Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
11.09.2023

Паэт Заходняй Беларусі. Як гісторыя «Гродзенскай праўды» звязана з лёсам паэта-падпольшчыка, барацьбіта з белапольскай акупацыяй Міхася Васілька

 Міхась Васілёк у пасляваенны час больш за дзесяць гадоў працаваў у «ГП» і друкаваў свае вершы.
Гісторыя “Гродзенскай праўды”, якая вядзе свой адлік з кастрычніка 1939 года, звязана ў тым ліку і з удзельнікамі нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. У 1939–1940 гадах Сяргей Прытыцкі, які ў той час быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі абласной газеты.  

У пасляваенны час больш за дзесяць гадоў працаваў у “ГП” і друкаваў свае вершы Міхась Васілёк (творчы псеўданім Міхаіла Касцевіча). Стэнд “Паэт-падпольшчык” у рэдакцыйным музеі прысвечаны гэтаму чалавеку з гераічнай біяграфіяй. 

Мужнае  пяро

Міхаіл Касцевіч, які вядомы як паэт Міхась Васілёк, нарадзіўся ў вёсцы Баброўня недалёка ад Скідзеля ў сям'і лесніка. З надыходам імперыялістычнай вайны сям'я Касцевічаў выязджае ў бежанства ў Казанскую губерню, дзе будучы паэт атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1922 годзе сямнаццацігадовы юнак вяртаецца на радзіму. Тут ён не толькі бярэцца за пяро, але і ўступае ў Беларускую сялянска-рабочую грамаду, арганізоўвае гурткі Таварыства беларускай школы. За ўдзел у нацыянальным руху польскія ўлады неаднаразова арыштоўвалі яго і саджалі ў турму. Але гэта не зламала паэта-самародка. 

Чым крывавіцца ад болю – 
Лепш у песні дагарэць.
Дагарэць агнём-пажарам
За народ гаротны свой, 
Падпаліць над краем хмары, 
Сэрца – полымем-зарой!

Гэтыя радкі з верша “Не заўсёды…”, які напісаны Васільком у 1927 годзе, смела можна лічыць настроем паэта і адлюстраваннем яго грамадзянскай пазіцыі. Дарэчы, спачатку ён не меў друкаванай трыбуны і яго творы разыходзіліся ў рукапісах. Пасля пачынае друкавацца ў часопісе “Маланка”, які выдаваўся ў Вільні і выступаў у абарону нацыянальных інтарэсаў народа Заходняй Беларусі. Першы друкаваны зборнік Васілька “Шум баравы” выходзіць у 1929 годзе. А вось лёс другога зборніка, які падрыхтаваны да друку, больш трагічны – ён канфіскаваны і знішчаны дэфензівай. Толькі ў 1937 годзе выходзіць яго наступны зборнік “З сялянскіх ніў”. Дарэчы, ксеракопія старонак гэтага выдання ёсць у музеі “ГП”. Вершы ў ім простыя, па-сялянску ўдумлівыя, але ў той жа час у іх адчуваюцца ўся глыбіня народнага духу, вера ў светлую будучыню. 

2_6.jpg

“Міхась Васілёк – першы паэт былой Заходняй Беларусі, які выказаў думкі і пачуцці прыгнечанага народа, што знаходзіўся пад белапольскай акупацыяй”, – такое меркаванне належыць нязломнаму вязню давераснёўскіх (1939 года) турмаў, аўтару рамана пра змагарны лёс Заходняй Беларусі “Сустрэнемся на барыкадах” Піліпу Пестраку. 

Тое, што паэтычнае слова Васілька імкнулася дыхаць свабодным паветрам на поўныя грудзі, не раз пасля адзначалі даследчыкі яго творчасці. 

Я ўсяго – васілёк, 
Лёс, відаць, ненарок
Мяне кінуў на сумнае поле.
Мяне сонца пячэ, 
Дождж асенні сячэ
І пяскамі вятры засыпаюць.
Але верыцца мне,
Што няволя міне,
Прыйдзе шчасця пара залатая!

За свабоду і шчасце роднай зямлі паэт працягвае барацьбу і ў гады фашысцкай акупацыі. З пачаткам вайны Польшчы з Германіяй ён быў прызваны ў польскае войска, з яго разгромам трапіў у нямецкі палон, але збег з лагера і вярнуўся на радзіму. Тут ён адразу ўключыўся ў барацьбу з фашыстамі. Працаваў у падполлі, быў разведчыкам партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола, затым узначаліў Скідзельскі антыфашысцкі камітэт. Пад псеўданімам Язэп Гром удзельнічаў у партызанскім друку. 

