Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
26.10.2021

За што губернатары могуць пазбавіцца пасад. Лукашэнка паставіў жорсткія задачы па сельгасработах

 

26 кастрычніка, Ліда /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не расслабляцца ў пытанні аператыўнага правядзення асенніх палявых работ. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час рабочай паездкі ў горад Ліда Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт у першую чаргу пацікавіўся, як ідуць справы з сельгасработамі. У гэтым плане ён выказаў шэраг нараканняў і паставіў дакладныя задачы: у кароткія і аптымальныя тэрміны выканаць шэраг работ. Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку адзначыў недахопы, якія назіраў з борта верталёта па дарозе ў Ліду.

Першае, на чым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, - гэта ўборка кукурузы. Ён адзначыў, што асабліва пасля замаразкаў ужо няма сэнсу ўбіраць гэту культуру на сілас. "Сёння трэба астатнюю кукурузу ўбіраць на зерне. Але гэта ж трэба ўбіраць. Не трэба чакаць, што да канца лістапада будзе стаяць надвор'е. Застаўся адзін тыдзень пагодлівых дзён. Усё астатняе - выпадзе снег і не зможаце ўбраць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён папярэдзіў віцэ-прэм'ера Аляксандра Субоціна, які адказвае за сельскую гаспадарку: "Барані гасподзь, хоць недзе ў краіне пойдзе пад снег кукуруза, якую мы пакінулі на зерне. Я ведаю, што гавару, - 11-я гадзіна - я не ўбачыў (з верталёта. - Заўвага БЕЛТА) ніводнага камбайна ў полі, які ўбіраў бы кукурузу. Няхай камбайн для ўборкі кукурузы, але я не ўбачыў ніводнага трактара, які араў бы, пад зябліва паднімаў глебу".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на розны ўзровень гаспадарання на зямлі ў Мінскай і Гродзенскай абласцях: "Я не першы год Прэзідэнт, я гэту зямлю патаптаў дай бог. Як толькі граніцу перасеклі Мінскай і Гродзенскай абласцей, як у іншую дзяржаву прыехалі".

"Задача: калі на працягу тыдня ў буйных гаспадарках на ўзворванні зябліва не будзе два трактары, а ў сярэдняй, малой - адзін трактар (перш за ўсё энерганасычаны), працаваць не будзе ніхто. Расслабіліся, далей няма куды! - даручыў Прэзідэнт. - Дзе энерганасычаныя трактары? Мы ж тысячы энерганасычаных трактароў паставілі ў гэтым і мінулым гадах. Чым яны цяпер займаюцца?"

Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на шэраг іншых канкрэтных недахопаў у правядзенні сельгасработ, даўшы наконт гэтага дакладныя даручэнні.

"Мы застылі, мы супакоіліся. А вясной колькі будзе работы! Мы ж не паспеем! - акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. - Таму пад'ём зябліва, уборка кукурузы на зерне! Неадкладна. З раніцы да ночы. Не трэба чакаць, што кукуруза высахне, - трапім пад снег".

"Гэта нецярпіма! Ні адзін губернатар не будзе працаваць, калі ў гэтым годзе зябліва не будзе паднята", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама засяродзіў увагу на пытаннях выканальніцкай дысцыпліны, работы з кадрамі. І важная роля тут адводзіцца памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па абласцях.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на сельгасработы ў Мінскай вобласці: "Мінскай вобласці перадай (звяртаючыся да Аляксандра Субоціна. - Заўвага БЕЛТА), і гэта яны пачуюць: калі яны сёння не выканаюць тое, што я сказаў... Там, дарэчы, цэлы Косінец адказны, там Ісачанка адказны (а гэта два былыя губернатары). І трэці - дзеючы губернатар - Турчын. Перадай Генрыхавічу, няхай утрох садзяцца. Таму што лепш няхай сядуць утрох і вызначацца, што трэба рабіць у адпаведнасці з маімі ўказаннямі, чым потым стаяць перада мной і нешта тлумачыць. Мне тут не эканоміка патрэбна ўжо, а арганізацыя. І няхай пачынаюць працаваць. Мінская вобласць - гэта паўкраіны. І ўсе мне расказваюць, як яны будуць працаваць у Крупках ці іншых раёнах. Не трэба мне гэта расказваць, я ведаю. Трэба арганізаваць справу, каб гудзела і шумела цяпер у палях, таму што застанёмся без хлеба (у наступныя гады. - Заўвага БЕЛТА)".

Што датычыцца канкрэтна Гродзенскай вобласці, Прэзідэнт абазначыў у якасці стратэгічнай задачы меліярацыйныя работы, каб у перспектыве не страціць частку з выкарыстоўваемых цяпер урадлівых сельгасзямель. "Гэта трэба выратаваць", - сказаў ён.

БЕЛТА