Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
24.01.2023

У вёсцы Зінякі Шчучынскага раёна адбыўся жалобны мітынг у памяць мірных жыхароў, забітых падчас вайны

 Падчас Вялікай Айчыннай вайны 419 жыхароў Зінякоў былі забіты.
Трагедыя, што разыгралася 22 студзеня 1944 года ў вёсцы Зінякі, і праз дзесяцігоддзі балюча апякае нашы сэрцы. Сёння раніцай да мемарыяльнага комплексу ў памяць загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны мірных жыхароў, якіх зажыва спалілі фашысты за сувязь з партызанамі, прыйшлі і прыехалі ў адроджаную лясную вёсачку прадстаўнікі ўсіх пакаленняў – кіраўнікі раённай улады, актывісты грамадскіх арганізацый, вайскоўцы, мясцовыя жыхары, а яшчэ гродзенцы і шчучынцы, для якіх Зінякі – малая радзіма, а ў брацкіх магілах спачываюць іх продкі і  сваякі…

Асабліва шмат было моладзі. Да астрынскіх школьнікаў далучыліся ўдзельнікі рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Зімовы маршрут” – студэнты гродзенскіх універсітэтаў і, канешне, шчучынскія лідары БРСМ, паведамляе "Дзянніца".

img_2000_2.jpg
img_1986_2.jpg

Нібы з клубоў дыму паўстае насустрач людской ручаіне велічная скульптура гаротнай маці з дзіцяткам на руках. У свядомасці не ўкладваецца, што 79 год назад усе тутэйшыя хаты разам з іх гаспадарамі фашысты ператварылі ў попел, не шкадуючы ні дзяцей-немаўлят, ні жанчын, ні старых. Усяго некалькім зінякоўцам тады цудам удалося ўцалець. Аб гэтым вельмі эмацыянальна і кранаюча расказваюць вядучыя Станіслаў Сімановіч і Марына Мадаян. Гучыць Дзяржаўны Гімн краіны як гімн жыццю. Слова бярэ старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк:

-  Наш святы абавязак перад пакаленнем пераможцаў – захаваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, зрабіць усё неабходнае, каб зберагчы мір на Зямлі.

img_1993_1.jpg
img_1981_4.jpg

Ганна Станіславаўна нагадала, што па даручэнні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь у красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па фактах генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай і ў пасляваенны перыяд. У ходзе расследавання дапрошана больш за 15 тысяч сведкаў. На сённяшні дзень дакладна вядома, што ў ваеннае ліхалецце нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі больш за 10500 населеных пунктаў Беларусі, з іх 1143 – раней невядомыя. 35 вёсак так і не адрадзіліся з попелу – назаўжды сцёрты з твару зямлі. Вёска Зінякі стала сястрой Хатыні. 419 зінякоўцаў і 65 жыхароў наваколля сталі ахвярамі нацыстаў.

- Я тут упершыню, але ўсім сэрцам адчула значнасць гэтай мясціны, -- гаворыць старшыня студэнцкага патрыятычнага атрада “Азімыя” Таццяна Астапук. – Менавіта гродзенскія студэнты былі ініцыятарамі таго, каб у рамках праекта “Лічбавая зорка” аснасціць шыльдамі з QR-кодам усе памятныя мясціны Прынёманскага краю. Добра, што такая інфармацыйная шыльдачка ўстаноўлена і ў Зіняках. Цяпер кожны, нават без экскурсавода, зможа даведацца, што канкрэтна адбывалася ў гэтых мясцінах. Без павагі да мінулага немагчыма будаваць будучае.

Аб тым, як важна цаніць мір і згоду паміж людзьмі, выхоўваць патрыятызм і гонар за сваю краіну пранікнёна гаварыла старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч. А мясцовы жыхар Уладзімір Хох выказаў словы ўдзячнасці ў адрас Наталлі Іванаўны за тое, што ў гэтым святым для ўсіх зінякоўцаў месцы  заўжды падтрымліваецца ўзорны парадак: і ў прамым, і ў пераносным сэнсе сюды ніколі не зарастае сцяжына.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць землякоў хвілінай маўчання, усклалі да падножжа помніка вянкі і жывыя кветкі, запалілі лампадкі памяці. Нішто не забыта - ніхто не забыты. Давайце ж цаніць цішыню міру, святло яснага неба, пах свежага хлеба, усмешкі родных людзей і беражліва захоўваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне.

img_2050_1.jpg
img_2052_1.jpg
img_2083_5.jpg
img_2101_3.jpg

dzyannica.by