У Год гістарычнай памяці ў Беларусі стартаваў сумесны гісторыка-культурны праект “Бацькаўшчына” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пачатак праекту надало выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фотаздымкі канца XIX – пачатку XX стагоддзяў з асабістай калекцыі аўтара.
“Гродзенская праўда” падтрымала праект і, пачынаючы з 14-га нумара газеты, адкрыла цыкл фотапублікацый, прысвечаных гістарычнай спадчыне гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і вёсак Гродзеншчыны.
Дарэчы, калекцыя Уладзіміра Ліхадзедава налічвае каля 50 тысяч экзэмпляраў. Многія ўнікальныя паштоўкі і фотаздымкі ўвайшлі ў кнігі-фотаальбомы аўтара, сярод якіх ёсць выданні, прысвечаныя гісторыі Гродна, Навагрудка, Ліды, Свіслачы, Слоніма, Смаргоні, Ашмян. У гэтым годзе плануецца, што пры падтрымцы Гродзенскага
аблвыканкама ўбачаць свет яшчэ тры фотаальбомы пра Ваўкавыскі, Іўеўскі і Карэліцкі раёны.
Праект, безумоўна, унікальны і ставіць вельмі важную і актуальную задачу – вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гістарычнай спадчыны беларускага народа. Ён складаў аснову XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-ярмаркі, якая праходзіла 23-27 сакавіка.
Дом-музей Адама Міцкевіча ў Наваградку
![дом мицкевича новогрудок.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/0c7/0c75bba7164d161fc07417652bf573fd.jpg)
Дом-музей Адама Міцкевіча ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод экспанатаў асабістыя рэчы Адама Міцкевіча, прадметы, звязаныя з яго творчасцю і асяроддзем. Дарэчы, шляхецкая сядзіба пачатку XIX стагоддзя: дом, флігель, клець, калодзеж, альтанка – былі адноўлены. У 2018–2019 гадах быў праведзены капітальны рамонт даху будынкаў.
![дом мицкевича новый.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/7ce/7ce13918ba1addce72c36da3c265dbca.jpg)
Касцёл Святой Троіцы ў Гервятах
![костел в гервятах.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/58f/58f7ba09f4c33bde746dd3c75b93e5da.jpg)
Касцёл у неагатычным стылі быў пабудаваны ў мястэчку Гервяты ў 1899–1903 гадах. Гэта адзін з самых высокіх храмаў Беларусі: яго вышыня 64 метра. Як аказалася, месца для збудавання храма было абрана не самае ўдалае: грунтовыя воды ўвесь час размывалі яго падмурак. Каб выправіць сітуацыю, будаўнікам прыйшлося павярнуць рэчышча мясцовай ракі Лошы. З цягам часу каля храма размясціўся экзатычны дэндрарый, дзе высаджана больш за дзве тысячы раслін. Цікава, што з моманту асвячэння Троіцкі касцёл ні разу не зачыняў сваіх дзвярэй для вернікаў.
![Гервяты новые.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/ad5/ad57200382f35ab4969db76cb8bad6ce.jpg)
Касцёл Святога Казіміра ў Ліпнішках
![храм Святого Казимира в Липнишках Ивьевский рйон.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/86b/86bfc0755f8d2e35596c2dee400ca038.jpg)
Каталіцкая парафія і драўляны касцёл з'явіліся ў Ліпнішках у 1510 годзе. Будынак, канешне, не захаваўся. У 1900 годзе ў вёсцы пачалося будаўніцтва новага мураванага храма. Ён узводзіўся на сродкі ўладальніка Ліпнішак Аляксандра Вольскага, хаця грошы збіралі таксама і прыхаджане. Архітэктурны праект распрацоўвалі спецыялісты з Францыі. Працавалі на будаўніцтве запрошаныя палякі і мясцовыя жыхары. Храм быў пабудаваны ў 1910 годзе, але дадатковыя працы праводзіліся аж да 1927 года, пасля чаго касцёл асвяцілі.
![храм в Липнишках новый.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/62b/62b3a389f6e28e687634bdd6ba27c09a.jpg)
Чыгуначная станцыя Гудагай
![станция Гудогай.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/62e/62ea2e3c8bc08bd2579a79cb5c2cd79c.jpg)
Па розных звестках, чыгуначная станцыя Гудагай у Астравецкім раёне існавала ўжо ў 1880 годзе. У 2010 годзе чыгуначны вакзал у Гудагаі капітальна адрамантавалі. З'явіліся прыгарадныя касы і зала для тых, хто выязджае за мяжу. Рамонтнікі пастараліся захаваць знешні выгляд і нават колер першага Гудагайскага вакзала. Станцыя не толькі абнавілася і папрыгажэла, але і разраслася: побач з вакзалам пабудавалі новыя будынкі для памежнікаў і мытнікаў.
![Гудогай новый.jpg](https://grodnonews.by/upload/medialibrary/3c1/3c1cc6079f2f3aa1719e55ce634c602c.jpg)
Гродненская правда