і выкладчыкі. Студэнты выбралі сакратаром літаратурнага аб’яднання, а выкладчыкі раілі сабіраць лепшыя творы для персанальнага зборніка. Не раз прапаноўвалі даслаць вершы ў рэспубліканскія часопісы, потым – ва ўсесаюзныя, а то і перакладамі з іншых моў падштурхоўвалі заняцца. Асабліва выдзяляла Юру выкладчыца замежнай мовы. І ён вымушаны быў перакладаць французскіх паэтаў, хоць у школе і не вучыў гэтай мовы.

І намаганні старэйшых паэтаў дарам не прапалі: у 1969 годзе выйшаў першы зборнік паэта Юркі Голуба. Рэцэнзію на яго напісаў А.С.Вялюгін – Адмірал, як называлі яго між сабой студэнты. Адмірал і гожую назву зборніку даў: “Гром на зялёнае голле”. Так што ў Гродна пасля заканчэння БДУ Юрый Уладзіміравіч прыехаў ужо прызнаным паэтам. 25 гадоў адпрацаваў на абласным тэлебачанні. А калі Гродна пакінуў Васіль Быкаў, пачаў сумяшчаць тэлевізійныя абавязкі з працай літкансультанта ў “Гродзенскай праўдзе”. Дзіву даешся, як удавалася яму столькі каштоўнага зрабіць для творчай інтэлігенцыі вобласці! Адзін за адным выходзяць калектыўныя зборнікі “Галасы”, якія змяшчаюць паэтычныя, празаічныя і крытычныя творы гродзенцаў. На тэлестудыі выступаюць артысты, мастакі, майстры прыкладнога мастацтва…

Да гэтай пары памятае Станіслава Прызван, як выступала яна на абласной тэлестудыі, як хваляваўся за зямлячку Юрый Уладзіміравіч. А былая студэнтка Гродзенскага універсітэта Таццяна Лісіцына (Мананнікава) не стрымлівала хвалявання, згадваючы свае стасункі з Юрыем Уладзіміравічам: “Ён быў для нас старэйшым братам, апекуном, дарадцам, настаўнікам у адной асобе. І вельмі добрым, спагадлівым. Заўсёды здзіўляла нас яго прастата ў абыходзе і глыбіннасць, філасафічнасць яго паэзіі. Такое вось спалучэнне будзённасці і ўзвышанасці. Я была і на сустрэчы з нагоды 70-гадовага юбілею Юрыя Уладзіміравіча. Нават не думалася, што наступны юбілей будзем сустракаць без яго”.

Таццяна Міхайлаўна пазнаёміла прысутных з вершам-прысвячэннем памяці паэта. Вядучыя, бібліятэкары і члены клуба “Малюся слову” не забывалі знаёміць аматараў паэзіі Голуба з вершамі, змешчанымі ў зборніках “Дрэва навальніцы”, “Векапомнае поле”, “Помню пра цябе”, “Сын небасхілу” і інш., бо ні пра адзін зборнік не забылі выдаўцы “Дыхання трыснягоў”. Пра некаторыя зборнікі гаварылі больш за іншыя. Напрыклад, пра “Зажураны камень”. Ён цалкам складзены з трыялетаў. Гэтае французскае вынаходніцтва (не прапалі дарэмна студэнцкія пераклады французскіх паэтаў!) на беларускай ніве хіба ўпершыню выпрабоўваў любімы Голубам Максім Багдановіч. Згадалі, што зборнік трыялетаў прэзентаваўся ў роднай школе Голуба неўзабаве пасля яго публікацыі ў 2002-м годзе. Тады трыялеты чыталі дзеці, а сёлета – дарослыя.