У памяці  землякоў

Пасля вызвалення роднай зямлі ад фашыстаў Васілёк працаваў у скідзельскай раённай газеце «Чырвоны сцяг», у 1945 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР. З 1948 года – у абласной газеце «Гродзенская праўда». Як літкансультант у рэдакцыі дае парады маладым творцам, а таксама прымае актыўны ўдзел у літаратурным жыцці горада на Нёмане, піша вершы, ездзіць па Гродзеншчыне і выступае са сваімі творамі.

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны журналіст Анна Лебедзева, якая прыйшла  ў рэдакцыю ў адзін год  з Васільком,  пазней успамінала яго  як добрай душы чалавека.  Ён па-бацькоўску  расціў  моладзь, якая толькі пачынала творчае жыццё, сам пісаў і друкаваў свае творы.

Калі ў 2005 годзе шырока адзначалася стагоддзе з дня нараджэння Міхася Васілька, абласная газета, дзе ён у свой час працаваў, не магла заставацца ў баку. Быў арганізаваны конкурс на лепшы мастацкі твор пра паэта і змагара, друкаваліся яго творы і ўспаміны пра жыццёвы і творчы шлях. У той час у вёсцы Баброўня яшчэ жылі людзі, якім пашчасціла мець зносіны са сваім знакамітым аднавяскоўцам. Яны і падзяліліся ўспамінамі з журналістамі “ГП”.

IMG_1453.jpeg

Міхаіл Курыла, якому на той час споўнілася 78 гадоў, успамінаў, што родная вёска Васілька была невялічкай – усяго 17 хатаў. Сяляне мелі маленькія зямельныя надзелы і таму жылі ў бядноце. Выручалі дары прыроды: грыбы і ягады, а таксама рамяство па вытворчасці вазоў, саняў і іншых гаспадарчых рэчаў. 

Міхась з маленства быў хлопец знаходлівы. Быў вельмі таварыскім з усімі – малымі і дарослымі. Пісаць вершы пачаў у дзіцячыя гады, і іх вельмі любілі слухаць вяскоўцы. 

Суразмоўца па ўспамінах аднавяскоўцаў ведаў, что бібліятэка Таварыства беларускай школы размяшчалася ў доме Якава Сеўрука ў Скідзелі, а яе стваральнік Пётр Сяўрук кіраваў гуртком. Васілёк карыстаўся кніжным фондам бібліятэкі, захапляўся творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, рускіх літаратурных волатаў Пушкіна і Лермантава і іншых. Цікавасць праяўляў да сатырычнага часопіса “Маланка”, з якім пасля супрацоўнічаў. І яшчэ меў вялікую цікавасць да народнай творчасці. 

Міхаіл Курыла выказаў думку, што да творчасці самаго Міхася падштурхнулі абставіны, у якіх жылі беларусы ў той час у панскай Польшчы. Ён не мог мірыцца са здзекамі, гвалтам і прыгнётам, якія тварыліся ў адносінах да беларусаў: існавала забарона на родную мову, культуру і адукацыю. Васілёк у сваіх вершах абураўся і пратэставаў, за што аказаўся за турэмнымі кратамі. 

Як сардэчнага, шчырага чалавека ўспамінаюць паэта аднавяскоўцы, калі ён жыў у Баброўні ў пасляваенны час. Калі ж таварышы па пяру ўгаварылі яго пераехаць на працу ў абласны цэнтр, ён не парываў сувязяў з роднымі мясцінамі, часта наведваўся, як быццам набіраўся тут сіл для творчасці. Аб гэтым сведчаць старонкі фотаальбома стрыечнай сястры паэта Галіны Самойлы, якія яе нашчадкі (вялікі ім дзякуй) перадалі ў музей “ГП”. Саматканы гальштук, які любіў насіць паэт, чайнічак, з якога яго частавалі чаем падчас прыезду да радні,  і іншыя экспанаты як напамін пра простага сялянскага юнака, які свой талент і ўсё сваё жыццё прысвяціў роднаму краю і свайму народу.

IMG_1452.jpeg 

Анна Ленская