Напэўна, зэльвенцы не раз задаваліся пытаннем: чаму са шматлікіх адораных студэнтаў менавіта Голуба выдзялялі сярод іншых Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Алег Лойка? Магчыма, вось гэты запіс у дзённіку дапаможа знайсці адказ. “Алесь! Я цябе люблю! Лабаціна ты! Ты ўчора казаў, што падрабіўся пад Голуба. Дзівачок! Голуб пад цябе падрабіўся…” – так пісаў Юрка Голуб пра Алеся Разанава. Вось, напэўна, гэтыя яго чалавечыя якасці незласлівасці, спагадлівасці, незайздроснасці і прыцягвалі іншых, бо ўсё гэта так ці інакш “прабіваецца” ў творах. Вось і з’яўляліся пераклады паэта-зэльвенца не толькі ў Расіі, але і ў Грузіі, Германіі… (Дарэчы, перакладаў і сам Юрка Голуб. З тых твораў, што змешчаны ў прэзентуемай кнізе, удзельнікі імпрэзы пачулі на беларускай мове грузіна Нікалаза Бараташвілі).

Ёсць у кнізе і вершы для дзяцей. У свой час выйшлі два невялікія дзіцячыя зборнікі паэта “У бары грыбы бяры” і “Птушыны радавод”. Апошні выйшаў у 2016 годзе дзякуючы садзейнічанню даўняга сябра Юрыя Уладзіміравіча – таксама шырока вядомага за межамі рэспублікі паэта-земляка Ула- дзіміра Мазго. Тады Уладзімір Мінавіч адрэдагаваў кнігу і знайшоў проста выдатнага мастака для кнігі – Валянціна Макаранку, і той да кожнага чатырохрадкоўя прапанаваў проста цудоўныя малюнкі.

Не абышлося на імпрэзе без інтрыгі, бо яе стварыў сам Юрый у пісьме да сябра Рыгора Семаш- кевіча. 22 лютага 1972 года ён пісаў: “Аперацыя “Тайфун” праводзіцца ў строгім сакрэце… пра “Тайфун” чутак ніякіх не распускаць!”. “Чаму і што прасіў трымаць у сакрэце 24-гадовы Юра Голуб?” – спыталі вядучыя ў жонкі паэта. Кацярына Пятроўна ўсміхнулася і сказала: “Пра тое, што наша вяселле Юра трымаў у сакрэце ад мінчукоў, я даведалася толькі месяц таму, калі прачытала кнігу. Думаю, што Юра хацеў адзначыць гэту падзею сціпла, без лішніх людзей. А атрымалася, што гасцей было так шмат, што ўсе ледзь змясціліся ў вялікай зале былога Дома культуры па вуліцы Пушкіна”.

Словы Кацярыны Пятроўны пацвердзіла Алена Кароза, якая была на вяселлі дружкай: “Моладзі было вельмі шмат, танцавалі да ўпаду. Пасля вяселля ў Зэльве жартавалі, выпраўляючы сяброў у загс: “Другую пару туфляў купіў?”. На Голубавым вяселлі, сапраўды, многія стапталі свой абутак”. Алена Кароза ўпляла ў паэтычны вянок памяці Ю.Голуба свой верш.

Кацярына Пятроўна і Юрый Уладзіміравіч пражылі ў шлюбе 48 гадоў, выгадавалі сына Аляксандра і дачку Ксенію. “Ён быў добрым мужам, бацькам і дзядулем, – дзялілася ўспамінамі жонка паэта. – Калі трэба было дачцэ ісці на працу, ахвотна гуляў з яе дзеткамі, нашымі ўнукамі Цімохам і Златай. І дзеці не забываюць бацьку. Толькі дзякуючы іх фінансавай падтрымцы я змагла ўсталяваць помнік на магіле мужа і даць грошы на выданне гэтага шыкоўнага тома, пра які сягоння гаворым”. (Дарэчы, надпіс на помніку вельмі лаканічна-прыгожы: “Беларускі паэт Юрка Голуб” і яго аўтограф”).

Кацярына Пятроўна прывезла з сабой шмат экземпляраў новай кнігі. Практычна ўсе жадаючыя змаглі яе атрымаць. “Адзінае, што прашу, – казала яна, – чытайце кнігу. Калі яна будзе для вас экспанатам у кніжнай шафе, не бярыце”. Было б кашчунствам такую раскошную кнігу паставіць у шафу і забыць пра яе. Як і забыць чалавека, што так любіў родныя ўзгоркі Зэльвеншчыны і так шмат зрабіў для ўслаўлення радзімы.

Яніна ШМАТКО